Але Оя маўчала. Прайшоў нейкі час, пакуль нарэшце яна адгукнулася — яе голас быў слабы, далёкі і крыху безуважны — нібыта яна менавіта вось зараз вярталася ў прытомнасць.

— Што з табою? — дапытваўся Радзім.

— Я не магу ўстаць.

— Чаму, Оя?

— Таму што адзін з робатаў схапіў мяне за нагу…

— Дык робаты ж зноў памёрлі.

— Але ж гэты, перад тым як грымнуцца вобзем, паспеў сашчапіць на маёй назе свае халодныя металічныя рукі…

— І ты не можаш іх разняць?

— Не магу, Радзімачка.

— Што ж рабіць?

— Шукай мяне, — застагнала яна.

— А як я цябе знайду? — занепакоіўся хлопец. — Я ж не ведаю нават, у які бок ісці.

— І я не ведаю.

— Шкада, што ты адключыла Цмока. Я па шуму б здагадаўся, дзе ты. А можа, на якую хвіліну ўключы яго зноў.

— Не магу. Робат дужа цяжкі, і я не толькі не дапаўзу з ім да Цмока, але і проста павярнуцца, паварушыць нагою не маю магчымасці. Знайдзі мяне хутчэй… Мне холадна, страшна і балюча…

Радзім маўчаў, думаў.

— Слухай, — нарэшце ажывіўся ён. — А ты паляпай жалезам па жалезе. Я пачую і пайду на грукат.

— Пачакай крыху, — яна, мусіць, шукала якую жалязяку, а ён падрыхтаваўся ўважліва слухаць — наструніўся ўвесь, каб не прапусціць ніводнага гуку.

— Знайшла? Ужо ляпаеш? — праз нейкі час спытаўся ён.

— Ляпаю.

Але, як ён ні ўслухоўваўся, нічога не чуў: значыць, Оя была вельмі далёка ад яго.

— Не чую, але ты час ад часу ўсё роўна ляпай.

— Навошта?

— Можа, бліжэй буду — пачую.

Устаў, агледзеўся ў цемры, нібы выбіраючы, куды, у які бок падацца. Падумаў, а навошта выбіраць, калі сам не ведаеш, дзе знойдзеш тое, што шукаеш.

Намацаў нагою вольную ад жалеза зямлю і паволі пайшоў наперад. Выстаўляў рукі перад сабою, ногі сунуў вельмі асцярожна, баючыся ў што-небудзь ударыцца, аб што-небудзь выцяцца, што-небудзь зваліць на сябе. Ішоў і ўсё прыслухоўваўся — а раптам дзе грукае жалезам Оя?!

Ісці было цяжка, увесь час замінала нагрувашчанае жалезнае ламачча. Радзім ведаў, што гэта не ламачча, — помніў, як усё паднялося і ажыло, калі ён уключыў рубільнік. І зараз, абыходзячы жалеза, ён разумеў, што абыходзіць пераможаных, заціхлых робатаў — дзе нагу, дзе руку, дзе галаву, — і ад гэтай думкі рабілася вусцішна: а што, калі нехта з іх дапаўзе да рубільніка? Дзе тады і як схаваешся?

Ад гэтай думкі ды яшчэ ад таго, што не ведае, ці правільна, ці ў той бок ідзе, праймаў холад, пачынала калаціць і з'яўлялася жаданне вярнуцца назад. Але куды назад? Але навошта назад? Зноў у тую яму пад рубільнікам? І зноў сядзець і чакаць? Чаго чакаць? Колькі? Ды і Оя пакутуе… Трэба шукаць!

Скафандр маўчаў. Нават не хрыпеў, не трашчаў — як усё роўна быў адключаны. Радзім затрывожыўся яшчэ мацней — яму падумалася, што Оя зноў страціла прытомнасць, а можа, там здарылася нешта і страшнейшае.

Ён, спалохана націскаючы на сінюю кнопку — запомніў, дзе яна знаходзіцца, — што ёсць сілы закрычаў:

— Оя! Оя! Што з табой?

— Нічога, — праз нейкі час спакойна адказала дзяўчына. — Проста я задрамала, — крыху памаўчала зноў, затым пацікавілася сама: — А ты чаго гэтак раскрычаўся? Што-небудзь здарылася?

— Не, я за цябе хвалююся. Ты маўчыш, і я бог ведае што падумаў.

— Што?

— Што да цябе дацягнуліся і іншыя робаты…

— Дык яны ж мёртвыя.

— Але… — хацеў запярэчыць ён, аднак перадумаў і той жа час перавёў размову на іншае: — А ты хоць ляпаеш там?

— Што, ты хочаш, каб я і ў сне ляпала?

— У сне не трэба. А зараз, калі прачнулася, паляпай.

— Добра, — згадзілася Оя.

Але як ён ні прыслухоўваўся, ніякіх гукаў не пачуў. Значыць, Оя была яшчэ далёка. Пастаяў крыху, падумаў, а затым рашуча пайшоў зноў у цемру, натыкаючыся на ногі, абыходзячы галовы, чапляючыся за рукі робатаў.

У поўным змроку ісці было цяжка, нязручна, але ён, настойліва намацваючы зямлю, ішоў і ішоў наперад. Аднаго разу нават упаў — паставіў нагу на нейкую жалезіну, тая, нібы жывая, прыўзнялася, крутанулася — здалося, была гэта нейчая рука, — і ён спіною паляцеў на другую, моцна выцяўшыся аб яе — цяпер яму падумалася, што нехта падставіў нагу, бо і гэта ламачына ажыла і заварушылася. Радзім спалохаўся, падхапіўся і кінуўся бегчы — яму ўявілася, што ўсё гэтае жалеззе вось зараз падымецца, устане і жывым робатам накінецца на яго. Спяшаючыся, неабачліва наступіў на слізкія лісты жалеза, тыя рассунуліся, і ён упаў зноў.

Цяпер Радзім ужо не спяшаўся падымацца. Сядзеў і супакойваў самога сябе: «Ціха, ціха, куды ты імчышся, куды бяжыш? Не гарачыся. Так можна і галаву разбіць». Успомніўшы пра галаву, абмацаў з усіх бакоў скафандр — ён быў тут такі ж важны, як і галава, — і адчуўшы, што на ім няма яшчэ расколін, супакоіўся.

Падумаў, ён нарабіў столькі шуму, тут так бразгала і грымела жалеза, што каб дзе блізка была Оя, яна, канечне, пачула б гэты грукат. Сядзеў і прыслухоўваўся, ці не абзавецца яна?

Але навокал было ціха-ціха.

Значыць, ніхто яго не пачуў.

Ну а што, калі б Оя і пачула? Як бы ён зразумеў, дзе яна? Як бы зэмка магла падказаць яму, куды ісці? Яны ж тут ніякіх арыенціраў, каб прывязацца, не ведаюць, ды, каб і ведалі, як іх убачыш у гэтай цемры?!

І раптам яму прымроілася, што недзе блізка, зусім побач, ляпае жалеза… Узрадаваўся, насцярожыўся, прыслухаўся… Спытаўся: «Оя, гэта ты?», але ніхто яму нічога не адказаў.

А жалеза і праўда ляпала…

Ён падхапіўся і, адно толькі стрымліваючы сябе, каб не пабегчы, каб зноў не ўпасці, кінуўся на гэты гук.

Дзіўна, але колькі ён ні ішоў, гук не мяняўся, быў усё такі ж, як і на самым пачатку, — не грамчэў, не мацнеў, не рабіўся выразней…

І ўсё ж, здаецца, ён наблізіўся да таго месца, адкуль чуўся гук. Ступіў яшчэ колькі крокаў і спыніўся. Яму памроілася, што наперадзе нехта ходзіць. Таго, хто ходзіць, ён не бачыў, а крокі з аднастайным бразганнем чуў выразна.

— Оя, гэта ты? — зноў спытаўся Радзім, хоць і ведаў, што гэта не зэмка: як яна будзе хадзіць з робатам на назе?!

Адразу ж спыніўся і той, хто тупаў,— перастала ляпаць жалеза. Нечакана ў тым баку загарэлася лямпачка — невялікая, круглая, як вока, — і Радзім больш адчуў, чым пачуў, нейчы настойлівы загад:

«Хто вы? Хто вы? Уключыце сувязь. Уключыце сувязь. Кнопка справа. Кнопка справа».

У цемры, там, дзе стаяў незнаёмы, загарэліся новыя лямпачкі — зялёныя, сінія, аранжавыя.

Радзім уключыў кнопку, якую яму загадалі, і чакаў, што будзе далей. Імкнуўся быць спакойным, хоць і адчуваў, як падымаюцца на галаве валасы.

— Хто вы? Хто вы? — усё дапытваўся незнаёмы. Хлопец ужо зразумеў, што перад ім робат, але, у сваю чаргу, спытаўся:

— А вы хто?

— Я — тутэйшы. Я — робат. А ты — чалавек?

— Чалавек, — усяго толькі і змог адказаць ён робату, а сам задумаўся: ну як можна растлумачыць гэтай машыне, хто ён, адкуль, як апынуўся тут і што цяперь робіць на Хаосе?

— А ну яго! — раптам сам сабе сказаў робат — Радзіму нават здалося, што ён махнуў сваёю жалезнаю рукою, — і загаварыў звычайным чалавечым голасам: — Я ведаю цябе. Ты — чалавек, які выключыў энергію.

— Не, я яе ўключаў.

— Ага, спачатку ўключаў. А потым — выключыў. А ты ведаеш, што на Жалезным Хаосе выключэнне энергіі лічыцца злачынствам і вельмі строга караецца. На табе, чалавек, двайная віна: ты двойчы выключаў энергію. І двойчы ўчыняў умор, знішчаў нашу папуляцыю. Вось яны, мае браты і таварышы, ляжаць вакол цябе мёртвыя. І ты, ты забіў іх! Хто табе даруе такі злачын?!

Пачуліся зноў крокі, заляпала жалеза — мусіць, нейкая дэталь адпаялася і бразгала пры хадзе. Радзіму здалося, што робат спяшаецца якраз у ягоны бок. Хлопец паспешліва адбегся назад — як ты будзеш бараніцца, калі ён раптам зграбе цябе ў свае абдымкі?!

Робат, зразумеўшы, што чалавек баіцца яго, задаволена зарагатаў:

— Не ўцякай ад мяне. Я нічога кепскага не магу табе зрабіць — я ж прывязаны, — крыху памаўчаў, а пасля зноў засмяяўся. — Памятаеш, як у вас сабак каля будак навязваюць? Вось так і я навязаны. Толькі па крузе хадзіць магу.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: