— Шляхціцу не пасуе рамяство ката! Ваша мосць павінен выклікаць пана Лёдніка на двубой! — у адчаі крычаў Пранціш, разумеючы, што яго не пачуюць.

— Даю слова, клянуся перад Богам усемагутным і святымі ўгоднікамі аддаць сябе ў рукі вашае мосці па першым патрабаванні! — цвёрда прамовіў доктар і перахрысціўся.

Пранціш стамлёна ўсеўся на канапу, адчуваючы сваю бездапаможнасць. Вядома, Лёднік паводзіўся, як адзіна магчыма для чалавека гонару, але было ва ўсім гэтым нешта вельмі няправільнае… Штучнае… Падзеі нагадвалі п’есу сучасніка доктара Дзі Шэкспіра, жарсцяў і смерцяў было аж занадта. А пан Агалінскі наблізіў свой твар да Лёдніка, схапіўшы таго за каўнер, і з жудкай усмешкай важка і павольна прагаварыў:

— Ты думаеш, я дам табе памерці лёгкай смерцю? Ты — подлы халоп. І павінен адысці, як халоп. Я ўласнаручна засцябаю цябе бізуном.

Лёднік не змяніўся ў твары ні рысачкай.

— Як будзе заўгодна вашае мосці.

На развітанне пан Агалінскі так нападдаў нагою стос кніг, якія не змясціліся ў куфар, што тыя разляцеліся па пакоі, як быццам хацелі схавацца.

Пранціш баяўся зірнуць на прафесара, які зняможана ўсеўся ў крэсла, і на ягоных прыгорбленых плячах нібыта ляжаў цяжар нябёсаў. Урэшце, і на Пранцішы была правіна — гэта ж ён выкруціў дэталь з Пандоры, і тым пазбавіў іншых магчымасці атрымаць малюнак. А тады прагаварыўся Багінскай, што яны з Лёднікам сталіся захавальнікамі таямніцы.

— Нічога не кажы Саламеі…—хрыпла прамовіў звыклую фразу Лёднік, павольна ўстаў і, як сляпы, рушыў у кабінет. Вырвіч не наважыўся яго затрымліваць.

Калі доктар замкнуўся ў сваім навуковым сховішчы і ў сваім горы, у доме запанавала ціша, і яна падалася Пранцішу такой цяжкой, такой гнятлівай, што ён не вытрымаў і выбег з прафесарскага дому, нібыта з праклятай пячоры, у якой толькі што знайшлося гняздоўе цмока. Трэба было ўсё спакойна абдумаць… І няхай ваконная ніша паўзруйнаванай сцяны старога замка — не лепшае сховішча ад дажджу і холаду, але тут былі воля і самота… Пранціш прыхінуўся спінай да мокрай цэглы і абхапіў галаву рукамі. Так, значыць, усім трэба, каб прафесар Лёднік паехаў за нейкім вынаходніцтвам старажытнага доктара. І расейскаму паслу Рапніну, і пану Каралю Радзівілу, і князю Багінскаму. Пытанне: адкуль пан Караль ведае, што доктар амаль раскрыў таямніцу Пандоры? Ягоныя пасланцы Пандору выкралі, упэўніліся, што яна не працуе… Значыць, нехта распавёў, што лялька перад гэтым усё ж намалявала запавет ангельскага доктара. Ну не пан жа Багінскі прагаварыўся Радзівілам, і не ягоная сястра… А хутчэй за ўсё князь Мікалай Рапнін правярнуў чарговую дыпламатычную аперацыю — нейтралізаваць палітычныя фігуры, пасварыўшы іх між сабою і падсунуўшы заміж рэальнай і блізкай фантастычную недасяжную мэту. Вырвіч проста як наяве пачуў голас генерал-фельдмаршала: «Раю вам пачакаць, мой пане, уявіце толькі, як хутка і пераможна вы дасягнеце мэты, калі ў вашых руках апынецца ўсемагутная зброя! Пра вас складуць легенды! Усе каралі схіляцца перад вамі… Навошта ж цяпер траціць сілы?».

Яшчэ б кіеўскага ваяводу Патоцкага сюды прыплёў ды кароннага гетмана Браніцкага, якія таксама на трон цэляцца… І не забыўся зацікавіць зброяй доктара Дзі тых, хто ставіць на сына Аўгуста Саса… Няхай бы ўсе ўвогуле ў Рэчы Паспалітай пабіліся ды перабіліся за той д’ябальскі меч!

А пакуль Радзівілы і Багінскія вычэкваюць, можна ўмацоўваць свайго кандыдата на трон… А калі рэліквія не дастанецца нікому, зноў жа можна ўцягнуць прэтэндэнтаў у бойку, намякнуўшы, што супернік перахітрыў, перашкодзіў…

Пры любым раскладзе доктар Лёднік (ну а заадно і ягоныя спадарожнікі) зробяцца непатрэбнымі сведкамі.

Але ж доктар і так павінен загінуць.

Праўда, Пранціш неяк адсунуў думку пра ягоную страшную прысягу падалей — пан Гервасій доктара чапаць не стане, пакуль той не здабудзе артэфакт. А да гэтае сумніўнай верагоднасці падзеі столькі здарыцца!

Пранцішу раптам стала горача ад непрыемнай здагадкі: калі князь Рапнін збіраў звесткі пра Лёдніка, вядома ж, раскапаў і пра ягоныя візіты да пані Агалінскай і малога Аляксандра. Сярод прыслугі дакладна непрыстойныя чуткі хадзілі пра пані і ведзьмака-лекара. А давесці гэтыя чуткі да пана Агалінскага — раз ужо ўсе бліжнія дасюль пабаяліся — дапамаглі звонку, каб доктара прыціснуць. Ні грашыма, ні страхам смерці яго не нагнуць, а пачуццё віны і адказнасць за лёс сына — найлепшы ланцуг.

А далей Пранцішу стала яшчэ больш непамысна. Бо прыйшла ў галаву яшчэ адна вельмі простая думка: а што было б, калі б раз’юшаны пан Агалінскі не загінуў у выпадковай бойцы? А што, калі не да брата ён ішоў, не да ўладаў паведаміць пра смерць жонкі, а пёрся разбірацца з доктарам, які наставіў яму рогі вышынёй з астранамічную вежу? А доктар патрэбен дзеля інтрыгі жывым і здаровым… А ўчыніць заварушку сярод п’янай шляхты, ды ўцягнуць туды ашалелага ад злосці ды віна падслепаватага пана — саламіну цяжэй пераламіць. У выніку лёс доктара і ягонага сына ў руках пана Гервасія. Які, праўда, не дужа падобны сам да вопытнага інтрыгана — але ж ім ёсць каму пакіраваць. Ён альбанчык, а гэта значыць, да канца адданы Пане Каханку, які ва ўсім цяпер слухаецца хітравусага пана Богуша, дарэмна спрабуючы замяніць ім расстралянага Валадковіча. А князь Рапнін з усімі ў добрых адносінах, усім можа таемна «дапамагаць». І валіце вы, даражэнькія ліцвіны, шукаць у краёх далёкіх цудадзейную зброю, якая паспрыяе вам перабіць адно аднаго ды наладзіць парадак ва ўласнай краіне, а мы пакуль і так яго навядзем. На свой густ.

Вецер сыпануў у твар Вырвіча мокрыя халодныя кроплі, стрэсеныя з кустоўя, на якім мігцелі толькі асобныя вузкія лісцікі, як жоўтыя рыбкі. Пагана быць маленькай рыбкай, над якой кружляюць галодныя шчупакі.

Але заўсёды ёсць шанец, што тыя драпежнікі між сабой перагрызуцца раней, чым з’ядуць рыбку.

Пранціш падставіў ветру твар, заплюшчыўшы вочы: пахла далёкімі вандроўкамі. А гэта найлепшы сродак змагчы тугу і забыцца на ўсе праблемы!

У доме з зялёнымі аканіцамі Пранціша сустрэла ўстрывожаная Саламея, яе вялікія сінія вочы былі пачырванелымі ад слёз.

— Бутрым замкнуўся ў кабінеце, не адзываецца. А нядаўна ліст прынеслі…

Вырвіч схапіў канверт і падыйшоў да свечкі, каб лепей разгледзець. На пячатцы красаваўся герб Агалінскіх, знаёмы Пранцішу яшчэ па падзеях трохгадовай даўнасці: менавіта такі герб, толькі захляпаны гразёю, красаваўся на дзверцы карэты, якая прыпынілася каля збеглага шкаляра Вырвіча на дарозе з Менску да Валожына. І пан з карэты прапанаваў шкаляру купіць у яго за шэлег каштоўную рэч, а гэтай рэччу аказаўся змрочны алхімік, якога цяпер належала неяк ратаваць з дасканала ўчыненай пасткі.

Цікава, ці дадумаўся мазгавіты прафесар да тых высноваў, да якіх прыйшоў студыёзус, ці так паглыбіўся ў гора і пачуццё віны, што не здольны да лагічных выкладак? Пранціш прыклаўся вокам да адтуліны ў дзвярах прафесарскага кабінету. Доктар сядзеў за сталом, утаропіўшыся ў кавалачак паперы… Вырвіч здагадаўся, што гэта запаветны аркушык з накрэсленым на ім дзіцячай рукою імем «Аляксандр».

Пранціш для прыліку пастукаўся ў дзверы прафесарскага кабінету і гучна распавёў пра ліст, падкрэсліўшы, што прачытаць трэба неадкладна. У адказ — маўчанне.

— Ну дык я сам прачытаю, добра?

Маўчанне. Будзем лічыць, што гэта згода.

Змест ліста быў просты і лаканічны. Доктару Баўтрамею Лёдніку ў наступны панядзелак належала выправіцца ў шлях. Пан Гервасій Агалінскі заездзе за ім уранку. Пані Саламея Лёднік мусіла застацца ў Вільні і нікуды не адлучацца. Пранціш разумеў, што ім патрэбна была закладніца — каб доктар абавязкова вярнуўся. Да агульнага здзіўлення, Хвелька запрасіўся ехаць з гаспадаром — патлумачыўшы, што хоча нарэшце здзейсніць параду разагнаць лішнюю флегму. Падобна, і пані Саламея ленаватага слугу падгаварыла — усё ж спакайней, калі яшчэ адзін верны чалавек побач з падарожнікам апынецца. Вырашана было, што Саламеі дапаможа па гаспадарцы прыслуга, бедная жанчына з іхняга прыходу, якая дагэтуль толькі з’яўлялася на час, але пакуль можа і пасяліцца з гаспадыняй. А каб дом не заставаўся без мужчынскай абароны, возьме з сабой мужа, хоць кульгавы і падслепаваты, але ж стары жаўнер.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: