Час падходзіў за пакровы.
Вецер ліст з лясоў атрос,
I на поле свае ковы
Кінуў злёганьку мароз.
Агалела поле. Знята
Збажына з яго даўно.
Глуха, пуста і зацята,
I нікога не відно.
I ціхутка, бы ў магіле,
Звіс нязрушана туман
I свае валокны-крылле
Абапёр на той курган.
Адзінотай і пустэчай
Ўсюды веяла з палёў,
Нейкай мляваецю старэчай
Аддавала ад лугоў.
Жыццё ўнікла. Бы ў жалобе,
Неба цьмілася, зямля;
Толькі ў руневай аздобе
Вочы песціла ралля.
У такі час наш музыка
Пасвіў статка авячок.
Ціха, глуха, ані зыку.
Сеў пад хвойкай пастушок,
А авечкі рунь шчыпалі
Каля лесу тут адны
Ды трывожна пазіралі
I пужаліся яны.
Але іх такая ўдача:
З глупства пудзяцца, бягуць,
Камень, хвойку, куст убачаць,
Капыткамі землю б’юць.
I Сымонка з іх смяяўся:
— Вось дурныя, ха-ха-ха!
Куст ім страхам паказаўся! —
Пад гаворку пастуха
Заспакойвалася статка,
I час зноў праходзіў гладка.
Але сёнкя надта пудкі
Штось авечачкі былі.
— Ну, што з вамі, мае шуткі?
Што вы ў голавы ўзялі? —
Гаварыў Сымонка з імі,
Дый самога страх шугаў,
I трывожна ён вачыма
Поле, хвойнік азіраў.
— Ці не воўк іх тут пужае? —
Толькі так памысліў ён —
I затросся ўвесь Сымон:
Воўк з ядлоўцу вылятае
Ды ў авечкі проста садзіць,
Злы, раз’юшаны, бы кат,
I дзе хлопцу з ім тут зладзіць,
Бо такі драпежны гад!
Пасць разяўлена, зубата,
Сам вялізны і сівы,
Хіб адкочан, шэрсць узнята,
Нават клык відаць крывы, —
Вельмі страшны з галавы!
Драпанула раптам статка,
Аж па полі пайшоў грук,
А ён — хоп за карк, лапатку
Ці за горла і — каюк!
Воўчым зубам чуць кранецца
Ці грудзінай дасць упол —
Ні адна не страпянецца,
Трупам кінецца на дол.
З немым крыкам перапуды
Хлопчык кінуўся туды.
— Га! ага! Ты-га, паскуда!
Людзі, воўк! Сюды! сюды! —
Разагнаў усіх звяруга,
Трох на месцы палажыў,
А баранчыка схапіў
I панёсся ў лес, зладзюга!
I такі быў страх блазноце!
З крыку ён зусім ахрып,
Перасохла хлопцу ў роце,
I язык яго прыліп,
Не мог вымавіць і слоўка,
Пабялеў, як той папер.
Ох, нагнала ліха воўка!
Што ж рабіць-чыніць цяпер?
Страх і жаласць агарнулі,
Плача горкімі слязьмі.
Людзі гэты плач пачулі,
З лесу едучы з дрыўмі,
I на крык хоць беглі жыва,
Ды не ўпору ўжо прыйшлі:
Пазбіраць авец пудлівых
Толькі хлопцу памаглі.
Гнаў Сымонка рэштку статка,
А самога страх шугаў:
Не даруе яму татка,
Што авец не ўпільнаваў!
Чула сэрца, што праборкі
I папругі не мінуць,
Што скрозь столь убачыць зоркі,
А аб тым, што ён нявінен,
I не думаў хлопчык тут:
Хіба ж быў яму адчынен
Справядлівы бацькаў суд?
Але ж не! ён скажа: «Тата!
Крукам я стаяў, глядзеў,
Ды знянацку воўк пракляты,
Як той віхар, наляцеў.
Я гукаў, ахрып ад крыку.
„Га-а!“» — Ён голас тут падаў,
Ды ў яго хрыпаты, дзікі
Голас з грудзяў вылятаў.
Толькі ж дома не павераць,
Ох, раскоціцца там гром!
Не хацеў бы ні вячэраць,
Ні паказвацца і ў дом.
Ішоў хлопчык у трывозе,
Замаркоціўся, прыціх,
А прад ім вязлі на возе
Трох авечак нежывых.
Вот сяло ўжо недалёка,
Затрымаўся ў полі ён.
Унь іх хата, і высока
Шэст убіт каля акон.
Вось спыняюцца мужчыны
I авец у двор нясуць.
На спатканне ім з адрыны
Два дзядзькі яго бягуць,
Штось гавораць… там і маці…
Людзі сыпнулі туды…
«Ну, прапаў ты, Сымон-браце!
Ой, бяды будзе, бяды!»
А вось чэша дзядзька Юрка.
— Добра выпасвіў авец!..
Дзе ж баранчык?.. Ось і шкурка,
Ось і мяска!.. маладзец!
Страты — добрая палова…
Скубянуў, дык скубянуў! —
I больш дзядзька ані слова,
Толькі поглядам кальнуў,
Сам пагнаў у двор авечкі,
А Сымон адзін зусім,
Торбу звесіўшы праз плечкі,
Ідзе воддалек за ім,
Ды маўклівы, бы акуты
Гэтым горам і бядою
I бязмернаю жудою
Да зямлі быў дух прыгнуты.
Вось і дворык іх і хата,
Людзі ў весніцах, дварэ;
Шуму-гоману багата,
Нейкі рух усіх бярэ.
А туман, імга пустая
Цяжка звісла над сялом.
Хлопчык цьмяна памятае,
Што тварылася кругом.
Так, абрыўкі з’яў-малюнкаў,
Слоў нязвязаных нічым,
Недарэчных вырахункаў, —
Ўсё вілося перад ім.
— Але ўсе ж папарываны!
Ты ж чаго глядзеў? дзе быў?
Вужу, гадзе шальмаваны,
Лепш цябе б ён задушыў! —
Бацька ў роспачы, у злосці
Кінуў жмут калючых слоў.
Не, чакаць няма мілосці,
Але ён на ўсё гатоў:
Будуць лаяць — няхай лаюць,
Будуць біць — няхай і б’юць, —
Тыя грозьбы не пужаюць
I не кратаюць нічуць.
Усяму, усім старонні,
Ён стаіўся ў кут адзін,
Ён нібы ў пустым бяздонні
Стаяў некалькі часін.
— Што стаіш там, як закляты?
Гора ты нам, не дзіця! —
Кажа маці: — ідзі ў хату,
Недапека ты, куцця! —
I ўздыхнула. Мусіць, матцы
Шкода стала бедака,
Трэба ж к сыну хоць азвацца:
А йдзе бацька з хлевушка,
Ён узбураны, сярдзіты,
Бровы ссунуты на нос…
— Годзі ўжо, Панас, не бі ты,
I так розум ён растрос.
— Вон адгзтуль, каб і смроду
Мне твайго тут не было!
Ты штодзень мне робіш шкоду,
З-за цябе і на сяло
Паказаць мне брыдка вочы!
Бяры скрыпку, смык і — вон!
Ідзі з дому, куды хочаш —
Больш не сын ты мне, Сымон! —
Хлопчык, змешаны з гразёю,
З дому выгнаны, стаяў
Каля пуні пад страхою
I ў мрок ночы пазіраў.
Ён не плакаў — зніклі слёзы,
Яны ўсе — на дне душы.
А дзесь вецер вербалозы
Над балотам варушыў.
А ён глух, не чуў нічога.
А куды йсці? да каго?
Ён не меў нідзе нікога,
Хто б схіліўся да яго.
Пастаяўшы, хлопчык рушыў,
Пералез знаёмы плот,
Скрыпку ўзяўшы, і патрушыў
Упярод і ўсё ўпярод.
— Трэба, бацька, ведаць меру!
Хіба так ён вінават?
Дзе яму даць рады зверу?
Ідзі кліч яго назад! —
Сэрца маткі не ўтрывала:
— Хлопец з страху пабялеў.
Перапудзіўся не мала,
За дзень гэты пастарэў.
— От, няхай там паскавыча:
Не дзе дзенецца, не йдзі:
Змерзне, сам, нябось, прысмыча;
Сядзь ты лепей і сядзі. —
Толькі ж маці не ўсядзела,
Выйшла ціхенька на двор.
— Дзе ты? — клікнула нясмела.
Неба цёмнае без зор
Непрыветна пазірала,
Цьма халодная маўчала,
Матцы кідала дакор
I папрокі ёй за тое,
Што пакрыўдзілі сынка.
I за што? за так пустое —
Ці ж ухілішся ваўка?
Хлопца выгнаць проціў ночы!
— Го-о, Сымон! — і ціха зноў,
I глядзяць дарэмна вочы
Па куточках між платоў;
Выйшаў бацька. — Ідзі ў хату,
Не туляйся, а то — дам!
Чуеш! слухаць трэба тату!
Што хаваешся ты там?
Нябось, бачу! — Ды нічога
Ён не бачыў і не чуў.
А мрок-багна строга-строга
Неба, землю агарнуў.
Бацькаў гнеў даўно мінуўся.
Як ні страшыў, ні гукаў,
Ды Сымонка не вярнуўся,
Слыху-голасу не даў.