— Я магла не прызнавацца вам. Магла падмануць. Але мне падалося, што вы, пан Вырвіч, чалавек сумленны і міласэрны. Магчыма, мне трэба было яшчэ ў Слуцку ўчыніць, як рымлянцы Лукрэцыі — засіліцца, абы не даць сябе згвалтаваць. Магчыма, трэба было зрабіць гэта яшчэ ў дзяцінстве, калі мяне забіралі з дому тыя, хто забіў маіх бацькоў. Але — што ж, і пырнік пад плотам дзеля чагосьці расце. Мастацтва замяніла мне ўсё… In arte libertas![11] Прынамсі, ні Еўрыпіда, ні Шэкспіра, ні Лопэ дэ Вега ў мяне ніхто не адніме… І пан Батыста шмат чаму навучыў мяне. Мовам розным, іграць на клавесіне і флейце. І ў навуках таемных веды даў, і ў ложку. І я буду ўсміхацца вам, ваша мосць, і вы можаце скарыстацца з маіх вабнотаў, калі вам будзе заўгодна.

Міхалішыўна па-блазенску пакланілася і вымавіла фразу, з якой рымскія артысты звярталіся да публікі:

— Videte et applaudite![12]

Цяпер было зразумелым, адкуль на далікатнай скуры паненкі сінякі. Не столькі ў словах, колькі ў самім тоне прамовы гучала стоеная дзёрзкасць, выклік, што сведчыла — не пакорлівая авечка перад Пранцішам.

— А хто забіў тваіх бацькоў? — папытаўся Вырвіч. Прыгажуня апусціла вочы.

— Мы з Крычава. Мой бацька быў збройнік, браў удзел у паўстанні.

Ого, крычаўскае паўстанне! Тады мяшчукі і мужыкі біліся супраць войска князя Гераніма Радзівіла так, што шляхта дасюль не любіць успамінаць. І расправа над бунтаўнікамі была жорсткай. Пранцішаў бацька, Даніла Вырвіч, тады таксама патрапіў памахаць шабляй супраць вілаў ды цэпаў. Наколькі памятаў Пранціш, увязаўся бацька ў бойку выпадкова… Мала што па дарозе з карчомкі ў карчомку з высакародным панам можа надарыцца. Але не вагаўся, які бок прыняць — вядома, шляхціцаў! Няхай прасталюдцы дзесяць разоў маюць рацыю, няхай пан беззаконнем сваім давёў іх да адчаю. Вось толькі ўспамінаць пра тыя падзеі пан Даніла Вырвіч не любіў, бо не лічыў ганаровым для шляхціца бойку з мужыкамі. Але, атрымліваецца, ён мог быць забойцам сваякоў Міхалішыўны. Пранціш пра гэта, вядома, прамаўчаў, не зводзячы вачэй з дзяўчыны: а такая і нажом можа пырнуць… Вунь як вачыма бліскае.

Але, з другога боку, пан Вырвіч ёй відавочна падабаецца, дый звязаная яна цяпер тым, што Пранціш ведае яе таямніцу. А значыць, зброю Рудольфіюса Батысты можна выкарыстаць супраць яго самога! Зловіцца рыбачок на ўласны кручок! І гэта будзе самай прыемнай помстай!

Вырвіч зноў усміхнуўся і прыабняў прынцэсу за талію.

— Я ніколі не выкарыстоўваў жанчын, я толькі дарыў ім каханне. Таму можаш мяне не баяцца. Я нават буду перад Батыстай паказваць, што ты зусім закруціла мне галаву. А вось ты можаш мне памагчы?

Вусны Міхалішыўны здрыгануліся здзіўлёна…

— Чым я магу дапамагчы васпану?

Вырвіч схіліўся да ружовага вушка.

— Ты павінна разумець, што мы з доктарам Лёднікам зараз у небяспецы. Проста расказвай мне, што прыдумае Батыста і езуіты. Напачатку скажы, куды паедзе карэта?

Міхалішыўна апусціла вочы і ціхенька ўздыхнула.

— У Лебу.

— Што? — вырачыў вочы Пранціш. — Гэта дзе?

— Маленькі порт на беразе Балтыкі. За Лембаркам.

Вось яно што, золата пераправяць морам… І не з вялікага порту, як Гданьск альбо Гамбург, дзе поўна віжоў.

— А што тут за таемнае зборышча?

Міхалішыўна пагардліва фыркнула.

— Таемнае… Проста Луіджы шмат разоў сцвярджаў, што каб падняць кошты на білеты, трэба туману напусціць, пераканаць, што гэта толькі для выбраных, пасвечаных, ёсць небяспека… І людцы збягуцца, як пацукі на сала.

Пранціш пазіраў па актрысу, і як наяве ўспомніліся даўнія падзеі, калі яны з Лёднікам у Слуцку вызвалялі Саламею, як ім дапамагаў дырэктар опернай трупы…

— А што здарылася з сіньёрам Пучыні і з ягоным братам Джавані, калі мы са Слуцку ўцяклі?

Міхалішыўну ажно перасмыкнула ад успамінаў.

— Князь тады гэтак узлаваўся, што ныркі прыхапіла, злёг у ложак… Пералякаліся ўсе, увесь горад шэптам размаўляў. А сіньёр Пучыні ў той жа дзень знік разам з братам.

— Збеглі, значыць, таксама? — узрадваўся Пранціш. Але актрыса сумна паківала галавой.

— У Слуцкім замку вельмі проста было знікнуць, ваша мосць. Я аднойчы чула, як нехта ў сутарэннях турэмнай вежы спявае італьянскія арыі.

Вырвіч панурыў галаву. Сумная звестка… На жаль, ніколі не атрымліваецца так, каб выратаваць усіх вартых, човен Фартуны малы і хісткі.

— А як ты навучылася таньчыць на вуголлях?

Пытанне было не самае карыснае, затое даўно мучыла Пранціша. Міхалішыўна правяла рукой па плячы, там, дзе таксама быў запудраны сіняк.

— Пан Батыста сапраўды бачыў такое у Балгарыі. Вучыцца давялося доўга. Атрымалася не адразу…

Крывая ўсмешка актрысы пацверджвала, што за сціплым «не адразу» хаваецца шмат пакутлівага. Вырвіч паглядаў на прыгажуню, што трымцела ў яго абдоймах, і разумеў, што дзяўчына цалкам у ягонай уладзе. І калі ён толькі захоча…

Але Пранціш уявіў, колькі разоў дзяўчыне даводзілася вось так па загадзе ўлагоджваць важных гасцей… І грэблівасць да яе адчувалася, і шкадоба. Прыгонная дзеўка — гэта ж не шляхетная паненка, якая беражэ свае цноты дзеля адзінага, вартага, рыцара, і нават не дачка гутніка з вуліцы Шкельнай, чый гонар зацята абараняе радзіна, і калі што — і на шляхціца ў суд пададуць за абразу роднай кветачкі. Мусіць, яшчэ ў палацы Гераніма Радзівіла Міхалішыўна не раз выяўляла ў аголеным выглядзе «жывую статую», якімі магнат любіў упрыгожваць свае балі. І хто з гасцей хацеў — мог і налюбавацца, і скарыстацца. Якая ж з такой любоў… Рамантыкі менш, чым пасля кварты гарэліцы з карчмаркай у каморы. Пранціш пацалаваў ручку актрысы і адступіў.

— Скажы хоць, як цябе насамрэч завуць. Не Серафіна ж, я думаю.

Вочы несапраўднай графіні заззялі недаверлівай надзеяй:

— Раіна… Раіна Міхалішыўна.

— Ну, дабранач, Раіна Міхалішыўна.

Вырвіч ветліва пакланіўся і сышоў. Цяпер ён быў упэўнены, што сэрца графіні Серафіны Батысты, егіпецкай прынцэсы Семпенсентры і дачкі крычаўскага бунтаўніка Раіны Міхалішыўны ў адной асобе — належыць яму гэтак жа верна, як гетману — булава. Пранціш адчуваў сябе дасціпным, як тыя два шляхцюкі, у якіх была адна пара ботаў, і яны ездзілі на кірмаш, кожны звесіўшы з возу адну нагу ў боце, а другую схаваўшы ў сена.

І адначасна выспявала незадаволенасць. Так, бравага драгуна кахаюць… Але чамусьці не князёўны і прынцэсы. Ягоная доля — камерыстка Ганулька, якая, мусіць, і зараз пакорліва мроіць пра недасяжнага пана Вырвіча з русявым чубам, ды бязродная наложніца авантурыста, вандроўнага фокусніка. А амурныя прыгоды павінны дадаваць шляхціцу бляску! Вунь той дзюбаносы пахмуры мяшчук Лёднік у Ангельшчыне стаў каханкам лэдзі каралеўскай крыві, якая ўпадабала яго падчас паядынкаў у байцоўскім клубе. А да гэтага прыжыў дзіця з дачкой свайго пана, радавітай гожай шляхцянкай пані Галенай з Агарэнічаў. Праўда, кахае доктар толькі сваю Саламею, у дзявоцтве Рэніч, дачку полацкага кнігара. Затое пані Саламея прыгажэй за любую прынцэсу, нават егіпецкую.

Вырвіч зайздросліва ўздыхнуў. Ну чаго не хапае беднаму драгуну, каб скарыць сэрца якой сапраўднай графіні?

Шкада, што Міхалішыўна такой не з’яўляецца. Усё-ткі яна такая… вытанчаная… смелая… няшчасная…

РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ

ЕЗУІЦКАЕ СЯБРОЎСТВА І ГАНУЛЬКА МАКАВЕЦКАЯ

Снілася Вырвічу, што гуляе ён каля егіпецкіх пірамідаў, пясочак жоўценькі-жоўценькі, як на адхоне Дняпра, вакол пальмы, падобныя да вялізнай папараці, і вось ідзе ўрачыстая працэсія, нясуць мурыны паланкін з ярка-чырвонага шоўку… Параўняўся паланкін з Пранцысем, расхінулася тканіна, і выглядае адтуль незямная прыгажуня, сапраўдная егіпецкая прынцэса, і кажа: «Будзеш маім фараонам, Пранцысь Вырвіч!». А нагадвае прыгажуня адначасова Раіну Міхалішыўну, панну Паланэю Багінскую і нават амаль забытую Ганульку Макавецкую. Нібыта спалучыліся таямнічасць адной, высокае паходжанне і багацце другой і палкія пачуцці да драгуна трэцяй.

вернуться

11

У мастацтве воля! (лац).

вернуться

12

Глядзіце ды пляскайце ў ладкі! (лац).


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: