V

Адгрымелі час свой громы.
Гром-пярун імчыцца далей
З грознай раццю грознай хваляй,
А па лесе бураломы
Засталіся нерухомы;
Хто ўцалеў, маўчыць зацята,
Толькі дуб над трупам брата
Роніць з лісцяў слёзы жалю.
Дзесь на ўсходзе нікнуць хмары,
Дзесь адсвечваюць зарніцы
Блескам-ззяннем таямніцы;
Скаліць зубы слуп пажару —
Бляск над лесам, дзе стажары,
Там няшчасце, там згінота:
Нехта спален з тых грымотаў,
Спален свечкай бліскавіцы.
А ў бяздонні пас бліскучы,
З туманоў і зор сатканы,
У нябесных лёг палянах;
Там зліліся зоры ў кучы.
Неба ззяе, неба дыша,
Як бы нейкі напіс піша,
Неўчытаны і цякучы.
Лёг Сымон з Дзядком на сене —
Не змыкае вочак сон:
Перад ім плывуць, як цені,
І ўстаюць з усіх старон,
Як улетку хмаркі тыя
Над прасторамі палёў,
Думкі-вобразы такія,
Для якіх не знойдзеш слоў,
Каб іх выказаць дакладна
І ўлавіць іх рух дзіўны;
То трывожна, то павабна
Звалі-клікалі яны.
І адзін з іх, вобраз Гані,
Ад усіх ясней-ярчэй
Ззяў, бы зорачка ў тумане,
Мілым усмехам вачэй.
Ён і вабіў і смяяўся,
Ён гарнуў к сабе, ён зваў,
Краскай майскаю вагаўся,
Нейкі голас падаваў.
І ў Сымонкі гожа ў сэрцы
Песня пелася сама:
Адчыніць ёй трэба дзверцы —
Ёй спакою там няма,
Хоча вырвацца з палону,
Каб парушыць гэты сон.
Волі песням і разгону!
Здзек над песнямі — прыгон!
І не можа хлопчык зладзіць
Сам з сабою, каб не граць.
Ён ціхутка з торпу[11] злазіць —
Волю сэрцу хоча даць.
Ноч зямельку агарнула,
Лісцік дрэмле, спіць трава;
Краска лісцечка згарнула,
Дзесь кігікае сава.
А над цёмнай паласою,
Дзе стыкаецца з зямлёю
Край далёкіх небясоў,
Бы па слову чараўніцы,
Вочы ўскідваюць зарніцы
Над зямлёй паўзверх лясоў.
Погляд тых вачэй іскраных
Мрок калыша, мрок дрыжыць,
Ды завесак тых цямраных
Ён не думае злажыць,
Каб не страціць панавання,
Каб закрыць дарогу дню.
А Сымонка слаў вітанне
І вачамі на спатканне
Ён імкнуўся да агню.
І па струнцы па шаўковай
Тромкнуў пальчыкам Сымон, —
Адазваўся песняй новай,
І панёсся стройнай мовай
Чуткіх струн удалы звон.
І казалі струны тыя,
Струны чуткія, жывыя:
        Як прыгожа-павабны вы, зоры!
        Нібы высыпаў іней агністы,
        Нібы пацерак шнур прамяністы
Асвятляе глыбіны-прасторы.
Ці не вам чэсць-хвалу даюць горы
І бясконцыя моры
Даляў сонна-імглістых?
Ці не вам гэтых хмарак зарніцы
        Песень блескаў звіваюць вяночкі?..
        Выплываюць з усходу чаўночкі,
Слугі сонца і яснай дзянніцы,
Каб дзяньку адчыніць акяніцы, —
Адсланяе граніцы
Гэта песня паўночна.
        Быць хацеў бы я сонцавай коскай:
        Зазірнуў бы я ў надзор’е;
        Я гаманіў бы з чыстаю роскай,
        Я бы каціўся з хмарчынай слёзкай,
        Я б крынічкай бег з сузгор’я
        І праз гэты цёк бы двор я.
Зоркі ў небе — неба вочкі,
Месячык — вартаўнічок,
Хмаркі — ветравы сарочкі,
Неба шыр — пастаўнічок,
Дзе ноч-цьма снуе красёнцы,
Дзе чаўночак ладзіць сонца,
Каб усплыў на іх дзянёк.
А зарніцы — пыл агнёвы
З панадземнага гарна;
Громы — водгулле размовы
Бліскавіц і перуна;
Знічка — зорачак кананне,
А вясёлка — выплыванне
Златадзеннага чаўна…
Але — ша! там штось мільгнула,
Голька шурхнула лістком!
Пад парканам каля шула
Штось стаілася цішком!
— Хто там? — ціха ён пытае.
— Гэта я, Сымонка, я! —
Цьма парушана пустая.
— Не палохайся — свая! —
І, як козачка лясная,
Бы той лёгкі матылёк,
Ганна вішні расхінае.
Ён назад ступіў на крок.
Ганна
Скрыпку ўчула, не стрывала
І, схаваўшыся ў кусты,
З паўгадзіны тут стаяла, —
Вельмі ж добра граеш ты:
Век бы слухала, здаецца! —
Так гаворачы, яна
Села радам з ім, смяецца,
Ціхай радасці паўна.
Хлопчык здзіўлен, ён бязмовен,
Ён таксама шчасця повен.
Ганна
Чаму ж ты маўчыш, Сымонка?
Ці пашкодзіла? не рад?
Сымон
Мне здаецца — ўзышло сонка,
Асвятліла гэты сад,
Бо ты добрая, з душою,
Ты ўся свецішся дабром,
І здаецца, што з табою
Я даўно-даўно знаём,
Бо душа душы шукае,
Бо ёй цяжка на зямлі.
Ганна
Не хвалі; я не такая,
Не, мяне ты не хвалі!..
Паіграй!
Сымон
А як прагоняць?..
Лепей так паседзімо;
Няхай ноч адна гамоніць,
Няхай граецца само.
Ганна
Хіба ж ночка голас мае?
Ночка проста — ноч і цень,
Калі ўсё адпачывае,
Ноч тады, як згасне дзень.
Сымон
І ні разачку ніколі
Ты не чула, як жыва,
Галасоў начных у полі,
Ці як шэпчацца трава?
Як у лесе дрэва з дрэвам
Ціха, важна загудзе,
І як жыта шумам-спевам
Мову-песню павядзе?
Ось прыслухайся, Гануся,
Ды навокала ты глянь…
Ганна
А мне страшна, я баюся…
Можа гэта толькі здань,
Або нечысная тхлань?
Сымон
Ты не бойся: не пасмее
Злыдзень нават падступіцца,
Бо дабром і згодай вее,
Ён той згоднасці баіцца.
Спіць усё, а дух сусвету
З духам лучыцца зямлі
І адводзіць ліхасць гэту,
Каб шчаслівы ўсе былі.
І ўсім добранька: раслінкам,
Пташкам, рыбе і звяром
І тым беленькім хмурынкам,
Дзе грымеў нядаўна гром,
І тым зоркам нерухлівым,
І тым зоркам, што дрыжаць,
І прасторам тым маўклівым,
Што над зорамі ляжаць;
І цяпер, у часе згоды,
Хоры песень іх чутны,
Голас нейкай асалоды.
Мы жывём — жывуць яны!
Ганна
Я не ведаю нічога!
Ты ж гаворыш, бярэ дзіва.
Так, на свеце ўсяго многа,
Як размысліш унікліва
І падумаеш над гэтым.
А скажы: і краскі жывы?
Ім баліць, як рвеш іх летам?
Сымон
Ну, напэўна, балець будзе.
Можа нават яны плачуць,
Толькі слёзак іх не бачаць,
Ці не хочуць знаць іх людзі!
Ганна
Ах, Сымонка, вось цікава!
Я не буду рваць іх болей:
Хай жывуць сваёю доляй,
Бо на гэта маюць права…
Як дазнаўся ж ты, спытаю,
Аб жыцці тым, што за намі?
Сымон
Я так, Ганя, адчуваю,
Бачу ўласнымі вачамі.
Быў я меншы, жыў я з дзедам,
Ды не з гэтым, а з другім,
І ён многа чаго ведаў,
Шмат гуторылі мы з ім.
Ён і скрыпку даў мне гэту,
Навучыў вадзіць смыком.
Ён памёр у канцы лета,
Я ж вандрую жабраком…
Ганна
Ты — жабрак! Чаму ж так стала?
І ці ж гзта справядліва?
Ты павінен жыць шчасліва,
А табе разгону мала!..
Мне так шкода цябе, шкода:
Ёсць бацькі, ты ж сірата!..
Твая долечка люта,
І пагана, ох, прыгода!
Сымон
Можа так, а можа й не:
Служыць шчасцейка і мне.
Вось паслухай, зрабі ласку:
Раскажу табе я казку.
        «То няўдалы,
Непрыкметны быў дубок,
Нехлямяжы, заняпалы
І пахілены набок.
Хто быў дужшы і праворны,
Той грунт лепшы карыстаў,
А слабейшы і пакорны
Жыцце толькі марнаваў.
Дрэвы ўсе раслі, таўшчалі,
А закіданы дубок
За нямашто зневажалі,
І ён быў так адзінок,
Змізарнелы і адметны,
Для другіх дубоў чужы,
З ім быў кожны непрыветны,
Як той камень на мяжы.
Збоку глянуць — дуб нікчзмны
І не варты нікуды.
Ды чужы свет патаемны:
Хто зірне ў нутро, туды?
А ў яго быў кут багаты
Думак розных, спеву, сноў,
Казак вугал непачаты,
З ім парады ветрык вёў,
З ім размовы мелі хмаркі,
Перасмейваліся з ім,
Плывучы ў адзенні яркім,
Тканым сонцам залатым;
З ім улетку, дзень і ночку,
Булькаў светлы ручаёк,
А з палёў, з лясоў дубочку
Нёс навіны матылёк.
Углыбіўшыся ў плынь свету,
З тым злучыўшыся жыццём,
Часта ў жаль яго адзеты,
Ён зрабіўся песняром.
І спяваў ён так прыўдала
У той час, як свет сціхаў,
Што аж неба замірала,
І зямля ўся замаўкала,
І дух згоды ахінаў
Тады ўсё яе стварэнне,
І ўсё слухала той спеў;
Чэзла зраднае насенне,
І знікалі злосць і гнеў.
Ажывала ноч глухая,
Зноў займаўся ясны дзень,
Затраслася сіла злая,
Чуе — кепска; згіне цень.
Сціхла песня — цёмна стала,
Згаслі ўраз усе агні,
І сякера заблішчала
Пры дубовым карані!
Ссеклі злыдні дзіва-дрэва,
Сэрца вынялі з яго,
Каб не чулі болей спеву
Найдзіўнейшага таго,
А дубок без сарцавіны
Злосна кінулі на дол.
Змоўклі песні з той часіны,
Смутна стала навакол;
Толькі зрэдку на світанні,
Як павейваў вецярок,
Журба чулася, стагнанне, —
Плакаў ссечаны дубок.
Шоў тым месцам падарожны
І спыніўся: чуе ён —
Не то голас чый трывожны,
Не то струн балючы звон.
Аглянуўся — нікагутка.
Бліжай к дрэву ён ступіў —
Што за дзіва? што за чутка?
Дуб жалобна галасіў,
Як бы скаргу слаў на кога
Ці на долю наракаў.
Падарожны з дуба тога
Дудку жыва змайстраваў
І пайшоў у свет ён Божы
З тою дудкай жабраваць.
Але ўжо не так прыгожа
Гэта дудка стала граць.
Бо не тое на ёй гралі,
Чым душа яе жыла,
Бо яе дар зневажалі,
Бо нявольніцай была.
Смуткавала дудка тая
Аб тых родных каранёх,
Аб праўдзівых песнях краю,
Мілым лузе і палёх.
Толькі ж раз яна пачула
Родны голас, родны зык:
Воля, ласка ёй вярнула
Злымі выняты язык.
А за момант ласкі, волі
Ўсё гатова дараваць,
І за гэта сваю долю
Стала дудка выслаўляць.
А як волю ўсю пачуе,
Дрэва тое ажыве,
Песня-радасць запануе,
У прасторы паплыве,
А на тых яго карэннях
Дрэвы новыя ўзрастуць
І другому пакаленню
Тую песню дапяюць».
Скончыў хлопчык казку-гора
І галоўку пахінуў,
Зноў Сымонку, як учора,
Нейкі смутак агарнуў.
Ганна слоўка не ўраніла
І маўчала, як і ён,
Бы жуда іх ахапіла,
Надышла з усіх старон.
І раптоўна Ганна ўстала,
Міг — памкнулася маўчком,
Абняла, пацалавала
Крэпка-крэпка і прапала
У садку за вішнячком.
А на ўсходзе чырвань грае,
Цень радзее, нікне мрок,
І зямелька ўжо вітае
Новы радасны дзянёк.
вернуться

11

Торп — скірда.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: