Радзіму нават здалося, што насякомае ўжо ходзіць па валасах. Ён, каб хутчэй сагнаць яго, пахітаў галавою. З валасоў ніхто не ўзляцеў, аднак у скафандры ўсё роўна штосьці звінела. Праўда, звінела яно і танчэй, і далікатней за пчалу.

Радзім наморшчыў лоб — нібыта каб пераканацца, што задушаная пчала не аджыла, — адчуў засохлую корку, пакратаў языком джала, якое ўсё яшчэ тырчала ў апухлай губе, пачаў варушыць яго і варушыў да таго часу, пакуль яно не вывалілася з ранкі.

А зык у скафандры не праходзіў: невідомае насякомае ўсё яшчэ, нібы жалячыся на што, гуло і звінела.

Хлопец уважлівей прыслухаўся да гэтага гуку, і яму здалося, што ён чуе — больш здагадваецца, чым чуе, — быццам яму хтосьці загадвае:

«Уключыце сінюю кнопку… Уключыце сінюю кнопку…»

Што гэта з яго нехта здзекуецца, ці што? «Сіняя кнопка… Сіняя кнопка…» А як яе, гэтую сінюю кнопку, убачыць у такой непраніклівай, пракаветнай цемры?!

Пачаў пальцамі, далонямі вадзіць па скафандры, шукаючы тую кнопку. Націскаў, уключаў усё, што траплялася пад рукі, і прыслухоўваўся: ці не тая? ці не абзываецца хто?

Але ў скафандры было ціха. І толькі калі ён намацаў ці не апошнюю ўжо кнопку — недзе ззаду, уверсе скафандра — у ім нешта гучней зашуршэла і праз гэтае шуршанне прарэзаўся, нарэшце, нейчы незнаёмы голас. Ён доўга не мог зразумець, што гэта гаворыць Оя, — такі быў чужы і нязвыклы яе голас.

— Радзім, ты мяне чуеш? Гэта я, Оя. Ты таксама ўжо тут, на Жалезным Хаосе?

Ад радасці, што чуе Оін голас, у яго перасела ў роце, зашэрхла ў горле, і ён не мог вымавіць ніводнага слова.

— Чаго ты маўчыш? — затрывожылася дзяўчына і яшчэ больш спалоханым голасам спыталася: — Радзім, ты мяне чуеш?

— Чую, — нарэшце вымавіў ён.

— А чаму не адказваеш?

— Ад радасці. Рады, што я тут не адзін, ужо нармальным голасам загаварыў ён і адразу ж спахапіўся, што гаворыць нешта не тое: дзяўчыну саслалі сюды, на гэтае жалеззе, а ён радуецца… Не радавацца трэба, а думаць, як яе выбавіць адсюль!

І каб неяк выправіць, прыхарошыць няёмкасць, спытаўся:

— Табе не холадна?

— Холадна, — адказала Оя, і ён адчуў, як яна там, дзесьці далёка-далёка ад яго, сцялася ўся. — Слухай, а гэта не ты толькі што ўключаў святло на Хаосе?

— Я.

— Я так і падумала. Убачыла, як засвяцілася ўсё навокал, і здагадалася, што ты ўжо тут. Дарэчы, а на чым цябе прывезлі?

— Не ведаю. У цемры не разглядзеў. Але нешта дрымцела і бразгатала.

— Той жа самы драндулет, з якога скінулі і мяне.

— Ты не пабілася? — ласкава спытаўся ён.

— Пабілася. Руку садрала. Нагу падвярнула. Кульгаю. Ён нават сам здзівіўся, што яго нечакана агарнулі пяшчота і замілаванне, — яму вельмі хацелася вось зараз ласкава, далікатна дакрануцца да яе, пагладзіць.

— А дзе ты цяпер знаходзішся?

— Недзе непадалёк ад Цмока.

— Ты думаеш, я ведаю, дзе гэта? Дарэчы, а што сталася з Цмокам? Калі я яшчэ быў у Талямаліі, калі мяне вялі на суд, раптам сціх вецер, усе выйшлі на вуліцы і плошчы, крычалі, радаваліся: «Цмок памёр! Памёр Цмок!» Як ён памёр, ты не ведаеш?

— Ведаю. Я яго задушыла…

— Ты? Задушыла Цмока? Як?

— Проста выключыла рубільнік. Бо Цмок — гэта ўсяго толькі вакуумная ўстаноўка, якая працуе ў пераменным рэжыме.

Яны, засумаваўшы адно па адным, гаварылі і не маглі нагаварыцца. А хутчэй за ўсё не змаўкалі, каб яшчэ і яшчэ раз пераканацца, што на Хаосе кожны з іх не самотны: тут ёсць каму гаварыць і ёсць каму слухаць!

— Пачакай, а сам ты дзе знаходзішся?

— Не ведаю, — шчыра прызнаўся Радзім і дадаў: — Там, дзе было асветлена. Ты ж бачыла?

— Бачыць то бачыла, але ж святло было ўсюды, — яна замоўкла, задумалася, а затым папрасіла: — Слухай, а паспрабуй яшчэ раз уключыць рубільнік. Каб я разабралася, дзе ты.

Ён і сам пра гэта думаў, яму і самому карцела зноў пацягнуць за тую магічную ручку, каб нанова ўбачыць, як раптам пачне падымацца ўвесь Жалезны Хаос. Але ж і стрымлівала яго нейкая боязь і асцярога: а што будзе, калі на гэты раз ён не здолее ці не паспее выключыць рубільнік? Таму Радзім пачаў як бы апраўдвацца, разважаць:

— Табе здаецца, што гэта лёгка — узяў і ўключыў. Ты ж зблізку не бачыла, што тут рабілася.

— Бачыла. Тут таксама паўставалі нейкія жалезныя монстры. Але ўсё роўна ўключы, давай яшчэ раз паглядзім, што будзе.

І Радзім адважыўся. Ён яшчэ болей асцярожна, як перад гэтым, палез па жалезным ломе да рубільніка. Дабраўся да яго з іншага боку і доўга мацаў па жалезе, пакуль нарэшце не натрапіў на ручку. Уключаць не спяшаўся — адчуваў, як ці то награецца ад яго далоні стылае жалеза, ці то наадварот яно само студзіць руку. Стаяў і чакаў. Ведаў, што зараз пачнецца, калі паверне рубільнік.

— Чаго ты не ўключаеш? — нецярпліва дапытвалася Оя.

Радзім паспрабаваў адпіхнуць ад сябе дзяржанне, але нічога не атрымалася. Ручка не краналася з месца, яна як усё роўна заржавела. Тады Радзім скочыў уніз і, як і перад гэтым, завіс на дзяржанні. Рубільнік павольна, з рыпеннем, паддаючыся яго вазе, пачаў апускацца. Цяпер ён ужо вельмі пільна сачыў за тым, што рабілася навокал.

Паступова напальваючыся, разгараліся ўсё ярчэй і ярчэй лямпачкі, святло іх неўзабаве стала вельмі яркае, яно ўжо перашкаджала яму глядзець, але Радзім, хоць і жмурачыся, з жахам назіраў, як навокал яго ўстае, са скрогатзм і бразганнем, жалеза. Цяпер ён ужо не сумняваўся, што гэта паднімаліся робаты, што Жалезны Хаос хутчэй за ўсё калісьці быў краінай робатаў, якая нейкім чынам загінула. Заржавелыя монстры ўставалі, азіраліся, варушыліся, спрабавалі нават ісці ў ягоны бок. Дзіўна, з усіх бакоў толькі туды, дзе вісеў ён. Яму было жудасна бачыць, што імі запоўнена ўся прастора, што яны ўжо нібыта вітаюцца адзін з адным, нешта паказваюць на яго рукамі, падобнымі на штэпселі, і ці то ўсміхаюцца, ці то злуюцца — адным словам, шчэраць зубы.

Здавалася, што робаты ажыўляюць адзін аднаго, падтрымліваюць, дапамагаюць падняцца. Падкручваюць адзін аднаму гайкі, умацоўваюць шарніры, мяняюць лямпачкі. Хтосьці вунь паўзе ўжо з працягнутай наперад рукою-штэпселем да разеткі, а хтосьці, пачапіўшы шнур на кій, таксама спяшаецца хутчэй знайсці сабе крыніцу сілкавання.

Захапіўшыся відовішчам, Радзім і не заўважыў, што ўжо стаіць на жалезнай панелі,— адкуль яна з'явілася, не памятае, — а да яго твару цягнецца нейкая жалезіна.

Гэтая страта пільнасці ледзь не каштавала яму жыцця. І ён застаўся жывы толькі таму, што ў апошнюю хвіліну зразумеў, што сам стаіць на плячы робата, які паспеў падняцца на ногі, а да яго шыі набліжаецца не нейкая там жалезіна, а самая звычайная рука робата з двума пальцамі — штэпсельнаю вілкаю.

Радзім спалохаўся і той жа момант адпусціў, адпіхнуў ад сябе ручку рубільніка — тая аж ляснула, становячыся на сваё месца.

Рука робата халодным пальцам чыркнула па хлопцавай шыі і заціхла. Сам робат здрыгануўся, нібы скідваючы чалавека з пляча, — Радзім і на самой справе не ўтрымаўся і паляцеў уніз. І ўжо упаўшы, у поўнай цемры, пачуў, як грымнуў вобзем і сам робат — на шчасце, у другі ад Радзіма бок, бо на хлопца паляцела, мусіць, падгрэбенае нагамі дробнае жалеззе.

Пасля яркай успышкі святла цемра цяпер здавалася яшчэ больш чорнаю. І цішыня пасля такога скрогату і бразгатання была як усё роўна несапраўдная. Цела, пабітае, а дзе-нідзе і садранае, саднела. Радзім абмацаў сябе, каб пераканацца, што ніякіх пераломаў няма, і тут жа схамянуўся: чаму маўчыць Оя?

У скафандры было ціха, калі не лічыць нейкага трэску, шуму, шоргату, што сведчыла — мікрафон уключаны. І ўсё ж ён правёў абедзвюма рукамі па скафандры, каб яшчэ раз пераканацца, што той цэлы, нідзе не трэснуў і не пабіўся, калі Радзім упаў на зямлю.

І раптам яму здалося, што ў скафандры хтосьці ўздыхнуў ці то нават застагнаў.

— Оя, гэта ты? — захваляваўся Радзім. — Дзе ты падзелася? І чаму маўчыш?

У скафандры было ціха, толькі ўсё гэтак жа назойліва патрэскваў уключаны мікрафон.

— Оя! Оя! — нібы прадчуваючы нешта, закрычаў Радзім і не помнячы сябе пачаў грукаць кулакамі па скафандры — так малоцяць на зямлі па тэлефонным апараце, калі той раптам сапсуецца.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: