Частка трэцяя

I

О, край родны, край прыгожы!
Мілы кут маіх дзядоў!
Што мілей у свеце божым
Гэтых светлых берагоў,
Дзе бруяцца срэбрам рэчкі,
Дзе бары-лясы гудуць,
Дзе мядамі пахнуць грэчкі,
Нівы гутаркі вядуць;
Гэтых гмахаў безгранічных
Балатоў тваіх, азёр,
Дзе пад гоман хваль крынічных
Думкі думае прастор;
Дзе увосень плачуць лозы,
Дзе вясной лугі цвітуць,
Дзе шляхом старым бярозы
Адзначаюць гожа пуць?
Гэй, адвечныя курганы,
Сведкі прошласці глухой!
Кім вы тут панасыпаны?
Чыёй воляю-рукой
Вы раскіданы па полі,
Даўных спраў вартаўнікі?
Эх, не скажаце ніколі,
Што казалі вам вякі!
Вы пуцінаю няроўнай
Бежыце ўдалечыню,
У бок Віліі чароўнай
І пад светлую Дзвіну.
Край мой родны! Дзе ж у свеце
Край другі такі знайсці,
Дзе б магла так, поруч з смеццем,
Гожасць пышная ўзрасці?
Дзе бы вобруку з галечай
Расквітнеў багацтва цуд
I дзе б з долі чалавечай
Насмяяліся, як тут?..
Скрозь вяночкі дрэў вясёла
Над мястэчкам ці сялом
Цэрквы, стромкія касцёлы
Вежы ўзносяць к небясом.
А званіцы перад святам
У касцёл, царкву завуць,
Каб «прад Богам і прад братам
Віны ўсе свае пачуць».
Родны край! у Божа імя,
У чэсць косцелаў, царквоў
Паміж дзеткамі тваімі
Многа легла камянёў;
Многа выйшла трасяніны —
Меч, агонь знішчалі край:
З двух бакоў «айцы» дубінай
Заганялі нас у рай!
Кроў лілася ручаямі,
Здрада чорная расла,
Што папамі і ксяндзамі
Ў сэрцы кінута была.
I цяпер над намі, брацце,
Яшчэ ў сіле той раздор —
I папоўскае закляцце,
I ксяндзоўскі нагавор.
Брацце мае, беларусы!
У той кнізе людскіх спраў
Сам лёс, мусіць, для спакусы
Гэты край нам адзначаў.
Тут схадзіліся плямёны
Спрэчкі сілаю канчаць,
Каб багата адароны
Мілы край наш звэяваць,
А нас цяжка ў сэрца раніць,
Пад прыгон узяць навек,
Нашы скарбы апаганіць,
Душу вынесці на здзек,
Каб у віры той ашукі
Знішчыць нашы ўсе сляды,
Каб не ведалі і ўнукі,
Хто такія іх дзяды.
I лілася кроў нявінна,
Швед набытак наш паліў,
А ўрад царскі самачынна
Тут гвалтоўнасці тварыў,
Будаваў астрог народу
I барбарскім капылом
Мерыў волю і свабоду,
А культуру нёс з калом.
I без жалю капытамі
Конь казацкі тут ступаў
I збажынку з ярынамі
Талачыў і драсаваў.
Родны край! ты разарваны,
I на захад ад мяжы
Пан пыхлівы, надзіманы
Моцна сцягвае гужы,
Каб з варшаўскае майстэрні
Беларусу сшыць халат,
Ды ні ксёндз, ні пан не верне
Плынь гісторыі назад!
Эх, чаго нам не прыйшлося,
Брацце мілыя, ужыць!
Колькі талентаў звялося,
Колькі іх і дзе ляжыць
Невядомых, непрызнаных,
Не аплаканых нікім,
Толькі ў полі адспяваных
Ветру посвістам пустым!
Дык хіба ж мы праў не маем,
Сілы шлях свой адзначаць
I сваім уласным краем
Край свой родны называць?
* * *
— Гэй, Сымон! Сымон! ты чуеш?
Сонца ўжо ўзышло — пара!
Ці забыўся, дзе начуеш?
Час нам выбрацца з двара! —
Дзед-жабрак прачнуўся рана,
Будзіць хлопца. — Уставай!
Хварэць нечага на пана,
Хоць падзяку людзям дай!
I збірае дзед манаткі
Ды бубніць сабе пад нос:
«Дзе ж ён дзеўся, небажаткі?
Куды прах яго панёс?»
— Эй, ты чуеш? дзе ты згінуў?
I няма адказных слоў.
Дзед трывожна погляд кінуў:
— Мусіць, збег, каб я здароў!
I затросся дзед ад страху,
Думка мозг яго ажгла:
«Абакраў, гад, і даў маху!»
I сама рука лягла
На мяшэчак пад пахвінай,
Але цэл той вузялок.
I мысленна прад хлапчынай
Тут пакаяўся дзядок.
«Але дзіва, што з ім стала?» —
Сам сябе стары пытаў.
А тым часам сонца ўстала,
Промень першы завітаў
У гуменца з-пад шчыцінкі,
I ў палосцы залатой
Незлічоныя пылінкі
Закружыліся, як рой;
Пташкі-ластаўкі ляталі
То на двор, то са двара,
Над гняздзечкамі снавалі
I так міла шчабяталі,
Як бы жычылі дабра.
Злез дзед з торпу ў замяшанні:
«Дзе ж падзеўся той Сымон?
Ці дзе ходзіць спазарання,
Непаседа-ветрагон?»
Абышоў дзед двойчы клуню,
Клікнуў раз, другі — няма!
I напала на дзядуню
Неадчэпная дума:
«Кінуў хлопец яго, кінуў!
Эх, не ўмеў з ім ладзіць ён!»
I шкада яму хлапчыны —
Збег музыка, збег Сымон!
— А дзе ж хлопчык твой, дзядуня?
— Няма, панюхна, няма
Ні за клуняю, ні ў клуні,
Вось шукаю, ды дарма, —
Ну, знік проста, як кампора[12]
Ой, праспаў яго, праспаў!
Ой жа ліха, гора, гора!
Я без хлопчыка прапаў!
Гаспадар сам выйшаў з хаты,
Устрывожыўся ўвесь дом,
Абышлі ўсе клеці, спраты,
Аглядзелі ўсё кругом,
Нават збегалі к суседу,
Каб напасці хоць на след, —
Не знайшлося нідзе следу,
Сіратою стаўся дзед.
— Ось, як бы я страціў сына,
Так шкада, каб я здароў!
— Уцёк, дзедка, твой хлапчына
Да другіх гаспадароў!
Ганна смутна і маркотна,
Яна думае аб ім.
Дзе ж падзеўся ён, гаротны?
I куды пайшоў? за чым?
I чаму ён не паведаў?
Хоць бы слоўка ёй сказаў!
Эх, нядобры хлопчык дзедаў —
Свет дзяўчынцы завязаў!
А яна ж аб ім гадала,
Думку марыла аб ім:
Ці ж было б тут свету мала?
Ён бы й тут быў не чужым.
Папрасіла б яна тату —
Так напэўна б і было, —
Каб яго прыняць у хату
Ці прыстроіць дзе ў сяло…
А мо ён дзе спіць на сонцы
У садку за вішнячком?
Ёй надзеі ткуць красёнцы
Залаценькім чаўначком.
I дзяўчынка ў той надзеі
Ідзе ў сад, ідзе сама.
Але там, на санцагрэі,
Пуста ўсё, яго няма!
Пуста ў садзе і журботна,
Як бы страціў нешта сад,
Нават лісцечка дрыготна
Шум вядзе на смутны лад.
А вось тут, пад гэтай грушай,
Ён сядзеў, а з ім яна.
Ён тут сэрца ёй парушыў,
Вымаўляла тут струна.
Выйшла Ганна на дзядзінец,
Сэрца сцісквае туга.
Унь у свет бяжыць гасцінец,
Над ім сцелецца смуга.
Навакол ляжаць прасторы,
Тчэ ім наміткі туман,
I замлелі ў хлебным моры
Хвоя тая і курган…
Знаць, не вернецца ніколі,
Там чужыя рубяжы,
А на ростанях — таполі
Ды збуцвелыя крыжы.
Куды ж ён пайшоў? куды?
Дзе ляглі яго сляды?
Нікнуў зорак блеск халодны,
I святлеўся неба край;
Лёгкі пар, туман усходны,
Апяразваў лес і гай;
А Сымон, ачараваны
Гэтай раніцы красой
I выпадкам негаданым
Добрай ночкі веснавой,
Сам не ведаў, што з ім, дзе ён,
Проста чуў, што ён шчасліў,
Чымся новым быў авеян,
Новых сілак чуў прыліў.
Ён пазнаў тут асалоду,
Ён пазнаў тут новы свет,
То, чаго не ведаў зроду, —
Ласкай хлопчык быў сагрэт.
Ён цяцер, бы на граніцы,
На высокім рубяжы;
Па адзін бок — блеск дзянніцы,
Па другі — цьма, дзе ён жыў.
Ён цяпер — бядак, убогі,
Выклікае толькі жаль.
Ці ж зачынены дарогі
У той край, у тую даль,
Дзе здабыць ён можа долю,
Шчасце талентам здабыць?
Ён жаданням дае волю,
Ён, як людзі, хоча жыць.
Азірнуў ён і абмерыў
Далі ветлыя палёў,
Сіле ён сваёй паверыў,
Зову новых галасоў.
I Сымонка азірнуўся,
Кій-крывулю свой узяў,
У бок дому павярнуўся,
Ганну ў сэрцы павітаў:
«Будзь шчасліва, краска-зорка!
Не пагардзіла ты мной,
I ў маёй ты долі горкай
Будзеш зданню дарагой.
I вы будзьце ўсе здаровы,
Будзь і ты здароў, дзядок.
Няхай к вам з набыткам новым
Новы з’явіцца дзянёк!»
вернуться

12

Кампора (камфора) — цвёрдае лятучае рэчыва.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: