Зверху ён бачыў, што не асталася без увагі і Оя. Яе акружылі жанчыны, сярод якіх было і некалькі мужчын. Яны адзявалі ёй на рукі нейкія бранзалеты, пярсцёнкі, устаўлялі ў вушы і нават у нос колцы, завушніцы, на шыю вешалі даўгія і бліскучыя ланцужкі, каралі.

Паставіўшы яго на ногі, дурбуды ўзяліся за Ою. Яны падкідалі яе, крычалі:

— Хвала, хвала самай цудоўнай жанчыне — жонцы самага слаўнага чалавека!

І натоўп, аж шалеючы, выў:

— Дур-ра! Дур-ра!

Звінелі колцы, ланцужкі і іншыя бразготкі, начапляныя на дзяўчыну, а яны падкідалі яе з кожным разам ўсё вышэй і вышэй.

— Няхай жыве найпрыгажэйшая ў свеце жанчына!

— Дур-ра! Дур-ра!

Каля Радзіма раптам затрымаўся нейкі дзіўнаваты чалавек. Ён вылучаўся з натоўпу — і паводзіны яго былі крыху іншыя, і вочы не затуманеныя: яны глядзелі спакойна і засяроджана.

— Ненармальныя, — нібыта сам сабе прамовіў ён, але Радзім, хоць чалавек і глядзеў у другі бок, зразумеў, што гаварыў незнаёмец менавіта да яго.

Ён нічога на гэта не адказаў. Баяўся адкрывацца перад незнаёмым чалавекам: а раптам той знарок правакуе яго на такую небяспечную размову? Тым больш што хлопец ужо заўважыў: за ім настойліва назіраюць з натоўпа два-тры хутчэй за ўсё сакрэтныя агенты, — такія ўчэпістыя, халодныя, неміргаючыя вочы бываюць толькі ў іх.

Радзім міжволі зірнуў у той бок. І чалавек, што стаяў побач — ён, здаецца, і не бачыў гэтага погляду, — загаварыў зноў даверліва, як сам да сябе:

— Ага, правільна — гэта нашы сакрэтныя супрацоўнікі. Саксупы. Яны ў нас з пароды змей. Бачыш, вочы? Зірні, колькі ў іх пагарды, холаду. Яны, здаецца, як і ў гадзюк, зацягнуты тонкаю празрыстаю плеўкаю.

Дурбуд, мусіць, у мэтах канспірацыі ўсё яшчэ не глядзеў у яго бок.

— Грайка! Грайка! — крычалі людзі і падкідвалі Ою. — Дур-ра!

— Глядзі ты, яны нават сваю мянушку дзяўчыне прыдумалі,— Радзім прыняў гульню дурбуда і сам гаварыў, таксама не гледзячы на яго.

— І табе прозва знайшлася.

— А як яны мяне абзываюць?

— Пляшывым. Разумееш, зусім нядаўна намі ляйчыў сапраўдны дурань. Ён быў зусім пляшывы. І ў яго на лысіне была вось такая, як у цябе, метка…

— Дур-ра! Дур-ра! — крычалі дурбуды.

— Разумееш, нават я, толькі падышоўшы зусім блізка, убачыў, што гэта ніякая не метка, а самы звычайны бруд…

— Дур-ра! — неслася з усіх бакоў.

— Яны ж ніколі гэтага не зразумеюць. Таму і прынялі цябе за пляшывага. І радуюцца, што ён вярнуўся.

Яго новы знаёмы, разумны і, здаецца, шчыры чалавек, змоўк, абыякава абвёў вачыма саксупаў, адвярнуўся і яшчэ цішэйшым голасам, каб ніхто не пачуў, параіў:

— Так што беражы гэтую пляму. Глядзі, каб яна не атрэслася, ці, крый бог, сам выпадкова не сатры яе даланёю. Калі ўбачаць, што меткі няма, — табе канец. Пакараюць смерцю за падман, альбо ў самым лепшым выпадку сашлюць на другое паўшар'е…

Радзім заўважыў, што раптам неспакойна заварушыліся саксупы — ці яны, можа, нешта зразумелі, ці міжволі адчулі якуюсьці трывогу. Некаторыя нават падышлі бліжэй, а астатнія, хоць і засталіся на месцы, насцярожана глядзелі ў яго бок і пільна прыслухоўваліся.

Але тут дурбуды паставілі на ногі Ою і ўспомнілі пра яго. Зноў падхапілі на рукі, зноў пачалі гушкаць.

Калі Радзіма ў другі раз апусцілі на зямлю, да яго падышоў нейкі важны, надзьмуты чалавек — ён быў касалапы і хадзіў, як мядзведзь, заграбаючы зямлю нагамі, стаўляючы наскі чаравікаў усярэдзіну, адзін да аднаго. Чалавек нудным, глухім, невыразным голасам, глытаючы словы, прамармытаў сабе пад нос:

— Мы рады, што вы зноў вярнуліся ў Дурбудзію.

— Дур-ра! — закрычаў натоўп.

— А зараз я завязу вас на вашу вілу, — прадстаўнік улады пачаў запінацца, няёміцца. — Але пакуль вас з Грайкаю не было, яе захапілі беспрацоўныя… Вілу ўжо ачысцілі ад іх…

Пад'ехаў белы лімузін, падобны на зямныя ўрадавыя «ЗІЛы», саксупы ўвішна адчынілі перад імі дзверцы і яшчэ больш спрытна зачынілі іх, пасадзіўшы гасцей у машыну.

Лімузін скрануўся і, усё набіраючы хуткасць, паехаў за гару, туды, адкуль і выбеглі ўсе гэтыя людзі.

За гарою, нечакана ўразіўшы іх, перад вачыма разгарнуўся вялізны, сучасны горад з гмахамі-высотнікамі і звычайнымі прыземістымі пяціпавярхоўкамі. Радзім хацеў разгледзець горад лепей, але зрабіць гэта было немагчыма — спрэс па ўсёй дарозе, абапал вуліц стаялі натоўпы шчаслівых, узбуджаных людзей, яны махалі рукамі, рознакаляровымі сцяжкамі і крычалі:

— Дур-ра! Дур-ра!

Праз іх шчыльную сцяну ён не бачыў ні вуліц, ні самога горада.

Віла і праўда мела занядбаны выгляд: павалены плот, якім яна была абгароджана, паламаныя кветкі, павыбіваныя вокны… Ці, можа, усё гэта беспрацоўныя, жывучы тут, панарабілі міжволі, ці то яны, раззлаваўшыся, гэтак бунтавалі, калі іх высялялі адсюль прымусова.

Дурбуд-кіраўнік, які суправаджаў іх, развітаўся, нават не вылазячы з лімузіна, даючы зразумець, што ён тут самы вялікі начальнік — нават большы, чым сам пляшывы.

— Разумееце, — пырскаючы слінаю, загаварыў ён, — у мяне яшчэ шмат спраў не зроблена: трэба вырашыць лёс вайны з малрунамі, прыняць халабужскага пасла, правесці экзекуцыю на плошчы… Словам, я паеду. А вы пакуль адпачывайце, уладкоўвайцеся. Заўтра мы вас паклічам на Дзяржаўны Савет. І слуг, і ахову таксама заўтра дадзім.

І паехаў. Усе саксупы, якія сядзелі ў наступнай машыне, паехалі таксама. Ля агароджы яны асталіся толькі ўдваіх з Ояю.

Дзіўна, ці гэта ён на самой справе бачыць у ім пляшывага, ці то ён даўно зразумеў падман і адно толькі гуляе ў нейкую сваю гульню?

Оя адразу пацягнула яго ў будынак — вельмі нецярпелася паглядзець, што ж гэта за такое, віла пляшывага.

Нават нягледзячы на разор, які панаваў тут, было відаць — віла выбудавана раскошна: цудоўная сталоўка, выдатны кабінет, шыкоўная спальня. Па тым, што мелася ў спальні і як яна была абладжана, можна было зразумець: спальня — галоўнае ў жыцці той невядомай Грайкі, ролю якой цяпер даводзіцца выконваць Оі.

Яны хадзілі па прыгожых залах, пакоях, гасцёўнях, радаваліся і захапляліся багаццем і ўбранствам іх, але ім усё ж было тут холадна і няўтульна — відаць, уплывалі на настрой невымеценае смецце, друз і ашчэпкі, ашмоцце штор і нейкіх тканін.

— Пойдзем на вуліцу, — ціха папрасіла Оя.

— Я і сам хачу. Але ж, мусіць, нельга.

— А хто табе можа забараніць? Аховы ж няма. А ты цяпер бог тут. Бачыў, як цябе сустракалі?

— Хто яго ведае… — задумаўся Радзім.

— А што здарылася? Растлумач.

— Ведаеш, мяне паблыталі з пляшывым. Іхнім царом. Але ж падман можа адкрыцца…

— Тады нешта прыдумаем, — Оя ўхапіла яго за рукі.— А цяпер хадзем!

— А як твае ногі?

— Ужо не баляць.

— А змяіны ўкус?

— Я ж, ты бачыў, яд высмактала.

— А можа, гэта і не змяя, а вуж быў? — Радзім памаўчаў.— Але ж я не магу выйсці на вуліцу з плямаю.

— Давай сатрэм яе.

— Ты што?! Мне дурбуд раіў яе берагчы як вока. Без яе — канцы.

— Ну тады завязаць можна якою хусцінкаю. Пашукалі, нічога не знайшлі. На ложку раптам убачылі нейкі шырокі каснік. Ім Оя і завязала Радзіму лоб. Ён зірнуў у люстра і сам сябе не пазнаў — акурат паранены з забінтаванаю галавою. Яны выйшлі з вілы.

Па вуліцы ішлі павольна, не спяшаючыся. Да ўсяго прыглядаліся, усё вывучалі. Хоць горад, здаецца, быў такі ж, як і на зямлі, Радзім не ўсё ў ім разумеў.

Толькі выйшлі з дому і адразу натрапілі на сталага, сур'ёзнага, задумлівага чалавека з партфелем пад пахаю, які стаяў на нейкай драўлянай цаццы, падобнай на дзіцячую качалку, і няспешна разгойдваўся. Яны прайшлі ўжо яго, але потым Радзім вярнуўся, спытаўся:

— Што гэта вы робіце?

— А ты хіба не бачыш — іду.

— Дык вы ж стаіцё на месцы…

— Сам ты стаіш на месцы, а я іду, — і чалавек, працягваючы раскалыхвацца на качалцы, грэбліва адвярнуўся ад яго.

— І куды вы прыйдзеце?

— Куды трэба, — раззлавана адказаў дурбудавец і адсланіў яго рукою. — Слухай, сыдзі з дарогі і не замінай мне ісці.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: