І памкнуўся драгун да прынцэсы, працягнуў ёй руку… А чырвоная тканіна раптам ператварылася ў агонь, ад паланкіна і прынцэсы пацягнула пякельным жарам…

Эх, не лёс Вырвічу пацараваць нават у сне! Пранціш патрос галавой, адганяючы драмоту. Ява ўвогуле была непрыветнай. Неба, якое бачылася ў вакно дарожнай карэты, так зацягнулі шэрыя хмары, што незразумела, ці раніца, ці дзень, ці вечар, ці мгліцца ў вачах пасля збаночка добрай мальвазіі. Буркоча сумную сваю баладу дождж, сычыць у хмызах халодны вецер, колы экіпажа правальваюцца ў яміны, як п’яныя. А насупраць — пахмурыя, як незасквараная капуста, абліччы Гроса і Шрэдэра, ды яшчэ ілжэ-граф Батыста паглядае, як сват, што вязе жаніха да кульгавай нявесты. На Лёдніка Пранціш увогуле пазіраць баяўся — той зашыўся ў кут вялізнай, як карабель, карэты з Лейпцыгскім навуковым часопісам у руках і ўсім выглядам дэманстраваў, што хацеў бы знаходзіцца хоць у пінскім балоце, абы не тут. Пану Шрэдэру, якому адвялі асобную лаўку, дзе пры жаданні можна прылегчы, час ад часу блажэе, тады экіпаж спыняецца, Лёднік перабірае бутэлечкі і адмярае для хворага мікстуры… Рэзкі пах балота, камфары і валяр’яны перабівае салодка-гаркавы пах парфумы егіпецкай прынцэсы. Потым стары ківае галавой, упарта прыўзнімаецца, і карэта рушыць далей. Жалезная воля ў пана Якуба Шрэдэра. І дзіўныя адносіны з панам Зыгмунтам Гросам, які ледзь яго не адправіў на той свет. Усміхаюцца адзін аднаму — а вочы, як у змей. Халодныя і немігучыя.

Адна прыемнасць — пераглядацца з Міхалішыўнай. Ад такіх дзявочых поглядаў праўдзівы мужчына адчувае сябе ваяводай на кані. Актрысе, пэўна, добра дасталося ад італьянскага мага — сукенку зашпіліла пад горла, каля вока відзён яшчэ адзін запудраны сіняк. Італьянец зусім глуздоў не мае, калі псуе гожае аблічча асістэнткі, прывабу для кліентаў.

Затое тым вярней перамога над спакутаваным сэрцам Міхалішыўны добрага пана Вырвіча, бо жабраку і панцак — золата.

Але трэсціся ў карэце надакучыла — лепей бы ўжо на кані праехацца, няхай і пад дажджом. Ззаду цягнуўся яшчэ і вялікі воз з прыладамі фокусніка, запакаванымі ў прасмоленую рагожу, і замаруджваў і без таго нетаропкае падарожжа. Золата дзесьці побач, і, магчыма, Пранціш Вырвіч гербу Гіпацэнтаўр зараз сядзіць проста над якім-небудзь залатым рэлікварыем, упрыгожаным смарагдамі, ці над той пагнутай-пашмакутанай штуковінай, якую езуіт з такой пачцівасцю цалаваў.

Граф Батыста шалбер спрактыкаваны. У яго выявіўся каралеўскі патэнт на праезд з рэкамендацыйным лістом ад самога Панятоўскага — кароль застаўся ўражаны прадэманстраванымі ў крышталёвым шары карцінамі ўласнай светлай будучыні і засведчыў лістом, што маг у яго заўсёды жаданы госць. Таму сустрэчны раз’езд жаўнераў нават у карэту зазіраць не стаў. Але калі прыпыніліся каля карчмы пад назовам «Перліна» — трэба было памяняць стамлёных коней — патэнт не дапамог. Фурман вярнуўся з той каламутнай «Перліны» мокры і злы. Гаспадар коней не дае, хаця яны ёсць. Спасылаецца на дзяржаўныя патрэбы.

Згушчалася цемра, як кісель з чарніцаў, ліў дождж, ля карчмы настаўлена экіпажаў, як свечак у вясельны каравай, так што зразумела — вольных пакояў таксама няма. Дый не з рукі таемнай кампаніі заставацца ў людным месцы са сваім залатым грузам. І так спыніліся, не даязжаючы, каб цікаўнікі не ўсачылі.

Пан Шрэдар задумліва прамовіў:

— Параіў бы з іншага боку дзейнічаць. Бо карчмар тутэйшы, наколькі я памятаю, не прыхільнік караля.

Грос кіўнуў галавою.

— Так, мы спыняліся неяк у гэтай карчомцы, гаспадар адвёў нам добры пакой, глядзеў, каб нас ніхто не турбаваў і не падслухаў. Што ж, яшчэ прасцей. У мяне маюцца такія-сякія рэкамендацыі… Не выходзьце ніхто, на ўсялякі выпадак, пакуль не здабуду коней.

Зыгмунд Грос выйшаў у залеву, насунуўшы капялюх на самы нос, з выглядам самым разбойніцкім.

Восеньскі дождж лупіў па даху карэты, быццам абураўся, што ад яго хаваюцца. У прыцемку нельга было разгледзець твараў, і пры жаданні ўяўлялася, што знаходзішся па дарозе ў Аід з іншымі ценямі, бо ўсе маўчалі. Маўчанне парушаў толькі стук пацерак Шрэдэрава ружанца, нібыта падалі ў скарбонку Харона прывідныя нябожчыцкія манеты.

Грос затрымліваўся. Батыста пачаў нервова насвістваць бадзёрую мелодыйку, выбіваючы рытм пальцамі па раме вакна… Асабліва самотна і няўтульна было ад таго, што з боку карчмы даносілася вясёлая музыка, п’яны гуд, брэх сабак — усе прыкметы вясёлага і звычайнага чалавечага жыцця, не абцяжаранага праклятым золатам сутарэнняў.

Маг перастаў насвістваць: да карэты нехта набліжаўся… І не адзін.

— Гэты чалавек прыехаў з вамі?

Вось і Харон з’явіўся… Ліхтар у руках каралеўскага ўлана гайдаўся, як у шторм на чоўне, напоўненым грэшнымі душамі. Грос з няўважнай фізіяноміяй, без шаблі і з заведзенымі за спіну рукамі стаяў паміж двух здаровых жаўнераў.

Вырвіч прыкінуў, што раскідаць нападнікаў лёгка. Вядома, у карчме — засока, павінны быць і яшчэ жаўнеры… Воз з барахлом давядзецца кінуць, з ім ад пагоні не сысці… Эх, даўно прадзедаўская шабля з гербам Гіпацэнтаўр не каштавала варожай крыві! Але Шрэдэр высунуўся з карэты, усмешлівы такі, добры дзядок.

— Не, вашамосць, першы раз бачу гэтага пана. На разбойніка падобны… Не дай Бог з такім сустрэцца на дарозе.

Пранціш толькі вочы вылупіў. Ані ценю фальшы. Вось каму ў тэатры іграць. Каб такі маляваў, дык да яго карцінаў, як да палотнаў аднаго старажытнагрэцкага мастака, прыляталі б шпакі дзяўбсці намаляваныя вішні.

— Гэта бунтаўнік, ваша мосць, — сурова адказаў харонападобны ўлан, у няпэўным святле ліхтара на ягоны твар клаліся рэзкія цені, і замест вачэй здаваліся прагалы. — У яго ліст ад асуджанага на баніцыю князя Радзівіла, у якім гаворыцца, што гэты пан — яго прадстаўнік, і яму трэба дапамагаць, як бы самому князю. Значыць, не з вамі прыехаў?

Улан зазірнуў у карэту, трымаючы ліхтар так, каб ясна пабачыць усіх. Батыста штурхануў Міхалішыўну локцем у бок, і тая ўсміхнулася жаўнеру, зірнула, і той ледзь ліхтар не ўпусціў.

— Ах, што вы, вашамосць, мы з разбойнікамі не сябруем! Мы з мужам і сябрамі едзем у Варшаву па запрашэнні ягонай мосці, яснавяльможнага нашага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які нас дорыць сваёй міласцю…

Пры словах пра міласць грубы твар улана шматзначна змяніўся, ягоныя вусны нібыта пакаштавалі добрага вінца: Стась Цялок не прапускаў прыгожанькіх дам, мусіць, у карэце таксама ягоная амаратка. Батыста паспешліва працягнуў ліст ад Панятоўскага… Яшчэ і пажаліўся, што гаспадар коней не даў, а яны спазняюцца.

Жаўнеры апыталі на ўсялякі выпадак абодвух фурманаў — той, што на возе, залапатаў па-італьянску, паціскаючы плячыма, той, што пры карэцэ, пацвердзіў, што арыштаванага пана не ведае.

— Я казаў, што мой экіпаж даўно з’ехаў. Такая была дамова, — холадна прагаварыў Грос. — Гэтых паноў упершыню бачу.

І Пранціш зразумеў, што, як і Шрэдэр, Зыгмунд Грос вытрымае любыя катаванні і допыты, але не выдасць нікога і нічога. У гэтых людзях не мелася любові, спачування і нават простай справядлівасці, але цвёрдая вера ў агульную мэту і ў тое, што іх справа важней нават за іх саміх. Не людзі — зброя.

Шрэдэр пачаў абмяркоўваць з Батыстай тэорыю жывёльнага магнетызму маладога Месмера, дэманструючы поўную абыякавасць да схопленага шпега. Ці праўда ўвесь сусвет прасякнуты флюідамі, якія залежаць ад фазаў Месяца, гэтак жа, як акіян? Грос глядзеў запалымі светлымі вачыма ў нейкую аднаму яму відочную кропку, дзе не было ні ўланаў, ні восені, ні былых спадарожнікаў. Вырвіч разумеў, што ўмешвацца — недарэчы, але на душы было так пагана, так пагана… Здаваць таварыша — нават такога, які сам цябе лёгка здасць — ганьба! Як там Грос прамовіў над паміраючым у сутарэннях Шрэдэрам: «Усе мы ганчакі Божыя». Маўляў, раз папаўся — сам і хлябчы.

Гроса павялі назад, у карчму. Ён не азірнуўся, не зрабіў ніякай спробы падаць знак развітання. А ўлан паабяцаў каралеўскім гасцям, што коней дастане — але, мусіць, расчуліўся не з-за ліста караля, а з-за прыгожых вочак егіпецкай прынцэсы.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: