— Пасля пэўнай трэніроўкі рызыкнуў бы.

— Вы ж разгадалі сакрэт. A fortiori[10], кволая кабета таньчыць, не баіцца. Давядзіце, наколькі гэта лёгка! Мы яшчэ не прыбралі абсталяванне, — працягваў пацвельваць Лёдніка італьянец.

— Думаю, панства, не варта выпрабоўваць фартуну перад нялёгкай дарогай, — ціха прагаварыў Шрэдэр, і гэта прагучала, як загад. Італьянец пераможна ўсміхнуўся і замаўчаў. Лёднік злосна падціснуў вусны… Але ўсё-ткі адпомсціўся: калі сіньёр Батыста, з іроніяй гледзячы суперніку ў вочы, пацягнуўся ўзяць відэлец, не змог адарваць металёвы прыбор ад стала. Пранціш памятаў, што былы алхімік здатны на такія фокусы: калісьці пан Агалінскі ў Тамашове гэтак жа не змог дастаць з похваў шаблю пад позіркам доктара. Батыста зрабіў выгляд, што нічога не адбылося, прыбраў руку ад відэльца і пацягнуўся за апельсінам. Цяпер вочы доктара пераможна бліснулі, і Пранціш яшчэ раз выцяў яго пад сталом нагой. Хопіць ужо даводзіць вандроўнаму факіру, хто мацнейшы! Вучоны называецца, акадэмік… Дзіва што ўсё жыццё патрапляў у прыгоды. Тым болей у вачах сіньёры Батысты плёскаўся сапраўдны жах, нібыта зараз адбудзецца забойства. Няўжо яна гэтак свайго мужа баіцца? Па вогнішчы таньчыць, жывую змяюку на шыі носіць, і такая палахлівая… Пані павярнулася да мага, які нешта шаптаў ёй на вуха, позірк Пранціша зараз жа адправіўся ў дэкальтэ, бо карункавая хустачка трохі саслізнула. І драгун заўважыў густа прыпудраны сіняк.

Цяпер Пранціш быў упэўнены, што перад ім актрыса са Слуцкага тэатру. Егіпецкую прынцэсу біць не сталі б. У душу аспідам запаўзала расчараванне. Мужычка ў парыку… А ён ужо намроіў сабе… З другога боку, яна жонка графа, значыць, сапраўдная графіня, бо паводле Статута жонка пераймае стан мужа. А з гэтым фанабэрыстым панам Батыстам варта пазмагацца, куртуазныя перамогі шляхціца ўпрыгожваюць.

Вячэра скончылася прачытанай панам Шрэдэрам малітвай, усе, акрамя Батыстаў, зноў апранулі маскі і адправіліся па пакоях. Пранціш так і прыліп вачыма да танклявай грацыёзнай постаці егіпецкай прынцэсы. Нечакана граф затрымаў Пранціша:

— Ваша мосць, я мушу пайсці з панам Гросам, вырашыць важнае пытанне, зрабіце ласку, праводзьце маю жонку.

Самазваная егіпцянка зараз жа працягнула Пранцішу тонкую прахалодную ручку… Лёднік фыркнуў і адправіўся за слугою, які нёс перад ім ліхтар, у свой пакой. А драгун у п’янкім прадчуванні галантна падставіў пані руку і павёў у другі бок. Цені ад свечкі, што гарэла ў ліхтары лёкая, беглі па сценах калідора, завешаных габеленамі, як прывіды закаханых мінулых стагоддзяў, што гэтаксама поўніліся палкіх прадчуванняў, выпраўляючыся на начныя спатканні, гарэзнічалі і дурэлі, утваралі подзьвігі і пракуды дзеля сваіх каханых, але ўсе ператварыліся ў тло, і ў лепшым выпадку засталіся ад іх халодныя парадныя партрэты…

Дарэмна, відаць, драгун вырашыў, што пані Серафіна баіцца свайго мужа. Таму што яна шчодра дарыла свайму кавалеру позіркі і ўсмешкі, і абапіралася на ягоную руку даволі цвёрда. І не адняла сваёй ручкі, якую Вырвіч насмеліўся пацалаваць ля дзвярэй пакоя. Больш за тое…

— Зайдзіцеся да нас на хвілю, — прамовіла таямнічым голасам прынцэса. — Мужа не будзе яшчэ доўга.

Пранціш на нейкае імгненне прамарудзіў — у пастку звычайна заманьваюць менавіта такім ласкавым, шматабяцальным галаском, але калі гэта шляхціц баяўся спакуснага спаткання з прыгожанькай дзеўкай! Гэта ж не з князёўнай Багінскай, калі зайдзі далёка па сцяжынцы Амура — галаву страціш у самым найпростым сэнсе. А з гэтай панечкай, няхай яна на агні таньчыць, Пранціш свайго не ўпусціць… Магчыма, яна проста пазнала гожага нямецкага юнака, з якім перамігвалася калісьці ў Слуцкім тэатры?

У пакоі, не забыўшыся замкнуць дзверы на ключ, пані Серафіна запаліла свечкі ў падсвечніку на сакрэтніку з чорнага дрэва і павярнулася да госця, які не збіраўся траціць час дарэмна і прыабняў пані:

— А ты мяне, мусіць, пазнала…

Прынцэса самую трошачку разгубілася, цень спалоху мільганула ў светла-зялёных вачах:

— Можа, пан нагадае, дзе мы сустракаліся з вашай мосцю? У Парыжы? У Рыме на карнавале?

Пранціш прыцягнуў красуню да сябе і прашаптаў ёй на вушка:

— У Слуцку… У тэатры… Гадоў шэсць таму… Ішла рэпетыцыя… Ты, Міхалішыўна, была на сцэне, з такой выразнасцю і майстэрствам іграла царэўну Наўсікаю, а я сядзеў у зале, і глядзеў на цябе, не адрываючыся… Я пазнаў бы цябе ў любым уборы!

Паводзіны графіні Батысты на вуркатанне кавалера проста спалохалі. Прыгажуня вырвалася з абдоймаў і адскочыла, як французскі прынц Генрых Валуа з ліцвінскай лазні, у вачах зноў плёскаўся жах.

— Я думала, памылілася… Вы падаліся мне знаёмым… Але нам сказалі, што вучань нямецкага доктара загінуў.

Пранціш самазадаволена ўсміхнуўся — вось чаго яна пералякалася, вырашыла, што мае справу з прывідам! А яшчэ магіяй займаецца, дурнічка, з духамі размаўляе! Драгун пастараўся супакоіць самазваную прынцэсу, патлумачыўшы, што ў замку Радзівіла Жорсткага яны з Лёднікам выконвалі таемную місію, таму мусілі быць пад чужымі лічынамі, і выратаваліся дзякуючы ўласнай смеласці і жалезнай чарапасе на вадзяным рухавіку, якую Геранім Радзівіл замовіў вынаходніку Якубу Пфальцману, аднакурсніку Лёдніка. У тым, што ён жывы, Пранціш пастараўся пераканаць прыгажуню куртуазным спосабам, але тая адхінулася ад пацалунка, яе па-ранейшаму трэсла.

— Пан Вырвіч… Прашу вас… Малю… Толькі не гаварыце нікому, што вы мяне пазналі!

Цяпер у Міхалішыўне не было і следу ад той свецкай какеткі, якая прывяла яго ў гэты пакой. Вочы ліхаманкава гарэлі, пальцы, якімі яна ўхапілася за даланю Вырвіча, былі халоднымі, як лёд.

— А, вось яно што, граф Батыста не ведае, з кім ажаніўся? — трохі пагардліва спытаўся Пранціш. Такая цалкам магла выдаць сябе за шляхцянку. Але Міхалішыўна толькі горка рассмяялася.

— Яшчэ як ведае… Ён жа мяне купіў — пасля смерці князя Гераніма тэатр занепадаў, артыстаў разганялі, каго куды. Мяне маглі зрабіць пакаёўкай ці ўвогуле адправіць на мануфактуру, габелены ткаць. А граф бачыў мяне на сцэне і вырашыў, што я яму спатрэблюся. — Сіньёра Батыста глыбока ўздыхнула і, наважыўшыся, прамовіла дрыготкім голасам. — Ён мне такі ж муж, як і граф. Як казалі ў нашай слабадзе — шлюб пад плотам, а вяселле потым. Хто я? Рабыня, якая іграе прынцэсу. Калі Луіджы… Яго насамрэч Луіджы завуць… даведаецца, што я… не справілася з ягоным даручэннем… што вы пазналі мяне, і цяпер уся ягоная дзейнасць пад пагрозай, бо яму могуць перастаць верыць, і егіпецкая прынцэса страціць свае чары… Кепска будзе не толькі мне, але і вам. Пан Вырвіч, ён страшны чалавек!

Пранціш хмыкнуў:

— Не бойся, я нікому нічога не скажу. І няма чаго палохацца — мой сябар, прафесар Лёднік, твайго мага як камара размажа.

Дзяўчына перахрысцілася па-праваслаўнаму, у празрыста-зялёных вачах плёскаўся спалох.

— Ратуй нас, святы Кіпрыян… І праўда, ваш сябар яшчэ страшнейшы за Луіджы. Ён так раззлаваў графа, што не ведаю, чым гэта абернецца для мяне. Батыста падманшчык, а ваш… Ён жа сапраўдны чараўнік!

Голас дзяўчыны сышоў на пераляканы шэпт. Пранціш хмыкнуў.

— Гэта ты з духамі размаўляеш, як вядзьмарка. А Лёднік — вучоны, доктар, прафесар… Праўда, тое-сёе можа, але ён добры хрысціянін, і ніколі людзям не нашкодзіць. Ну, пакуль ён без шаблі. А… што за даручэнне табе Батыста даў?

Міхалішыўна апусціла галаву:

— Нічога незвычайнага. Завабіць вас, змусіць закахацца, каб потым здабываць патрэбныя звесткі і кіраваць вашымі дзеяннямі.

На Вырвіча быццам халоднай вадой лінула. Вось табе і куртуазная прыгода, непераможнае хараство драгуна… Той Батыста наўрад верны адэпт ордэна. Хутчэй, ад страху перад езуітамі выслужваецца, каб інквізіцыя не чапала. А золата з менскіх сутарэнняў — прываба неадольная, да якой можна дабрацца праз закаханага драгуна. У душы віравала злосць на падступную дзеўку.

— І граф часта дае табе такія даручэнні? Налаўчылася?

Міхалішыўна раптам ганарліва выпрасталася, і Пранцішу стала трохі сорамна за сваю грубасць пры поглядзе на яе змучанае і ўсё-ткі трагічна-гожае аблічча. Маска, усяго толькі маска актрыскі! — напомніў сабе Пранціш.

вернуться

10

Тым больш (лац).


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: