І тут велікан нібы пачуў яго: зямля раптам пад імі заварушылася, зноў скасабочылася — ён ледзь утрымаўся, каб не ўпасці, каб устаяць на нагах. Уся глыба пачала нечакана падымацца ў паветра, ды так высока, што яму здалося: падымаюцца яны ў самае неба.
А нага падымалася ўсё вышэй і вышэй, і яму ўжо было страшнавата адсюль, з такой вышыні, глядзець уніз. Трымаўся сам і адною рукою падтрымліваў Ою — тая, напалоханая, сцяўшыся ад спуду, моцна прыціскалася да яго.
Велікан пайшоў!
Калі, падняўшыся высока, нага пачала апускацца, зрабілася яшчэ страшней. Тое, што ім здавалася зямлёю, падала рэзка, імкліва, і ад гэтага аж займала дух, перахоплівала дыханне, рабілася холадна-холадна там, дзе было сэрца, — як усё роўна ў самалёце, які падае ў паветраную яму. У вушах свістаў вецер, цела аж адрывала ад чаравіка, і таму даводзілася трымацца яшчэ мацней за ўсё, за што можна было зачапіцца.
Нарэшце чаравік стаў на зямлю. Удар быў моцны — добра, што яны ўжо не стаялі, а ляжалі ніцма, ашчаперыўшыся рукамі, а то хутчэй за ўсё зваліліся б долу. Зрабілася адразу цёмна — чаравік, мусіць, узняў воблака пылу, і той заслаў сабою ўсё навакол.
Ляжаць на чаравіку было страшна і нязручна, але ўжо крыху зразумеўшы і асвоіўшы ягоны рух, яны пачалі супакойвацца, прылаўчацца да крокаў велікана.
Той некуды ішоў. Шпарка, упэўнена.
— Куды ён нясе нас? — спытаўся Радзім, калі можна было перавесці дых: пакуль велікан, паставіўшы адну нагу, уздымаў другую, на чаравіку ўсталёўваўся адносны спакой.
— Ты ведаеш, ён наламаў бэзу і ідзе да школы, — адкашляўшыся ад пылу, адказала Оя.
І ў гэты час яны зноў узляцелі ў неба. І, затаіўшы дыханне, чакалі, калі пачнуць зніжацца. Дзіўна, але яму ўжо цяпер нібыта стала падабацца тое адчуванне, якое з'яўлялася, калі яны ляцелі да зямлі,— у ім было штосьці нязвыклае, рызыкоўнае і прыцягальнае.
— Оя, — папрасіў Радзім, — ты мне расказвай, што бачыш на вуліцы, паабапал вуліцы.
— Хаты бачу. Чакай, чакай, мне здаецца, велікан заварочвае на нейчы падворак.
— А як выглядае хата, да якой ён ідзе?
— Ведаеш, вельмі прыгожая. Усё тут — і вокны, і ліштвы, і франтоны, і дзверы, і веранда — упрыгожана разьбою…
— Дык гэта ж Юліна хата! — крыкнуў Радзім, а для Оі патлумачыў: — Яе бацька — вядомы народны разьбяр. Ён любіць дрэва, і дрэва любіць яго. — А дзе наш велікан?
— Ён павярнуў да лавачкі…
— Чакай, чакай… Раскажы, як ён выглядае. Якія ў яго валасы?
— Белыя-белыя, як лён. І зачэсаныя на адзін бок.
— А вочы?
— Ты ж сам бачыў — блакітныя.
— А і праўда бачыў. Забыўся. Нос бульбінаю. Памятаеш, ён нам здаваўся вялікаю гарою?
— Ага, бульбінаю. І вусны таўсматыя…
— Дык гэта ж Юрась Кулета! Губашлёп! Мой аднакласнік.
Сказаў, што аднакласнік, а пра тое, што ён яшчэ і яго супернік, змоўчаў.
І праўда, Юрась, гэтак жа, як і Радзім, быў закаханы ў Юлю. Усюды чапаў яе, на танцах і дыскатэках заўсёды хацеў быць бліжэй да абранніцы. А Юля, здаецца, больш увагі аддавала Радзіму — нават іхнія бацькі ўжо зваліся між сабою сватамі. Аднак Юрась усё роўна не адступаўся.
Дык значыць Кулета ідзе на Юліну лавачку? Чаго? Юлі ж няма ў Дабрынёве! А можа, яна вярнулася? І яны прызначылі сустрэчу?
Радзім аж скалануўся ад абурэння. Падумаў у гневе: «Я яму пакажу, губашлёпу!» І тут жа сумеўся: а што ён можа зрабіць? Што паказаць? Ён, кузурка, вось гэтаму велікану?
Толькі паспеў так падумаць, як зямля, гэта значыць, Юрасёў абутак, страсянулася, здрыганулася, і ён, паслабіўшы ўжо крыху ўвагу, не ўтрымаўся, падляцеў угору, зноў упаў на чаравік і скаціўся па ім доле — Юрась, мусіць, зачапіўся наском за камень, альбо тупнуў нагою, атрасаючы пыл.
Не ўтрымалася і Оя. Яна таксама, як і Радзім, кешкалася на зямлі, спрабуючы выбрацца з пылу, які быў ім як не па самыя плечы.
Пакуль яны выграбаліся на цвярдзейшае, была нейкая мэта, а калі выбраліся на цупкую зямлю наўзбоч дарогі, дзе яшчэ не расла трава, але ўжо не было і пылу, убачылі смяхотнасць сваіх намаганняў.
Усё, што б яны ні зрабілі зараз, не мела аніякага сэнсу.
Ісці да лавачкі, дзе ўжо, канечне ж, усеўся Юрась? Але навошта? Ну добра, дойдзе ён, напрыклад, да тае лавачкі. А далей што? Як узлезці на яе? Ну, дапусцім, узлезе. А потым? Сядзе паміж Юрасём і Юляю, калі яна дома і калі выйшла да губашлёпа? Ну сядзе, ну і што? Пачне гаварыць? А яго ніхто не пачуе! Пачне варушыцца? А яго ніхто не ўбачыць! Яшчэ задушыць хто, калі сядзе неспадзявана зверху…
Ісці да школы, дзе сёння выпускны вечар? Дзівак! Глупства ўсё гэта! Па-першае, дойдзеш ты туды, можа, і праўда праз некалькі гадоў. А па-другое, навошта? Каб падзякаваць настаўнікам за вучобу? Але як ты, кузурка, паразумеешся з імі?!
Аднак і стаяць на месцы, нікуды не ісці і нічога не шукаць — таксама глупства. Яшчэ хто-небудзь растопча ці расцісне кола якой выпадковай машыны ці калёс.
І ўсё ж трэба ісці да лавачкі! Няхай сабе ён нічога не зможа зрабіць, не зможа перашкодзіць сустрэчы, але ж нейкі сэнс у гэтым будзе: ён знойдзе Юлю! А Радзім жа столькі яе шукаў і ў Зэміі, і на Жалезным Хаосе, і ў Дурбудзіі.
— А ты ведаеш, твой губашлёп трымае ў руках букет бэзу. Відаць, прынёс Юлі,— перапыніла яго роздум Оя, і ён зразумеў, што яна і напраўду сочыць за яго думкамі, ідзе ўслед за імі.
Па дарозе ім ўжо сталі трапляцца нейкія вялізныя-вялізныя калёсы, агромністыя, як бочкі, вёдры, лапаты, саўкі.
Яны ішлі, як ім здавалася, шпарка, але лаўка нібыта сама сабою адсоўвалася, здалялася — да яе было яшчэ вельмі далёка.
І раптам Оя ні з таго ні з сяго ўпала сама, паспела крыкнуць і яму: «Кладзіся!» Той жа час нешта засланіла ўсё неба — стала зусім цёмна. Выціснула дашчэнту паветра, не было нават чым дыхаць. Зрабілася страшна — а што, калі гэтае «нешта» замуравала іх назаўсёды?
Паварушыўся, натрапіў рукою на нейкую сцяну, паспрабаваў яе адсунуць — дзе там! Сцяна нават і не скранулася. Папоўз у другі бок, думаў выбрацца там, але неўзабаве ўпёрся ў такую ж самую сцяну. І тады, калі ён ужо гатовы быў закрычаць ад адчаю, тое, што чорным небам накрыла іх, раптам паднялося ўгору, і зноў стала светла-светла. Непадалёку ад сябе Радзім убачыў Ою і, узрадаваўшыся, што ўжо можна нармальна дыхаць, удыхнуў паветра на поўныя грудзі і спытаўся:
— Оя, а што гэта было?
— Разумееш, гэта быў звычайны чаравік. Ім наступілі на нас. І мы аказаліся ў выемцы абцаса.
— А ты дзе была?
— Побач з табою. У суседняй выемцы. Ледзь паспела адкаціцца ў выемку. А то б…
Яна не дагаварыла. Памаўчала троху, а тады дадала:
— Я табе сказала, што гэта быў звычайны чаравік. Але ён-то якраз незвычайны. Гэта Юлін абцасік! Яна на нас наступіла. Як ішла да лавачкі. Зараз Юля садзіцца побач з Юрасём. Бярэ з яго рук букет бэзу… Разглядае. Шукае шчасце — пяціпялёсткавую кветку…
Оя падрабязна расказвала яму пра ўсё, нібыта знарок хацела пазлаваць яго. Радзім моўчкі, сціснуўшы зубы і кулакі, слухаў яе. І ніякавеў ад бездапаможнасці — а што ён можа зрабіць?! І Кулета, зірні, які нягоднік. Рады, што яго няма, і вунь што творыць. Ды і Юля таксама ладная. Бач ты яе, кветкі ад гэтага губашлёпа бярэ, шчасця шукае… Дык навошта ж яна тады ўсюды да яго белаю хмаркаю з'яўлялася? Пачакай, а можа, гэта тут, у роднай вёсцы, не яна?
— Яна, Радзім, яна, — не чакаючы пытання адказала Оя. І ў гэты час неба зноў пацямнела. Ён, баючыся, што на
іх зноў нехта наступіць, прыгнуў да зямлі Ою і ўпаў побач з ёю сам. Але неба ніжэй не апускалася і не закрывала іх. Яму нават здалося, што яго нехта разглядае: ён адчуваў гэта спіною. Павярнуўся, каб убачыць — хто, але нічога, апрача вялізнай глыбы, што навісла над імі, не разабраў.
Канечне, гэта быў хтосьці з веліканаў. Ён, мусіць, заўважыў, што нешта варушыцца на зямлі, і зараз прыглядаўся, вывучаў, дзівіўся.
Пасля яшчэ больш пацямнела з правага боку, і не паспеў ён разабрацца, чаму пацямнела, як нехта асцярожна-асцярожна ўзяў іх у два пальцы — абоіх разам, — падняў вышэй і апусціў на нейкую новую плоскасць.