Якуб Колас

Сымон-музыка

Беларускай моладзі

сваю паэму прысвячаю.

Аўтар
Ад роднае зямлі, ад гоману бароў,
        Ад казак вечароў,
        Ад песень дудароў,
Ад светлых воблікаў закінутых дзяцей,
        Ад шолаху начэй,
        Ад тысячы ніцей,
З якіх аснована і выткана жыццё
I злучана быццё і небыццё, —
Збіраўся скарб, струменіўся няспынна,
Вясёлкавым ірдзеннем мне спяваў,
        І выхаду шукаў
        Адбітак родных з’яў
У словах-вобразах, у песнях вольнаплынных.
I гэты скарб, пазычаны, адбіты,
        У сэрцы перажыты.
        І росамі абмыты
Дзянніц маіх, дзянніц маіх мінулых,
Для вас, душою чулых,
        Як доўг, як дар,
        Дае пясняр.

Частка першая

I

На галіне
Пры даліне
Ліст на дрэве марна гіне:
Ліст зялёны, ды ўмірае.
Ліпа, матухна старая,
Ой, сыночка свайго скіне!
        Ён пахілы,
        Ён нямілы,
У сям’і не мае сілы:
Тым нялюбы, што адметны,
І браты з ім непрыветны —
Мусіць, лёс такі пастылы.
        Пад каронай —
        Парасонам
Ліпы пышнай і зялёнай —
Адзінокі колас жыта
Рос замкнёна і забыта,
Адарваны ад загона.
        — Мілы браце!
        Ў чужой хаце
        Не нажыць табе багацця, —
Ліст сіротцы спагадае: —
І вясенька маладая.
Для цябе — у вечнай страце.
        — Так, мне трудна —
        Тут нялюдна,
Я тут згіну неабудна,
Ды твой, лісцік, лёс больш цяжкі:
Ты ў сваёй сям’і без ласкі,
Бы не родны, а прыблудны.
— Ото ж хлопец урадзіўся!
І ў каго ж удаўся ён?..
Ну, куды ты ўтарапіўся?..
Лепш бы ты не жыў, Сымон…
Уй, няўклюда, мухамора!..
Грэх адзін з ім, адно гора. —
Не адзін раз чуў папрокі
Ад бацькоў сваіх хлапчук.
А за што, за што нарокі?
З-за чаго той злосны гук?
І завошта б’юць малога
І чапляюцца чаго?
Ну, скажыце: што благога
У тых забаўках яго?
Хіба грэх складаць казанкі
Або песенькі? Чаму?
Але ж гэтыя спяванкі
Так і чуюцца яму:
        «Я насыплю горку
        Жоўтага пясочку;
        Правяду разорку
        Беленькім кіёчкам.
        Шу-шу-шу! — пясочак
        Шурхнуў залаценькі.
        Пясок — мой дружочак,
        Дробненькі-драбненькі.
        На пясочку зайкі
        Кідаюць слядочкі…
        Ой, якія байкі
        Баюць мне пясочкі!»
Хіба ж грэх казаць пра гэта?
Чаго ж сварацца бацькі?
Песняй сэрцайка сагрэта,
Казкай ясняцца дзянькі.
«Мусіць, я, дапраўды, ліха», —
Сам сабе сказаў Сымон
І чагось смяяўся ціха
Ды спяваў, званіў, як звон
Той стары, што са званіцы
Адбіваў таемны зык
Ды каціўся за крыніцы
І дзесь там жалобны нік.
А ён слухае — ні слоўка,
Бы застыне, бы засне,
І сама сабой галоўка
Заварушыцца, кіўне
У тахт нейкім дзіўным спевам,
Што звіняць вакол яго,
І ласкаючым павевам
Песціць, гойдае ўсяго;
Аж захопіць дух блазноце
Нейкі радасны парыў,
І ў самоце-адзіноце
Песні, байкі ён тварыў.
У яго быў свет цікавы,
Свае вобразы, жыццё,
І ў душы яго ўсе з’явы
Сваё мелі адбіццё.
Ён і рэха сваё кліча
І размову вядзе з ім…
Меў яшчэ ён такі звычай —
Гаманіць з сабой самім.
На смех хлопца падымаюць:
— Вось дурубала, даўбня!—
І ў патыліцу штаўхаюць,
Бы не хлопец, а шчаня.
А ён нават не заплача,
Толькі голаву прыгне,
Як яго рука лядача
Неспадзеўна штурхане.
Адбяжыць, бядак, у страсе,
Разважаць пачне тады: —
Можа ён у гэтым часе
Натварыў якой бяды?
Мо зняважыў ён старога?
Мо на ўсіх пайшоў адзін?
І не ведае нічога, —
Ні праступку, ні прычын.
Так, і праўда: непадобны
Быў Сымонка на другіх:
Гэта быў хлапчук асобны.
У яго вачах жывых
Думка нейкая бліскала,
Утаропіцца, глядзіць,
І на губках смех, бывала,
Заблукае, задрыжыць;
Пазірае і ўнікае —
Так аддасца марам ён
Ды знячэўку запытае:
— Чаго, мама, стогне звон? —
О, звон гэты быў цікавы,
Незвычайны звон, стары.
Пра якія ж гэта справы
Ён там бомкае ўгары?
Чаго так у засмучэнні
Будзіць там тыя лясы?
І Сымонка ў захапленні
Ловіць звону галасы,
Бо як толькі звон зазвоніць,
Як завойкае ўвышы, —
Адгукнуцца, загамоняць
Струны ўсе яго душы.
Сэрца ў хлопчыка заб’ецца,
Сам увесь ён задрыжыць,
І сама душа, здаецца,
Услед звону паляціць, —
Так узрушыцца хлапчынка,
І тады, нібы праз сон,
Штось мільгнецца на хвілінку,
Але што — не ўцяміць ён
І не можа даць назовы,
Што чуваць у тых званох,
Бо ўлавіць там сэнсу мовы,
Адгадаць яе не мог,
Але чуў ён, чуў душою,
Сэрцам чуткім і жывым
У тым звоне штось такое,
Што жыло і ў ім самім.
Ды ніхто не знаў тых струнаў,
Патайных ніцей душы,
Што злучаюць гук пярунаў
З немым голасам цішы;
Бо і ў той цішы зацятай
Есць і голас і свой твар,
Разнастойны і багаты,
Поўны музыкі і чар.
Бедны хлопчык быў загнаны,
У бацькоў нялюбы сын,
Бо відочныя заганы
І меў толькі ён адзін.
Не такі, як усе дзеці,
Нейкі вырадак, дзіўны,
Нёс віну за ўсё на свеце,
Вінаваты без віны.
З ім і дзеці не дружылі,
Не прымалі да гульні,
І ў самоце прахадзілі
Веснавыя яго дні.
І любіў ён адзіноту,
Бо так лепей было жыць:
Тут ён мог сабе ў ахвоту
Песні пець і гаманіць.
Вось улетку дык раздольна:
Выйдзе з хаты ў поле, луг;
Цёпла ўсюды і прывольна,
Сонца многа, чысты дух.
На каменьчык сядзе ў збожжы,
Не схіснецца і маўчыць,
Ловіць сэрцам спеў прыгожы,
Як жытцо загаманіць,
Як зазвоняць, заіграюць
Мушкі, конікі, жучкі,
І галоўкай заківаюць, —
Засмяюцца васількі.
Спеў у сэрцы адклікаўся,
І так дробненька было,
Што Сымонка сам смяяўся,
Ўсё смяялася, цвіло.
Заміраў тады хлапчынка,
І здавалася яму,
Што ён знае, як травінка
Сваю думае думу,
Што гаворыць жытні колас,
І аб чым шуміць ячмень,
І чаго спявае ўголас
Мушка, конік, авадзень,
Што ўгары над срэбрам жыта
Пяе жаваранак той
Так прыгожа-самавіта,
І зачым у высь блакіту
Ідзе ветрык пехатой,
У высь тую, дзе хмурынкі
Над зямлёй плятуць вянкі…
Ці ж не мілыя часінкі?
Ці ж не слаўныя дзянькі?
Замляваў увесь Сымонка,
Як увосень жураўлі
Крык музычны роняць звонка
Над прасторамі зямлі.
Шнур жывы, загнуты крукам,
Ледзь чарнеецца ўгары,
І ўсё стада з — смелым гукам
Журавель вядзе стары;
Плыўка, згодна ходзяць крылы,
Як адно, у тахт адзін —
Пакідаюць край свой мілы,
Родны кут глухіх лядзін.
Шнур знікае, тоне ў багне
Мора сіняга нябёс,
У прастор і хлопчык прагне:
Там другі, напэўна, лёс.
І ён доўга, нерухомы,
Там стаіць і ўсё глядзіць
У край светлы, невядомы,
Дзе знікала тая ніць
Вольных пташак на ўсю зіму…
Ну, прашчайце да вясны!..
Поле, неба прад вачыма,
I ўжо крыкі не чутны.
Так і жыў ён, гадаваўся,
Бы пры сцежцы той гарох:
Сам з сабою забаўляўся,
Бегаў, бавіўся ў палёх
I размовы вёў з жытамі
I складаў ён песні дню,
З матылькамі, бы з братамі,
Час дзяліў свой і гульню.

Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: