На гэты раз Мудрэц маўчаў доўга. Каб хоць неяк вывесці яго з роздуму, Радзім спытаўся:
— Вы тут жывяце?
— Ага, — схамянуўшыся, адказаў той. — І ты таксама будзеш тут жыць. І будзем мы з табою наперад складаць табліцы мяркуемых патопаў і землятрусаў. Разумееш, я ў нечым памыляюся. Усё, здаецца, разлічу, усё ўзважу і прадумаю. Праз тыдзень будзе патоп! Мы падрыхтуемся, пазачыняемся, чакаем, а патопу няма і няма. Тады кароль і абражае мяне: «Дурань ты, а не Мудрэц!» А пасля, калі ўсе супакояцца, павераць, што патопу не будзе, калі паадчыняюць усе закрыўкі, раптам абрушваецца такі лівень…
Радзім разумеў, што і яму складаць гэтыя графікі таксама будзе цяжка: патоп бывае на завушніцы тады, калі Юля, не зняўшы ўпрыгожанняў, будзе купацца, а як ён угадае, калі ёй захочацца ў ваду?!
Скажам, землятрусы ўгадаць крыху лягчэй. У іхняй вёсцы танцы бываюць раз ці два на тыдзень, звычайна ў суботу, альбо ў нядзелю, вось тады, мусіць, і пачынае ходарам хадзіць зямля пад нагамі ў людзей з краіны За, калі Юля пойдзе, да прыкладу, полечку ці рускага.
А Мудрэц усё скардзіўся.
— Бываюць у нас і гады засухі. Свеціць сонца і свеціць. Не заходзіць зусім. Усё выпаліць, бывае, да голай зямлі. І людзі аж салавеюць ад спёкі. Але я ніяк не магу зразумець перыядычнасць гэтай бяды і прычыну таксама…
Радзім ведаў прычыну. Засуха на Завушніцы, відаць, пачыналася тады, калі Юля здымала ўпрыгожванне і клала яго на падаконнік. А ў акно свяціла сонца! Ён сам, калі часам дакранаўся да завушніцы, дзівіўся, якая яна была гарачая: нельга ўзяцца рукою! Зразумела, як горача тады бывае людзям на ёй — быццам у скварні.
Так пачаліся будні жыцця на Завушніцы. Радзім шкадаваў, што няма побач з ім Оі, якая б, дзякуючы свайму загадкаваму энергетычнаму злепку, магла б расказаць, што зараз робіць Юля і дзе знаходзяцца яны самі. Але дзіцячыя пальцы, якія паасобку садзілі яе і яго на Завушніцу, відаць, развялі іх у розныя бакі, і яны хутчэй за ўсё апынуліся не толькі ў розных месцах, але і ў розных дзяржавах: ён — на За, а яна — ці ў Вуш, ці ў Ні, ці ў Ца.
— Ведаеш, хацеў я разам з табою ўкрасці сюды і тваю дзяўчыну. Але ў мяне гэта чамусьці не атрымалася. Я змушаны быў яе адпусціць.
— Якую дзяўчыну? — не ведаючы, пра каго Мудрэц гаворыць, спытаўся Радзім.
— Ну тую, з якой ты хімію вучыў. Але ўвесь матэрыял раптоўна пачаў супраціўляцца. Упершыню большае не хацела змяшчацца ў меншым, а меншае — не сутыкалася з большым…
Во яно што! Цяпер Радзіму стала зразумела, чаму Юля вярнулася дадому. І яшчэ хлопец здагадаўся, што Вялікі Мудрэц не ведае, што Завушніца, на якой існуе столькі дзяржаў і жыве столькі людзей, належыць не каралю № 121, а ўсяго толькі Юлі, яе вуху.
А як, скажыце, яна можа знікнуць у сваёй жа Завушніцы? На чым тады тая будзе трымацца? Юля пачне змяншацца, а разам з ёю зменшыцца і сама Завушніца, куды дзяўчыне трэба ўваходзіць… Рэбус!
Жыццё на За ішло сваім парадкам. Людзі ўжо прывыклі да Радзіма, яны ведалі, што ён з Мудрацом заняты папярэднімі разлікамі зненавідных стыхійных бедстваў, і цярпліва чакалі вынікаў. Час на За быў не такі, як на Зямлі, але дыскамфорту ад гэтага Радзім не адчуваў.
— Сумуеш па Беларусі? — аднойчы, перапыніўшы працу, ні з таго ні з сяго спытаўся раптам Мудрэц.
— Сумую, — шчыра прызнаўся Радзім.
— Я гэты час многа цікавіўся тваёю Радзімаю. Прагледзеў усе крыніцы, якія толькі былі ў нас, — Мудрэц крыху памаўчаў, падумаў і, уздыхнуўшы, сказаў: — Прыгожая і добрая яна, твая радзіма, — і дадаў: — Па такой нельга не сумаваць…
У Радзіма аж зашчаміла сэрца — радасна, калі вось так чужыя людзі гавораць пра твой край.
Яму ж, шчыра кажучы, пакуль што не было калі сумаваць: за гэты, як яму здавалася, кароткі час ён пабываў у столькіх экзатычных краінах, пабачыў столькі людзей і пазнаў столькі дзіваў, што і пра радзіму, і пра сваю вёску яму не было калі ўспамінаць. І ўсё ж вось зараз, як толькі Мудрэц загаварыў пра гэта, у Радзіма затрымцела душа і ён адчуў, як стаміўся ад змушанага падарожжа.
Яму вельмі захацелася дадому. Захацелася проста адчыніць свае веснічкі, зайсці ў сваю хату, легчы на сваю канапу, глядзець у сваё акно… Дадому!
Пачакай, а куды гэта дадому? Ён жа і цяпер, лічы, дома. Калі добра ва ўсім разабрацца.
Цяпер Радзім знаходзіцца на завушніцы. Завушніца — на Юліным вуху. Юля — недзе ў хаце ці каля яе. Хата ў роднай вёсцы, а вакол — уся любімая Беларусь, па якой ты сумуеш…
Дык жа выходзіць, што ён і зараз там, куды імкнецца, па чым сумуе! Аднак Беларусь, яго вёска, сама Юля для гэтай краіны За, для гэтых людзей, што насяляюць яе, — як далёкая-далёкая галактыка. Яны, можа, і здагадваюцца, што такая галактыка ёсць, што За ўваходзіць туды, але вось убачыць яе ўсю, зразумець, спасцігнуць хоць думкаю, не могуць.
Дзіўна было ведаць, што і іх таксама не заўважаюць. Можа, і цяпер глядзіць хто-небудзь на завушніцу, але і ў думках нават не ўяўляе сабе, што на ёй у гэтую самую хвіліну віруе такое жыццё…
Мудрэц перакладаў на стале нейкія выразкі з газет, нейкія паперы. Падаў адну Радзіму:
— Пачытай.
Радзім угледзеўся ў яе.
«Па вытворчасці трактараў (95,5 тысячы ў год), — чытаў ён, — Беларусь значна апярэджвае Вялікабрытанію, Італію, займаючы ганаровае месца ў групе сусветных лідэраў трактарабудавання. Паперадзе яе толькі Японія (156 тысяч) і ЗША (106 тысяч)».
Цікава, а ён пра гэта і не ведаў. У школе толькі тое і рабілі, што ўбівалі ў галовы думку пра адсталую і забітую Беларусь. Відаць, трэба было апынуцца так далёка, а правільней — так глыбока ад свайго краю, каб даведацца пра гэта.
Вочы нецярпліва бегалі па радках:
«Мінеральных угнаенняў Беларусь здабывае ў паўтары разы болей, чым Францыя, амаль удвая апярэджвае ФРГ і ўтрая — Англію і Японію. Сярод еўрапейскіх краін рэспубліка толькі ад Італіі адстае па выпуску хімічных валокнаў і нітак. Затое па вытворчасці масла ў паўтара разы пераўзыходзіць італьянцаў, а таксама японцаў».
— Я не ведаю гэтых краін, — задумліва загаварыў Мудрэц, — але калі з імі параўноўваюць вас, то яны хутчэй за ўсё нечага вартыя…
— Ага, — патлумачыў яму Радзім, — гэта самыя багатыя капіталістычныя краіны.
Сказаў і сам адчуў, што Мудрэц, пэўна, не зразумее яго, — адкуль яму ведаць, што гэта такое: «капіталістычныя краіны», «сацыялістычныя краіны».
— Багаты твой, хлопча, край, — гледзячы кудысьці паўз Радзіма, — нібыта ён якраз бачыў тое, пра што гаварыў,— ціха прамаўляў Мудрэц. — І народ твой добры. Але зламыснікі хочуць знішчыць яго. І хітра гэта робяць. Дабрадзеямі прыкінуліся. А самі ўсе намаганні прыкладаюць, каб вы павыміралі. Рупяцца, каб хутчэй памерлі старыя, а малыя — каб увогуле не нараджаліся. А таго, хто насуперак ім усё ж радзіўся, — дурнямі, рабамі паробяць. Спояць і затаўкуць. Старым не даюць есці, адабралі ў іх лекі — памірайце хутчэй. Маладыя маці баяцца раджаць, бо трывожацца, што не будзе чым карміць дзяцей. Ды і ў раддом жа цяпер не пойдзеш — дорага. А большасць дзяўчат і маладух увогуле затлумленыя наркотыкамі, сексам, вар'яцкімі песнямі і музыкаю. Дзе ім ужо да сваёй жаночай радасці, да дзяцей. Самая лепшая цяпер для іх праца — прастытуцыя…
Мудрэц, прыжмурыўшыся, усё яшчэ глядзеў у адну кропку па-за Радзімам — як ўсё роўна чытаў гэтыя думкі з якога-небудзь ліста, выстаўленага здалёк.
— Зямля ваша, хлопча, некаму спадабалася, — нявесела закончыў свае разважанні Мудрэц. — Спатрэбілася нейкаму д'яблу зямля ваша, але без людзей. Даверлівасць вас загубіць, за сваю дабрату вы загінеце.
Радзім слухаў яго ўважліва, не перапыняў.
— Ды і ў нас, хлопча, не лепей, — усё яшчэ суміўся Мудрэц. — Не мёд, як ты кажаш. Быццам пазвар'яцелі людзі. Адабраў бог розум. І гэты злыдзень… — Мудрэц не гаварыў, але хлопец зразумеў, што ён мае на ўвазе караля № 121.— Дарэчы, ты ж яшчэ не быў у горадзе. Схадзі, падзівіся, як мы жывём на волі…
Калі Радзім выходзіў з вар'яцкага дома, калі за ім з цяжкім і напружаным рыпеннем зачыняліся масіўныя жалезныя дзверы, ён яшчэ не ведаў, што неўзабаве будзе бегма бегчы сюды назад.