IV

У іскрах змяркання
Ружовага ззяння
Дзянёк на спакой адплывае,
Дзянёк замірае,
Дзянёк спачывае
З усмехам ясным кахання.
I вочы Венеры
Праз цёмныя дзверы
Зірнулі лагодна, прыветна,
I ноч незаметна,
Бы ўдоўка ўсясветна,
У вэлюм адзелася шэры.
Выпоўзваюць мрокі
На тыя сутокі,
Дзе неба злілося з зямлёю,
Ідуць грамадою,
Трасуць барадою,
Бы страшаць дзянёк яснавокі.
А месяц двурогі
З далёкай дарогі
Спусціў на зямлю свае ніці.
Блішчыць на ракіце,
I ціха па жыце
Туман прапаўзае бязногі.
Зямля занямела.
У лесе нясмела
Ачнецца лісток на галіне.
I знічка ў глыбіне
Мільгне і загіне —
Пагасне слядок яе белы.
I мрок і блісканне,
Спакой і дрыжанне
Зліліся ў суладныя тоны.
У цемры знікання
Ёсць іскры світання —
Разумнае волі законы.
Чырвань захаду цямнела.
Над зямлёю мрок нясмела
Калыхнуў сваім крылом.
Вол у полі скончыў дзела,
Шоў дамоў з гаспадаром.
У спакойных небясох
Зоры чуць-чуць мігацелі,
Бы застылі, занямелі
У мяккіх водблесках-агнёх
Тканкі хмарачак ружовых,
Лёгкіх, тонкіх, бы шаўкі,
I з вадзіцаю ў размовах
Спачывалі беражкі.
Косы чорныя маўкліва
Распусціла ноч па свеце,
На лістку, на кожным квеце,
Волас звіс яе жычліва.
I было спакойна-ціха;
Толькі дзесь сава-начніца,
Бы якая чараўніца,
Выклікала людзям ліха.
Між кустоў лазы кудлатай
Бегла сцежачка, вілася,
А па сцежцы той плялася
Постаць нейча ў цьме зацятай.
Бы туляга, бы той злодзей,
Ідзе-сунецца фігура,
Азіраецца панура,
Каб ёй хто не перашкодзіў.
Збоку сцежкі чорным пасам
Бегла рэчачка лажком.
Хто ж ідзе тут позным часам,
Выкрадаецца цішком,
Як начніца ці начнік?
Гэта — зух наш, Дамянік.
Ён ідзе да варажэі,
Каб параду сэрцу даць,
Бо разбіты ўсе надзеі
Сэрцам Ганны заўладаць.
Ён ідзе, а мрок гушчае,
Ноч становіцца чарней;
Песню ў лозах зачынае
Над рачулкай салавей;
А ў трушчобе за рачулкай
Оішча жудасна пугач,
I нясецца рэха гулка,
Бы дзяціны смех і плач.
Сцежка ўлева забірае
Ды шыбуецца ўгару.
Каля цёмнага яру
Хатка туліцца старая.
У акенцы ўроўнядзь з долам
Цьмяна свеціць начнічок,
Бы купальскі светлячок,
Блескам смутным, невясёлым.
У той хатцы заняпалай,
Трошкі воддаль ад сяла,
Бабка-знахарка жыла
I жыла тым, што гадала.
Ідзе хлопец па-над ярам,
У яго адна дума:
Хай навучыць бабка чарам —
Іншых спосабаў няма.
Хлопец сохне ўвачавідкі,
Ён няволен над сабой…
У аконца варажбіткі
Хлопец стукае рукой.
— Хто там? — Гэта я, бабуля.
— Хто такі ты? — Дамянік!
Я да вас, бабка Аршуля, —
Кажа ён — і дух унік.
Скрыгнуў засаў. Клямка двойчы
Тут закашляла ў дзвярах.
— Ну, заходзь, заходзь, малойча, —
I тым засавам — ра-рах!
За Аршуляю нясмела
Ідзе ў хату Дамянік;
Цьмяна лямпачка курэла,
То скакаў агонь, то нік.
Густа пах стаяў ад зёлак
I дурманіў галаву;
Разлажыла на пяколак
Бабка розную траву,
I пучочкі ўсякіх кветак
Тут развешаны былі:
Бабцы подаць даў палетак,
Луг і лес яе зямлі.
Хатка чысценька прыбрана;
Сама бабка акуратна,
А як знахарка — выдатна:
Так даўно аб ёй казана.
— Ну, малойча, у чым справа?
З сэрцам, мусіць, нелады?
З ім дзяўчынка не ласкава?
Ну што, праўда, малады?
— Так, бабуся мая: пакахаў я дзяўчыну,
Пакахаў, як нікога ніколі!
Праз яе я папаў у няволю,
Праз яе мне няма, бабка, долі.
I хацеў бы я кінуць яе, ды не тсіну…
Праз яе, праз яе, чарадзейку, я гіну!
Дай жа, дай жа ты радачку мне і збавенне:
Я не ведаю сну і спакою!
Каб яна так хадзіла за мною,
Як хадзіў і хаджу я за ёю.
Дай папомсціцца мне за яе зневажэнне!
Вырві з сэрца суздром насланое насенне!
— Ну, напэўна ж, ёсць прычына,
Калі кпіць з цябе яна?
Ой, хлапчына-малайчына,
Справа штосьці тут цямна!
Вось пабачым! — бабка ўстала,
Вады конаўку ўзяла,
Пашаптала, паплявала,
Страх на хлопца навяла.
        — Я бяду
        Навяду,
        Я бяду
        Адвяду
        На лясы,
        Верасы,
        На бары,
        Амшары,
        На горы,
        На моры,
        На пусташ-аблогі,
        На безлюдзь-дарогі.
        У пушчы,
        У гушчы,
        У чыстае поле,
        У гіблыя ролі,
        У нетры глухія,
        У багны нямыя,
        Ад сэрца, ад дому —
        Ліхое ліхому, —
Мармытала заклінанне
Бабка ўпаўгалоссе.
— Будзе, хлопча, табе зданне.
Дамянік затросся.
— На, на воду паўглядайся…
Вочы ты цяпер заплюшч…
Што ні здасца — не лякайся…
Стань сляпы, як дзень відушч! —
Строга кажа варажбітка.
Зноў затросся Дамянік,
З плеч на землю спала світка,
I прыліп яму язьік.
— Тфу ты, ліхаі што са мною?
Што за чортава чмута?!
Хтось рукою касцяною
Пастрашаў мяне з кута!
Бачыў — з лесу хтось дыбае,
I святлела ў тым баку,
А яна, яго любая,
Чараўніца гэта злая,
Падае яму руку.
— Між табою і дзяўчынай
Хтось мілейшы ёй стаіць,
I цябе па той прычыне
Ёй ніяк не палюбіць.
Смерць іх толькі і разлучыць —
Так злюбіліся яны…
Не паможа, не навучыць
Знахар самы увіхны.
— Чмуціш ты і лжэш, старая,
Гвалтам я яе вазьму!
I пабачым, хто прайграе —
Трасца будзе ў бок яму!
· · · · · · · · · · · · · · · ·
Раз пад вечар між жытамі
Ганна з поля йшла адна;
З каласкамі, як з братамі,
Забаўлялася яна.
Жаўтацвецень красавання
Аздабляла каласкі;
Ім казалі аб каханні
Нітак срэбраных жмуткі.
Варажыла тут дзяўчынка
На калоссях аржаных,
Сашмаргнуўшы з іх шчацінку,
А пытала так у іх:
«Калі ён мяне кахае,
Зацвіце мой каласок».
У касу яго хавае.
Пазірае —
I — о, радасць! Зацвітае
Новы срэбраны пучок!
Так ідзе адна, гадае,
Аж зірнула — дух унік:
На пярэсцягі ёй з гаю
Шусь пануры Дамянік!
Сэрца ёй так і апала.
Азірнулася — ціш, глуш,
I Гануся задрыжала:
Што замысліў гэты вуж?
Недарма ж ён сярод поля
Выкрадаўся цемаком;
Погляд дзікі так і коле,
Так і рэжа, як нажом.
Ганна сэрцам тут пачула
Гразь душы яго і бруд,
Дзеўча ў жыта шмыганула,
Агібаючы той кут.
Азірнулася — умлела:
Валіць следам ён, як дым,
Толькі жыта шарахцела
I ламалася пад ім.
Глуха поле адбівала
Грук і тупат пары ног.
Ганна плацце падабрала,
Напрасткі бяжыць у лог.
I, як сарна, за каторай
Улягаюць ганчакі
Неадступнай злою сворай,
Бяжыць Ганна то разорай,
То мяжой праз раўчакі.
Азірнецца — ўсё нырае
Тая ў жыце галава,
Цяжка дыша, зрок бліскае;
Іх адлежнасць раздзяляе
Не больш — вератняў на два.
— Стой, гадзюка-чараўніца!
Стой, насенне ведзьмака!
Будзеш помніць ты, начніца,
Як зняважваць дзецюка!
То ён злосны тон мяняе:
— Стой, Гануська, стой, дурная!
Ганна! Ганна! я жартую;
Ну, спыніся, не ўцякай!
Хоць разочак пацалую…
Ганна, рыбка, пачакай!
Чуе Ганна — таюць сілы,
Блізка ж дзікая пагонь.
Разрывае кроў ёй жылы,
Смажыць ёй нутро агонь.
Спала хустка, і развіты
Дзве шаўковыя касы,
Бы русалка ў моры жыта,
Поўна спуджанай красы.
Бегла бедная і ўпала
У глыбокі калдабан,
Ўстаць хацела, ды не ўстала,
Вочы ёй заслаў туман.
Дамянік пранёсся міма.
Бег — шуршэлі каласы,
Стаў — іх змоўклі галасы,
I дарма шукаў вачыма
Постаць любачкі-красы,
Ён рвануўся злосна-крута
У другі бок — на лясы…
Не, не знаць табе красы,
Бо яе схавала рута
I ржаныя каласы…
А Ганусю ночкай цёмнай
Знайшлі ў полі непрытомнай.
· · · · · · · · · · · · · · · ·

Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: