IV

Быў якраз пачатак мая.
Ну й была тады вясна!
Ось такая, што бывае
Можа ў сотні лет адна:
Было ў меру ўсё і ў пору:
Дожджык пройдзе, зноў цяпло,
Травы, краскі гнала ўгору
На прастору, на святло.
Выйдзеш з хаты надасвеце,
Так і піў бы дух зямлі,
І раслі б, здаецца, дзеці,
Каб іх кінуць на раллі.
А дзянёчак як настане,
Тая ранічка вясны!
Кропля роскі на каштане
Блеск запальвае дзіўны;
У ёй зорчын смех блукае,
І вясёлкі ў ёй дрыжаць,
А лес радасцю гукае,
Шчасцем вее сенажаць.
А вакол так ціха-гожа,
А паслухаеш — чутно,
Як расце трава і збожжа —
Нівак свежае руно.
І з зямлі празрыстым парам
К небу ўзносіцца туман,
Як малітва сонцу, хмарам,
І дрыжыць, гарыць пажарам
Скат узгоркаў і курган.
Ну, вясна была на дзіва!
Не, Сымонку не забыць
Той вясны, пары шчаслівай,
Покі ў свеце будзе жыць!
То было нейк у суботу.
Слаўны выдаўся дзянёк!
Моцна парыла, а потым
Стаў павейваць вецярок
Ды густы, падуў з заходу
І засценьваў неба край.
— Будзе нейкая прыгода,
Ходу, хлопча, падбаўляй —
Ці не пройдзе дождж, глядзі ты:
Млявасць чуецца, цяжар;
Так і спаў бы, як забіты,
І так парыць, такі вар,
Што насілу цягнеш ногі,
Хоць лажыся дзе пад плот.
Дзед з Сымонкам шлі дарогай
Між палёў у свой абход.
— А ўжо сонца невысока,
Не мінуць бы хутароў.
Бачыш ты іх? Ці далёка?
— Тут, дзядок, няма двароў, —
Паглядзеўшы, хлопчык кажа.
Зноў маўчком яны ідуць;
А на захадзе, як сажа,
Хмары цёмныя ўстаюць,
І варушацца клубы іх,
        Як жывыя,
        І сівыя,
Нібы голавы на шыях
Нейкіх волатаў дзіўных,
З багна неба насланых,
Ды, як змей многагаловы,
Націскаюцца цяжэй;
Глушыць землю шум іх мовы,
І выконвае ім словы
Гром выразней і мацней.
Ідзе хмара. Бліскавіцы
Палыхаюць і гараць.
Сам пярун там грозналіцы
Перайшоў зямлі граніцы
І вядзе над ёю раць.
Лук яго з маланак звіты,
Хмара — шчыт, а стрэлы — гром,
Бура — конь многакапытны;
Ён віхрамі апавіты,
Неба ўсё яму шатром.
І ўеё ніжай і ўсё ніжай
Абвісае хмар страха,
І ўсё грозней ды ўсё бліжай
Гром, зачаўшыся сціха,
Забушуе, бухне ў боры
Гукам-грукатам пярун
І пагоніць гуды ў горы,
Гне лясы, гудзе лясун,
Як гудзе струна гітары.
Пазіраў Сымон на хмары.
Што ж яны там выраблялі!
Як клубіліся яны!
Як маланкі іх аралі!
Як траслі іх перуны!
— Дарма выбраўся ў дарогу,
Дзе ж схавацца нам цяпер?..
Вер у Бога, але Богу
Не заўсёды, браце, вер! —
Дзед ісці хутчэй стараўся
І Сымона падганяў,
Шоў, на момант прыпыняўся,
Хаты поглядам шукаў.
— Ну, грымоты, ай, грымоты!
І ўвалье ж нам, ого-го!..
— А скажы дзядок: чаго ты
На гром хрысцішся? чаго?
Толькі блісне бліскавіца,
Ты і хрысцішся? Чаму?
— Ты, Сымон, яшчэ дурніца,
І тлумач усё яму.
А затым, каб злога духа
Гэтым крыжам адагнаць!
Як жа гэтага не знаць?
Каб не лез злы дух, псяюха,
Бо Ілья яго, паганца,
Лупіць стрэламі грамоў,
Раз’язджаючы ў маланцы
Над зямлёй між аблакоў;
Вось ён схованкі шукае
Пад хрышчонаю душой,
Бо на свеце чорт блукае,
Каб пакепліваць над ёй. —
Хлопчык слухаў у здзіўленні,
Вочы кідаў на карчы,
А ў пужлівым уяўленні,
Ўсталі чэрці-рагачы.
Унь на дзераве з бярозы
Рожкі вытырклі і хвост,
Штось пабегла там у лозы,
Нешта скокнула пад мост.
А што там у пні за дзіва?
Вушы, нос і капыток…
Ну, напэўна там чарток
Прытаіўся палахліва.
А па хмарах на маланках
Громы кідае Ілья,
Аж калоціцца зямля,
Цёмна стала на палянках.
— Дзедка, бачыш, унь сядзіба,
Па-над лесам хутарок!
— На ачосы пойдзем хіба,
Ды хутчэй, хутчэй, сынок.
Са шляху яны звярнулі,
Нацянькі ідуць мяжой.
Хмары ж неба апранулі,
Даль закрылася імглой.
Як жывое срэбра, важка
З хмар пярэдніх дождж упаў;
За маланкай следам цяжка
Гром страшэнны загучаў.
І, здалося, не стрымала
Хмара цяжару грамоў,
Раптам ставы разарвала,
Нібы лёд рака ўзламала
І пабегла з берагоў.
Слепіць вочы бліскавіца,
Бура, громы, навальніца,
Па зямлі бягуць крыніцы…
Вайшлі ў хату дзед з Сымонам,
Чэсць далі гаспадаром,
Старасвецкім «пахвалёным»
Прывіталі гэты дом.
Стаў Сымонка каля лавы,
Хату поглядам абвёў,
А халацік безрукавы
Цёк у дзесяць ручаёў.
Загарэў, бядак, ад сонца,
Твар лушчыўся і ліняў,
І мізэрна так бясконца
Гэты хлопчык выглядаў!
Толькі вочкі асвячалі
Твар замораны, худы
І так многа прыдавалі
Хлопцу гора і нуды.
І было ў іх задумленне
Не дзяціных яго лет,
І адбітак засмучэння
Палажыў на вочы след.
І той погляд раз даволі
Хоць на момант улавіць,
Каб ужо яго ніколі,
Назаўсёды не забыць,
Бо жыццё прайшло няскладна
Па дзяцінай паласе, —
І на хлопчыка ўспагадна
Пазіралі тут усе.
— Што, дзядуля: гэны блазан
Свой табе, чужы, ці як?
— Не, панюхна, не сваяк, —
Так нядоляй са мной звязан.
— А радню ж якую мае,
Ёсць бацькі, ці сірата? —
Хлопчык вочы апускае,
Падаецца ў бок кута.
— Як сказаць вам? збег ён з дому!
Выгнаў бацька яго вон.
Што ж было рабіць малому?
І са мною ходзіць ён. —
Тут на хлопца вочы строга
Сам ускінуў гаспадар.
— Бацька выгнаў? бойся Бога!
Эге, ты, відаць, штукар!
Што зрабіў ты, прызнавайся?
Мусіць, печаны ты гад?
— Кінь ты, бацька, не чапляйся!
Можа ён не вінават, —
Кажа ціха гаспадыня: —
Што карыць яго дарма?
Ад дабра свой дом не кіне,
Добра ведаю сама. —
Як заплача тут хлапчынка!
Як прарвецца яго жаль!
Аж дрыжыць ён, бы націнка, —
Ну, канчаецца амаль,
Бо ён першы раз, няшчасны,
Слова жаласці пачуў;
Слова ласкі, погляд ясны
Сэрца хлопцу павярнуў.
Стала ў хаце ўсім нялоўка,
Бо пачулі чэрствасць, стыд,
Бо з-за ласкавага слоўка
Гэтак плакаў ён наўзрыд.
— Сціхні, годзе, а то брыдка:
Хто не бачыў тваіх слёз? —
Дзед тузнуў яго за світку,
За плячук яго патрос;
— А чыя ж то скрыпка гэта? —
Зноў спытаўся гаспадар.
— А яго! О, граць ён мэта:
Першай гільдыі штукар!
Ну, Сымон, утні ты, браце,
Хай паслухаюць паны! —
Зацікавіліся ў хаце —
Больш Сымон ім стаў дзіўны.
Ён уцёрся кулачкамі
І ўжо плакаць трохі сціх,
Больш вясёлымі вачамі
Ён акінуў тут усіх.
Мімавольна і выпадкам
Чыйся погляд ён спаткаў,
Хтось сачыў за ім украдкам
І вачмі вачэй шукаў.
Ён ніколі не забудзе,
Покі жыць на свеце будзе,
Пары ясненькіх вачок,
Тонкіх бровак, тварык ветлы,
І на губках такі светлы,
Такі добранькі смяшок.
Ён яшчэ раз вочкі ўскінуў,
Зноў той погляд улавіў.
Тут Сымонка скрыпку вынуў,
Чуць галоўку пахіліў
І зайграў, ды так прыўдала,
Як ніколі не іграў,
Скрыпка нібы вымаўляла —
Душу радасць авявала,
Душу смутак ахінаў.
Змоўклі ў хаце ўсе дазвання —
Зачароўваў ён усіх,
Толькі зрэдку, без пытання,
Сам сабою чуўся ўздых.
Галаву рукой апёршы,
Гаспадар прысеў за стол,
Нерухомы, бы абмёршы,
Апусціўшы вочы ў дол.
Гаспадыня, як стаяла,
І застыла так, маўчыць,
Бы яе штось прыкавала,
На твары сляза блішчала,
А струна гучыць-гучыць!
Грае хлопчык ды часамі
Кіне вочкі ў той куток,
Каб спаткацца зноў вачамі
З парай ясненькіх вачок.
А яны глядзелі пільна,
І ўспагадна, і прыхільна,
Ды так міла, ды так гожа,
Як дзяўчынка глядзець можа.
Ад тых вочак шлі праменні,
Сэрца лашчылі цяплом,
Адганялі мрок-суценне,
Душу цешылі святлом.
І тады струну раптоўна
Ажыўляў вясёлы тон,
Плаваў смык той лёгка-роўна
Ды з струнамі палюбоўна
Вёў суладны гоман-звон.
Так на полі ў вечар мая
Ветру лёгенькі павеў
Чуць калосікі гайдае
Ды з іх гутаркі складае
Нейкі гожы-ціхі спеў.
Скончыў ён, а вобраз грання
Жыў, звінеў яшчэ ў душы,
Як той голас развітання,
Што гучыць табе ў цішы.
— Хлопчык, родны ты мой, мілы!
Як жа граеш ты, браток!
Як завешся ты, пахілы,
Залаты мой ты чаўнок? —
Хваліць хлопчыка малога
Гаспадар на ўсе лады.
— Ну, хадзі за стол, нябога;
Сядзь і ты, стары, сюды,
Пасілкуйцеся з дарогі…
Ты знімі, дзед, свой мяшок! —
Крэхча, дзякуе убогі:
— Не турбуйцеся, панок!
От прысяду я тут з краю,
Хай вас Бог усіх цаліць…
Я, панок, нашто хлусіць, —
Надта хлопца паважаю,
Слаўны хлопец, малайчына,
Як бы ў ім мая ёсць кроў,
І гляджу яго, як сына,
І люблю, каб я здароў!
— Але ён худы да змору…
Што ж, Сымонка, не ясі?
Ганна, збегай ты ў камору,
Сыру хлопцу прынясі!
Дык то Ганна! Ну й дзяўчынка!
І прыўдалая ж яна!
Станік тонкі, бы націнка,
Тварык — ветлая вясна,
А як гляне, вочкі ўскіне,
Усміхнецца — ясны дзень!
Хоць якая злосць астыне,
Раптам згоніць з твару цень.
— Ну, частуй музыку, Ганя! —
Застыдзілася яна,
Як цвет маку, ўся дазвання
Шчочка стала чырвана.
Але вочкі ускідае
На Сымонку ды ізноў
Іх саромліва спускае
І ніяк не знойдзе слоў
Папрасіць яго як трэба.
І Сымонка сам не свой:
З сырам сыр есць замест хлеба,
Трэ галушачкі рукой,
Ніжай гне свой стан сірочы,
Рук не знае дзе падзець,
І не смее ёй у вочы
Смела, проста паглядзець.
Дзед тым часам твар жагнае,
Вочы ўзняўшы к абразом,
І прад імі выслаўляе
Ён прыветны гэты дом.
— Дзякуй вам за падвячорак! —
Кажа ён гаспадаром.
— Ну, Сымон, да першых зорак
Можа ў Ліпы сціганём? —
Хлопцу стала нейк маркотна.
— Пойдзем! — кажа, і ўздыхнуў
І падняўся ды гаротна
Хату тую азірнуў.
І заныла, так заныла
Сэрца беднае яго!
І журбота падступіла,
А па чым яна? чаго?
Зноў ісці жабрачым шляхам
І жыць гэтак дзень за днём,
Калі тут, пад гэтым дахам,
Ён авеяны святлом!
— Тут начуйце, хто вас гоніць?
Унь на небе колькі хмар!
Ды ўжо й позна, — ім гамоніць,
Іх спыняе гаспадар:
— Клуня блізка, і на сене
Можна добра адпачыць,
Чым вы мелі па калені
Гразь папоцемку мясіць.
— О, няхай вам Бог спрыяе!
Нам абы-які куток, —
Кажа дзед ды зноў знімае
Свае торбы і мяшок.

Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: