Ён мог бы падумаць, што гэты абсурд — выпадковасць, калі б неўзабаве яны не сустрэліся з новым дзівам.

На аўтобусным прыпынку ўбачылі старэнькі, вельмі абшарпаны аўтобус. У ім было поўна людзей — як селядцоў у бочцы. Дзверы расчынены, і ў іх, не зважаючы ні на што, шчэмяцца ўсё новыя і новыя паязджане. Таўхаюцца, злуюцца, сварацца. Крычаць. А як жа не крычаць, калі аўтобус вось зараз кранецца, а на прыпынку яшчэ астаецца столькі жадаючых.

Праз нейкі час з аўтобуса сёй-той выходзіць, а на вызваленыя месцы напіхваюцца новыя сядакі: адны прыехалі на свой прыпынак і выходзяць, а другія толькі збіраюцца ехаць…

І тады Оя паказвае яму:

— Зірні, зірні…

Радзім глядзіць і жахаецца: аўтобус жа і без шафёра, і без колаў нават — восямі ён стаіць на нейкіх калодках!

— Дык яны ж не едуць, — разгублена, паказваючы вачыма на людзей у аўтобусе, кажа хлопец дурбуду, які побач чакае свае чаргі.

— Што вы, едуць, — адказвае яму дурбуд і задаволена смяецца. — Едуць, ды яшчэ як!

І праўда, час ад часу дзверы расчыняюцца, з іх выходзяць пасажыры, якія нарэшце дачакаліся свайго прыпынку, і заходзяць новыя, якім, канечне ж, ехаць далей. Праз нейкі час дзверы зачыняюцца, усе стаяць моўчкі і чакаюць, калі яны адчыняцца зноў.

І зноў мяняюцца паязджане. Пастаяць, пасядзяць, калі знойдуць месца ў перапоўненым аўтобусе, і выходзяць. Папраўляючы на сабе адзенне, скамечанае ў цеснаце, заклапочана спяшаюцца ў розныя бакі — кожны па сваіх справах: маўляў, прыехалі і пайшлі.

— Навошта яны заходзяць? І чаму выходзяць? — здзіўлена дапытваўся Радзім у дурбуда, за якім пакуль што ніхто так і не заняў чаргу.

— Заходзяць, каб ехаць, — цярпліва тлумачыў яму той. — А выходзяць, бо прыехалі. Дзіўны вы чалавек, — ён пачаў ужо гневацца, — гэта ж іх прыпынак, таму яны і выходзяць.

— Дык пасажыры ж нікуды і не ехалі…

— Ехалі! — упэўнена адказаў дурбуд і кінуўся да дзвярэй, якія зноў расчыніліся, — мусіць, аўтобус якраз падышоў да ягонага прыпынку.

Ён уплішчыўся паміж пасажыраў, прыціснуў да грудзей авоську і памахаў ім рукою — маўляў, я паехаў. Яны не сталі чакаць, калі дзверы зноў расчыняцца і ён выйдзе на «сваім» прыпынку, паціху пачалі адыходзіцца ад гэтага дзіўнага аўтобуса. Дурбуды разгублена, не разумеючы, глядзелі на іх — дзівакі, навошта ж ісці, калі можна пад'ехаць…

Радзім пачынаў ужо разумець, што ў Дурбудзіі ідзе нейкае сваё, нязвыклае, неверагоднае жыццё, якога ён пакуль што не мог усвядоміць.

Таму яны з Ояй усё хадзілі па вуліцах, зазіралі ў двары, сядзелі на лаўках у скверах. Зараз ён ужо ўсё часцей і часцей чуў ад яе: «Зірні, зірні!», а то і сам паказваў ёй усё дзіўнае, што бачыў на свае вочы…

Яны сядзелі ў скверы. Радзім загледзеўся на нейкага дзівака, які з вельмі задумлівым выглядам падыходзіў да абкладзенай дошкамі груды пяску — акурат дзіцячая пясочніца, — браў з яе пясчынку, асцярожна клаў на далонь, беражна нёс на супрацьлеглы бок алеі і не спяшаючыся страсаў у меншы грудок. Пасля распрамляўся, падыходзіў да стала, што стаяў пры самой кучцы, нешта казаў чалавеку, які сядзеў за гэтым сталом, усланым паперамі. Той штосьці запісваў у тоўсты сшытак, а чалавек зноў вяртаўся да большай кучы і зноў нагінаўся, каб узяць новую пясчынку…

Радзім загледзеўся на гэтага дзівака і не адразу зразумеў, чаго Оя тармосіць яго за рукаў. А яна паказвала яму рукою зусім у іншы бок, дзе ля стэнда стаяў малады чалавек і засяроджана, нібыта робіць нейкую вельмі важную справу, пляваў на Дошку гонару. І сам задаволена, радасна рагатаў са свайго выбрыку.

Оя паднялася, пацягнула Радзіма за руку, і неўзабаве яны былі ўжо ля стэнда, стаялі за спіною маладога чалавека.

Да дошкі быў прыклеены вялікі яркі плакат — здымак шматлюднай дэманстрацыі з рознакаляровымі сцягамі. Людзі зняты буйным планам, і таму нават на здымку была відаць іх рашучасць, мэтанакіраванасць.

— Чаму вы на іх плюеце? — адважыўся спытацца Радзім.

— А чаго ж яны дамагаюцца? — пытаннем на пытанне, нават не паварочваючы да яго галавы, адказаў малады чалавек. — Гэта ж толькі падумаць, чаго яны патрабуюць! Каб пачалі працаваць заводы і фабрыкі. Жах! Каб сяляне без страт сабралі ўраджай. Ганьба! А навошта нам той ураджай? Схадзіце вунь на суседні сквер і паглядзіце, што мы з гэтымі ўраджаямі робім.

— А што там?

— Сходзіце — самі пабачыце, — загадкава адказаў ён.

Прыгледзеўшыся больш уважліва да плаката, Радзім жахнуўся: на здымку ў шэрагах дэманстрантаў ён убачыў гэтага ж самага маладога чалавека са сцягам у руках — ён, аказваецца, пляваў на самога сябе.

— Што вы робіце?! Вы ж на сябе плюеце!

— Дзе? — дурбуд пачаў аглядаць сваю сарочку, штаны.

— Ды вунь на плакаце!

— А, на плакаце… Там ужо не я. Я сёння іншы, чым той чалавек, які тады быў на дэманстрацыі. Таму я магу на яго смела пляваць.

— А чаму іншы?

— Таму, што думаю па-іншаму. Асуджаю тое, што раней абараняў.

Радзім разгубіўся: хіба можа быць такое?!

— Ну, добра, — згадзіўся нарэшце ён, — плюй сабе. Але ж калі ты плюеш сам на сябе, дык хоць морду сабе выцірай. Зірні, якая яна ў цябе запляваная.

Дурбуд дурнавата раскрыў рот, наморшчыў лоб, задумаўся.

Радзім узяў за руку Ою і павёў яе па алеі — у той бок, куды кіўнуў галавою малады чалавек, калі гаварыў пра нейкае дзіва. Цікава, што ж там ён раіў ім паглядзець?

Ужо адышоўшыся крыху, азірнуўся — дурбуд рабіў зараз тое, што Радзім яму і параіў: паплюе-паплюе на здымак, а тады сам выціраецца, паплюе яшчэ і зноў па твары лапаю водзіць…

Суседнюю алею яны знайшлі вельмі лёгка — балазе яна была ўсяго толькі праз дарогу і быццам бы прадаўжала гэтую.

У цэнтры алеі, там, дзе звычайна робяць клумбы, нейкія людзі капалі нейкую яму — Радзіму напачатку нават і здалося, што яны якраз парадкуюць кветнік. Але падышоўшы бліжэй, убачыў, што гэта менавіта яма, — яна была ўжо глыбокая, землякопы стаялі ў ёй па грудзі, аднак пакуль не спынялі працы, капалі глыбей.

Каля ямы вуркатаў ужо грузавічок з нявыключаным маторам, ён пыхкаў, час ад часу ўздрыгваў і густа дыміў. І ўсё ж праз гэты дым і чад, праз невыносны пах бензіну яго нюх распазнаў нейкі вельмі знаёмы, вельмі духмяны і жаданы водар. Не, ён не памыліўся: пахла менавіта хлебам! І дзіўна, упершыню за ўвесь час яму захацелася есці. Да гэтага пра яду ён нават і не думаў: ці то падсілкоўваўся касмічнай энергіяй, ці то нейкі рэжым харчавання існаваў ужо ў самім скафандры, — а вось як толькі апынуўся амаль у зямных умовах і адчуў пах свежага хлеба, адразу ж захацелася есці.

Тым часам землякопы ўжо скончылі капаць яму — відаць, дасягнулі патрэбнай глыбіні,— вылезлі і, нават не атросшыся ад зямлі, пайшлі да машыны. Расчынілі дзверцы ў кузаве-будцы — адтуль яшчэ болей запахла хлебам, — выцягнулі скрынкі з караваямі і панеслі да ямы.

— Куды вы іх нясеце? — выскачыў ім на перахоп Радзім.

— У яму. Засыпаць будзем.

— Навошта?

— Таму што ўсе магазіны затавараны хлебам. Яго ніхто ўжо не бярэ.

— Што, усе сытыя, усе панаядаліся?

— Не, і галодных многа, але яны не могуць купіць.

— Чаму?

— «Чаму, чаму»… Таму што купіла няма. А хлеб у нас вельмі дарагі.

— Дык раздайце яго тым, хто галодны. А не закопвайце ў зямлю.

Дурбуды разрагаталіся. Яны смяяліся шчыра і доўга. І ніяк не маглі спыніцца.

— Ой, не магу! «Аддайце галодным»… Ой, трымайце мяне, а то я ўпаду. І адкуль ён толькі з'явіўся такі? Ой, не магу! Колькі ні закопвалі, ніхто не пярэчыў… А гэты знайшоўся… Адчапіся!

Радзім убачыў, што з дурбудамі гаварыць марна, — яны ніколі не зразумеюць яго. Таму ён схапіўся за скрынку, якую трымаў перад сабою бліжэйшы дурбуд, і пацягнуў да сябе. Тутэйшы трымаў скрынку моцна і ўчэпіста, а таму адабраць яе адразу не ўдалося. Пачалася валтузня. І гэта на самым краі ямы.

Радзім і сам не паспеў апамятацца, як пад ім абсунулася зямля і ён апынуўся на дне ямы, а зверху на яго пасыпаліся караваі хлеба. Хлопец угнуўся, але хлеб усё роўна балюча біў яго па спіне і па галаве. Адну буханку ён злавіў абедзвюмя рукамі — яна была яшчэ цёплая — не даў ёй выкачацца ў зямлю на дне ямы, і з ёю палез наверх па лесвіцы, якую не паспелі прыбраць далакопы. Оя падала яму руку, і з яе дапамогаю Радзім вылез на паверхню.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: