III

Нікне ночка. Дзень чуць значна
З смехам ясным на вуснох
Ідзе з ёю ў стэп няўбачны
І губляе ў глыбінох,
Цёмна-сініх і далёкіх,
Там, дзе зорачкі гараць
І дзе хмарак адзінокіх
Віхр не смее заганяць.
Як той дзень за ночкай следам
Ходзіць кожную пару,
Шоў Сымон за старцам-дзедам,
Дзед — уніз, ён — угару.
Дзед слабеў і траціў сілы,
Круг жыцця ён замыкаў
І ступаў на край магілы,
Хлопчык круг свой пачынаў.
Шлі яны ад хаты к хаце,
З вёскі ў вёску, з краю ў край,
У сярмяжках — латка ў лаце,
З адным толькі словам — дай!
І ў прыгодзе ўсё бывала:
Ціснуў холад іх, мароз,
Снегам вочы засыпала,
Вецер торбачкі іх трос,
Як шалёны, выў, смяяўся,
Біў у твар і з ног скідаў
Ды ў лахмоцце забіраўся,
Шапкі з іх галоў зрываў
І ганяў па снежным полі,
Злы, бязжаласны вар’ят.
І Сымонка, як ніколі,
Зазнаў горачка тут шмат.
Але хлопча шоў пакорна,
Мерным крокам, як і дзед;
Сцежка ўсюды ім прасторна,
Ім адчынен белы свет.
Ды што нам у тым прасторы?
Што нам шыр без берагоў,
Калі мы — чаўночкі ў моры
Без вясёл, без жагялёў[5]?
І арлу прастор не мілы,
Хоць і волен яму пуць,
Калі ён не мае сілы
Вольна крыллямі ўзмахнуць
І ляцець, куды ён хоча —
У бяздонне глыбіні,
Там, дзе ў хмарах гром ракоча,
Самі паляцца агні.
        Неразлучны з скрыпкай-другам,
Хлопчык шоў, у снезе вяз,
А па хатах з дзедам цугам,
Вочы ўзняўшы на абраз,
Пеў жабрацкія літанні,
У тон дзеду патрапляў,
І дзядоўскія спяванні
Ён на скрыпцы выйграваў;
І тады, як зрэдку спевы
Песень дзедавых святых
Ціхім жаласці павевам
Струн краналіся жывых,
Скрыпка раптам ажывала
І ўжо новым языком
Жаласць сэрца выяўляла
І звінела пад смыком.
І тады вакол Сымонкі
Ўсе збіваліся цясней,
А дзядоўскія скарбонкі
Накладаліся паўней.
Грош завёўся ў дзеда ў латах —
Запамог Сымон яму…
Так па дворах і па хатах
Перакідалі зіму.
Надакучыла ж зіміца!
Прыхадзі хутчэй, вясна:
Ты — крылатая зарніца,
Ты — прызыўная струна,
Ты — дзяўчынка-чараўніца,
Ты прыветна, ты ясна,
Гучнай радасці паўна;
Ты — надзей і мар злучэнне,
Ты — гром песень, цішыня,
Ты — надзорнае імкненне,
Ты — прастора-шырыня,
Ты — прыгожасць-летуценне.
Ты — развага-глыбіня,
Усмех радаснага дня.
Прыхадзі ж, вясенька-радасць,
Буйна росамі заззяй,
Хай твая краса дабра дасць
І абудзіць гэты край!
І прыйшла яна, княгіня,
Пазганяла снег з зямлі,
І дзе толькі вочы кіне,
Ажыўлялася пустыня,
Травы, красачкі раслі.
А Сымонка нецярпліва,
Сам не знаючы чаму,
Ждаў вясеньку, ждаў, як дзіва,
І кляў холад і зіму.
І цяпер ён быў вясёлы,
Бо ён чуў, што ён жыве,
Што жыве з ім лісцік кволы;
Жыцце чулася ў траве,
У гаёчку, у лясочку,
На палях, і на лугах,
І ў зялёненькім лужочку,
І ў крынічных берагах;
І ў душы бы штось спявала,
А пра што, душа не зн’ала —
Так спявалася само;
Чуў хлапчынка, што спадала
З шыі цяжкае ярмо
Адзіноты, долі горкай, —
Свет хацелася абняць
І людзям бліскучай зоркай
У іх цемрадзі заззяць
І сказаць ім, як шчасліва
Можна жыць і на зямлі,
А яны ўсе — злы-маўклівы
І гняўліва-абурлівы,
З рубяжоў дабра зышлі.
Ён любіў і неба гэта,
Недасяжную глыб-сінь
І бязмежжа горных светаў
І адвечную іх плынь.
Ідуць часам яны з дзедам, —
Месца слаўнае, цяпло,
Час паўднёвы прад абедам.
— Э, куды наша ні шло, —
Кажа дзед: — прысядзем хіба? —
Хлопчык згодзен, хлопчык рад,
Хоць не любіць дзеда-грыба:
Дзед залішне скупават,
Толькі цешыць абяцанкай,
А не справіць халата,
І стары, а жыве зманкам,
Дзед — шалыга[6], шалахта[7].
А дзед сядзе каля дуба,
Кій паложыць на траву,
Люльку возьме ў рот бяззубы
І пахіліць галаву
Ды пачне сваё казанне,
Як павінен жыць Сымон,
Каб праз тое навучанне
Лепш прыбраць яго ў палон,
Бо таму не збыць пакуты,
Хто б над старасцю накпіў.
— А скажы, дзядок: чаму ты
Мне халацік не купіў?
Бач, халат мой: — кучка гною
І няма ў ім рукавоў!
— А нашто халат вясною?
Ну, нашто, каб я здароў?
Меў бы ты халацік новы,
Дык які б ты быў жабрак?
Людзі пальцам ткнуць гатовы:
Жабраку абнова — брак!
Людзі скажуць: ён багаты,
Паглядзі, які халат!
На парог не пусцяць хаты,
Крыкнуць: «Вон, пайшлі назад!»
Зацкуюць яшчэ сабакам
Ды дадуць і кулакоў…
Рвань ёсць беднасці адзнака,
Беднасць — доля жабракоў.
А зірнуць, вось, на такога, —
Хіба той не дасць, хто ліх…
Слухай ты мяне, старога,
Лепей ведаю я іх.
— А скажы, дзед: ці не можна
Жыць праўдзіва, а не так?..
— Ну, а як, скажы, а як?
Галава твая парожна!
Дзе ж тут зман той? вось дзівак!
Раз узяўся ты за гуж,
Не кажы, што я не дуж;
Трэба ведаць тут парадкі:
Зверам будзь сярод звяроў,
Між авечачак — ягняткам…
Толькі так, каб я здароў!
Ты паслухай, што скажу я:
        — Думала варона,
        Чорная хвальбона, —
        Хай не марыкуе, —
        Думала-гадала,
        Што ёй свету мала
        І чагось бракуе.
        Пташкі ўсе, як пташкі:
        Лёгкі лёс ці цяжкі,
        А жывуць як трэба
        Хто жыве ў балоце,
        Гнёзды ўе ў чароце,
        Мае свой кус хлеба:
        Чапля ловіць рыбу,
        І ў сваю сядзібу
        Носіць бусел лсабы.
        Плюхаюцца качкі,
        Гусі, іх сваячкі, —
        Ім вада была бы.
        А хто жыў на полі, —
        Меў там свае ролі,
        Свой парадак пэўны.
        Толькі той вароне
        Паў на глузд, Сымоне,
        Замер неспадзеўны:
        Хоча быць арліцай,
        Бліснуць бліскавіцай
        У надземнай багне,
        Каб ва ўсім стварэнні
        Выклікаць здзіўленне —
        Славы сабе прагне.
        І варона з шула
        Крыллямі ўзмахнула —
        Вышай, вышай, вышай!
        Яна ўжо высока,
        Чуць угледзіць вока,
        І здаецца мышай.
        Толькі ж хто ні гляне
        На яе лятанне,
        Кажа: «То ж — варона!»
        Бачыць — прагарэла,
        Бо не выйшла дзела,
        Не па ёй карона!
        Але не шманае
        Пташына дурная,
        Новы шлях цярэбіць:
        «Спаганю сваё я,
        Спробую другое —
        Паплыву, як лебедзь!»
        Дэбае варона
        На адхон затону,
        Дэбае, гяргеча;
        Стала над вадою
        І — бух з галавою!
        Шугнула, бы з печы!
        Вымакла, бядачка,
        Бо яна не качка,
        Чуць не затанула.
        Вылезла на бераг,
        І цана ёй шэлег[8]
        Не ўзляціць на шула.
        Кінула варона
        Дасяганне трону,
        Зноў ідзе на летнік[9].
        І да гэтых часаў
        Ёй зачынен засаў:
        Ёй прызначан сметнік.
        Дык не будзь, Сымоне,
        Падобен вароне
        І не круці носам,
        Слухай ты старога,
        Не кажы пустога…
        Ды… змагайся з лёсам!
Хлопчык слухаў, ды не верыў:
Лжэ ён, гэты стары пень,
І дзядоўскія намеры
Ясны хлопчыку, як дзень.
І Сыыон даўно заўважыў,
Як дзед пазухі бярог,
Як размовы меў аб кражах,
Як казаў аб зладзяёх.
— Ці дзед хвор? — пытаў хлапчына, —
Што хапаешся за бок?
— Дый не дуж такі, браток, —
Крэхча хітры старычына,
Стогне, войкае нарокам,
Як бы й праўда, што баліць;
А ў старога там, за бокам,
Срэбра цэлы спрат ляжыць.
Вось ён байкі выдумляе,
Як зладзеяў моцна б’юць,
Што за доля іх спаткае,
Калі ў пекла пападуць.
Як іх толькі не ўшчуваюць:
Вараць іх чарты ў катлох,
Скуру кіпцямі здзіраюць
З іх зладзейскіх рук і ног;
Б’юць у спіну бусакамі[10]
І жывое мяса рвуць
І па пальцах малаткамі
Жараць, косці іх таўкуць.
А найгорай тым трапляе,
Хто няшчасных жабракоў
Крыўдзіць або абкрадае —
«Не сказаць — каб я здароў!»
вернуться

5

Жагялі (польск.) — парусы.

вернуться

6

Шалыга — круцель, хлус.

вернуться

7

Шалахта — балбатун, лапатун.

вернуться

8

Шэлег — тут у сэнсе: нічога не варта.

вернуться

9

Летнік — летняя дарога.

вернуться

10

Бусак — багор.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: