Калі вясною
Над зямлёю
Раняла сонейка праменні,
Яно сказала ім тады:
«Ляцеце, промені, туды,
На баль мой выклічце стварэнні,
Ўдыхнеце дух ім малады,
Цяплом сагрэйце і каменні,
Няхай зямля на ўсе лады
Спявае радасць адраджэння,
Няхай там знішчыцца суценне,
Адбітак смерці і жуды».
І косы тыя
Агнявыя,
Свайму пакорныя закону,
Ляцяць з нязмераных вышынь,
І жыватворная іх плынь
Зняла цямраную заслону —
Зацяты сон нямых пустынь.
Выходзь, зямля, з свайго прыгону,
Развей ты сон і чары скінь!
І ткуць прамені ёй карону;
З свайго надземнага амбону
Яе вянчае неба сінь.
Адна палоска,
Сонца коска,
Каля пустэлі пралятала,
Сустрэла хмарку на пуці.
«Спыніся, промень, не ляці:
Сагрэта ўжо зямная гала,
Мяне ты, промень, асвяці!»
Яна ад холаду дрыжала
І нікла ў жудаснай муці.
Праменю сонца шкода стала
Прыгожай хмаркі, што ўмаляла
Ёй косы сонцам заплясці.
І ён спыніўся
І скланіўся
Перад няшчасцем хмаркі Божай:
Яна — адна, навокал — жуд,
Пякельны холад, мрок і мут.
І кінуў промень блеск свой гожа,
Нібы стварыў ён з ёю цуд:
Заззяла хмарка так прыгожа,
Што хто ні бачыў яе тут,
Звясці вачэй з яе не можа.
Ён з ёю дзеліць падарожжа,
Але завуць яго на суд.
За што? за тое,
Што святое
Парушыў сонца прыказанне
І, не дасягнуўшы зямлі,
Куды ўсе посланы былі,
Каб знішчыць цьмы там панаванне,
Адстаў свавольна ад сям’і,
Разліў свавольна сваё ззянне
У цемры хмарчынай раллі.
«Блукай жа ты ў пустой далі!»
Ён быў асуджан на выгнанне
І на бясконцае блуканне
Паміж нябёсаў і зямлі.
Ноч над светам панавала.
Поле жудасна маўчала
І халоднай цішынёй
Непрыветна сустрачаЛа
Тых, хто з скрыўджанай душой
Смутак нёс свой, сваё гора
У свет гэты, гэту даль,
Каб рассеяць на прасторы
Слёзы горкія і жаль
І ў дарозе між крыжамі
Гэты жаль узгадаваць,
Потым песнямі, слязамі
Людзям зноў яго аддаць.
Шоў Сымонка на спатканне
Змроку, цемрадзі палёў,
У круг гора і блукання,
Мусіць, лёс яго павёў.
І ён шоў — куды? не ведаў
Ды аб тым і не пытаў;
Пад убогі крыжык дзедаў
Неўзаметкі прыблукаў.
Тут ён толькі схамянуўся,
Стаў патрошку разважаць,
Пудка ў страсе азірнуўся —
Глуха могілкі маўчаць!
Ён прысеў на край магілы,
Скрыпку збоку палажыў
І заплакаў. — Дзедка мілы!
Ты адзін у свеце быў,
Да каго я прыхіляўся,
Ты адзін мяне не гнаў
І не крыўдзіў, не смяяўся
І ў нядолі памагаў.
Голуб сівы мой! ачніся,
Пашкадуй мяне, дзядок! —
Плакаў хлопчык, і ліліся
Градам слёзы на пясок.
Плача, бедны, прычытае,
Вуха к долу прыхіне,
Ды маўчыць зямля сырая,
І ў зацятай цішыне
Прычытанне замірае.
Змогся хлопчык, абяссілеў,
Толькі ўсхліпваў ды ўздыхаў.
Ён слязамі жаль свой выліў,
Смутак імі спаласкаў.
І яму так лёгка стала,
Як бы што яго ўзняло
І так ціханька гайдала
І так лёганька нясло.
Вось узняўся над крыжамі
І паплыў, паплыў, паплыў!
Толькі ветрык за вушамі
Ціха-ціха захадзіў.
А ён дальш усё нясецца,
Хмаркі гоняцца за ім
І смяюцца, ён смяецца
Смехам радасным такім.
А над імі сонца ззяе,
Іх цалуе, як дзяцей,
І праменні пасылае
Сустрачаць сваіх гасцей.
Лёгка, вольна і лагодна,
Бы на крыллях светлых мар,
Ён лятае так свабодна
У клубах купчастых хмар.
Але раптам стала змена:
У багне пустых глыбінь
Бурнай плыні коціць пена
І чарнее неба сінь,
Нікне сонца ў чорным муту,
Хмаркі спуджана бягуць,
І з мінуты на мінуту
Свет затопіць тая жудзь.
А ён болын ляцець не можа,
Страх яго апанаваў.
Толькі ж чуе — гэтак гожа
Хтось на скрыпцы заіграў.
І вярнулася зноў сіла,
Страху скінуты гужы.
Азірнуўся — зноў магілы
І пахілыя крыжы.
А на прыкладзе драўляным
Бачыць — сівенькі дзядок,
Дзед Курыла, ў бель убраны,
Галаву схіліў набок
І ўсё грае, ды так гожа,
Як ніхто яшчэ не граў.
Ці не дзедка з падарожжа
Небу скаргу пасылаў
За дзіцятка, што марнее
Без прызору, без бацькоў,
Што не песціць і не грэе
Ласка мацеры, братоў?..
Слухаў хлопчык спеў нязнаны
І няспеваны нікім,
І гаілісь сэрца раны,
Шкла крыўда перад ім.
А дзед грае, смыкам водзіць,
Плачуць струны і дрыжаць
І такую жальбу родзяць,
Што ніхто не мог стрываць:
І крыжы на дол прыпалі
І схінуўся верх лясоў
І граць дзеду памагалі
Хорам згодных галасоў.
А Сымонка, як прыкуты,
Не мог пальцам зварухнуць,
Не мог гэтых чараў путы
Ш разбіць, ні адхінуць;
Толькі ж чуў, што не ўздужае
Дый не схоча далей жыць,
Бо то дзедка выклікае
Яго душу супачыць.
Вось-вось ён ужо канае
І ўжо чуе смерці ўзмах.
Ён не плача, не ўздыхае,
І яго не пашыбае
Ані жаласць, ані страх.
Ды ў той час, калі, здавалась,
Дух яго ўжо пакідаў,
Дзіва новае зноў сталась:
Дзед у скрыпку ўлез, прапаў.
І сама ўжо скрыпка грала,
Покі лопнула струна,
А як лопнула — прапала
Сну праявіна-мана.
Здрыгануўся, прахапіўся,
Галаву падняў Сымон.
«Гэта ж толькі сон мне сніўся!»
І галоўку звесіў ён.
Азірнуўся — скрыпка збоку;
Праўда, лопнула струна.
То ж сапраўды, ненарокам,
Аж яшчэ гудзе яна!
Страшна, сцішна хлопцу стала;
Увесь тросся ён, дрыжаў;
Песня ў сэрцы не змаўкала,
Смутак, гнеў у ёй гучаў.
Скрыпку ўзяў ён, азірнуўся,
Страх пашыб яго мацней,
Тут ён боязна прыгнуўся,
Ды з тых могілак — барзджэй,
Бег, пудліва азіраўся
Ды зноў бег па камянёх;
Толькі ў полі затрымаўся,
Пастаяў на растанцох
Пад тым крыжам, дзе дарогі
Секлі следам сваім след
Ды праз нетры і разлогі
Беглі дальш у белы свет.
Гэй, дарогі ў край шчаслівы!
Гэй дарогі —
Паясы!
Колькі ножак праняслі вы
Праз аблогі,
Праз лясы!
Гэй, дарогі, ніці-кросна,
Тканкі кола
І зямлі!
Як зацята-безгалосна
Паўзверх долу
Вы ляглі!
Гэй, дарогі-пуцявіны,
Чыёй волі
Вы ганцы?
Што гамоняць каляіны
І на полі
Растанцы?
Вы паведайце нам былі,
Што пісалі
Вам тут дні;
Няхай скажуць вашы мілі,
Як знікалі
Тут агні!
Няхай скажуць вашы далі,
Дзе звісае
Мгла-туман,
Што яны нам абяцалі?
Хто не знае
Гэты зман!
Гэй, дарогі ў чыстым полі,
Ніці шэрыя зямлі!
Колькі к долі і нядолі
Ног людскіх вы праняслі!
Выйшла б казка, ды якая,
Каб маглі вы расказаць
То, што й думка не згадае,
Што адным вам толькі знаць!
Над Сымонкам думкі ўюцца:
Што рабіць? Куды пайсці?
Ці назад дамоў вярнуцца,
Ці ў свет гора панясці?
Ды вялікі свет бясконца,
А ён — толькі мошка ў ім,
Лёгкі пыл у косках сонца,
У прасторы тонкі дым.
Чужаніца між сваімі,
«Непатрэбны дармаед»,
Як пагодзіцца з чужымі?
Як сустрэне яго свет?
І дадому ж ён не пойдзе
Здзек цярпець і спіну гнуць,
Долю знойдзе ці не знойдзе —
Гайда ў пуць, далёкі пуць!