На шчасце, ніякіх непаразуменняў з гэтымі людзьмі ў Радзіма не ўзнікла. Да яго зусім блізка падышоў нейкі чалавек, зірнуў знізу ўверх, пачаў штосьці гаварыць.

Але хлопец нічога не чуў. Тады незнаёмец, зразумеўшы, што стараецца ён марна, палез рукою за спіну і нібыта ўключыў якую кнопку. І на вачах пачаў расці, шырыцца, таўсцець — як усё роўна яго надзімаў хто. Неўзабаве ён зраўняўся ростам з Радзімам. Руку, што націскала кнопку, сунуў у Радзімаву далонь, прывітаўся:

— Здароў.

— Здароў! — адказаў яму Радзім.

— Ну як?

— Аніяк, — усміхнуўся хлопец.

Чалавек гэты быў такі свойскі, і гаварыў ён так проста і нязмушана, быццам яны ведалі адзін аднаго вельмі даўно. Тварам і паставаю ён быў падобны на Кастуля, губашлёпавага бацьку, гаваруна і кампанейскага дзядзьку, і таму Радзіму было проста з ім гаварыць — якраз так бы ён гаварыў з любым вясковым мужчынам.

— Вітаю цябе, хлопча, у вар'яцкім доме! — між тым усміхнуўся яму новы знаёмы.

— Дзе, дзе? — перапытаў Радзім. — У вар'яцкім доме, кажаце?

— Ага. Але ты вельмі не перажывай і не палохайся, — убачыўшы, што хлопец змяніўся з твару, збляднеў і наструніўся, супакоіў яго дзядзька. — Тут сабраны лепшыя людзі нашай краіны. А сапраўдныя вар'яты якраз на волі, там, за сценамі нашага дома.

Радзім аглядзеўся, абвёў вачыма збудаванні.

Гэта і праўда, мусіць, быў вар'яцкі дом. Ён вельмі ж нагадваў турму: адгароджаны ад астатняга свету тоўстымі, высокімі, цаглянымі сценамі, паверсе якіх ішоў калючы дрот, сам змрочны і няветлівы, ён палохаў сваімі мурамі і скляпеннямі. Убачыўшы, што Радзім яшчэ болей разгубіўся, дзядзька развёў рукамі:

— Даруй мне, хлопча, што я цябе выкраў сюды. Спадабаўся ты мне. А ў мяне якраз няма талковага памочніка. Таму я даўно прыглядаюся да цябе, сачу за табою. Вось мне і здалося, што толькі ты паможаш нам, — дзядзька абвёў позіркам турэмныя сцены, паказаў рукою. — А да іх ты неўзабаве прывыкнеш. Людзі ў нас усе прыстойныя, разумныя. Ты пасябруеш з імі і праз нейкі час не будзеш заўважаць муроў.

— А вы хто тут будзеце? — хоць і па-свойску, але ўсё ж няўпэўнена, нясмела спытаўся Радзім.

— Я? Я тут Галоўным Вар'ятам працую, — адказаў дзядзька і патлумачыў: — Пасада ў мяне такая…

Пачуўшы гэта, Радзім яшчэ болей разгубіўся. Ён не ведаў, як сябе паводзіць з незнаёмцам, што думаць пра яго: ці то дзядзька напраўду нармальны чалавек, якога сілаю схавалі ў вар'яцкі дом, ці, можа, ён на самой справе вар'ят, але гаворыць так, што адразу не разбярэшся, хворы ён ці здаровы.

— Не бойся мяне, хлопча, — убачыўшы Радзімаву разгубленасць, загаварыў да яго дзядзька. — Ніякі я не вар'ят. Такім хочуць мяне бачыць сапраўдныя вар'яты. А тут, за мурамі, вельмі тактоўныя і праніклівыя людзі абралі мяне нават Галоўным Мудрацом.

— Дык а за што вас сюды… пасадзілі? — асмеліўся нарэшце спытацца Радзім.

— Разумееш, хлопча, я люблю сваю краіну. Цяжка нам жывецца, нялёгка дыхаецца. Даймаюць нас нейкія непрадказальныя патопы, землятрусы. Затым гады такога спакою, што аж вушы закладае ад цішыні. І хоць бы ветрык які варухнуў паветра. А пасля зноў — ураганы, ліўні, якія змываюць усё на свеце…

Каля іх ужо сабралася шмат людзей. Яны, маленькія-маленькія, з цікавасцю назіралі, як гаворыць Галоўны Мудрэц з нейкім веліканам, — задзіралі галовы, дакраналіся, дацягваліся рукамі да яго калашыння, абмацвалі чаравікі. Далёка-далёка ўнізе, каля яго ног жыхалі машыны, на ўзроўні пояса ляталі птушкі, а над галавою — самалёты: некаторыя праляталі нават перад самымі вачыма.

— Дык вось я і хацеў разабрацца, хто мы такія і адкуль мы. Хацеў знайсці нейкія законы, нейкія залежнасці, паводле якіх жыве наша цывілізацыя. Вывучаў, вылічваў, супастаўляў. Задумаўся, да прыкладу, чаму суседнія краіны называюцца так дзіўна. Самі мы жывём у краіне За. А каля нас — іншыя дзяржавы: Вуш, Ні, Ца. Мы быццам бы пачынаем нейкае слова. Склаў назвы краін. «Завушніца» атрымалася. Значыць, наша планета Завушніцаю завецца! Сказаў пра гэта Каралю № 121. «Што?! — азвярэў той. — Мая Вялікасць не жадае жыць на нейкай там Завушніцы!» І вось я апынуўся тут.

Радзіму здалося, што самалёт ляціць якраз яму ў твар. Ён адхінуў галаву і машынальна махнуў перад сабою рукою. І зразумеў, што збіў, як камара, самалёт, калі ўбачыў, што той пачынае падаць на зямлю. Добра яшчэ, што паспеў падхапіць яго на далонь, а то потым, прыняўшы на душу такі грэх, — столькі б людзей загінула, бо самалёт быў пасажырскі! — усё жыццё пакутваў бы ад гэтага. Узяў самалёт у пальцы, падняў яго вышэй і адчуўшы, як той трымціць у руках, сілячыся вырвацца, каб паляцець, адразу адпусціў яго. Радзім бачыў, з якой радасцю, вызваліўшыся з няволі, самалёт вырульвае на свой маршрут.

— Вось так я стаў Галоўным Вар'ятам краіны За, — Мудрэц нейкі час маўчаў, уважліва сочачы, як забаўляецца хлопец з самалётам, і загаварыў зноў толькі пасля таго, як ён адпусціў аэробус на волю.

«І тут Дурбудзія!» — сам сабе падумаў Радзім, але ўголас не сказаў гэтага, бо яго ніхто ўсё роўна не зразумеў бы: доўга давялося б тлумачыць, што і да чаго.

— Кароль, кажаце, пасадзіў вас сюды?

— О, кароль у нас арыгінальны. Ён толькі і гаворыць: «Мая Вялікасць хоча», «Мая Вялікасць думае», «Мая вялікасць лічыць». Іншага ад яго і не пачуеш. І вось табе маеш: усе нармальныя людзі ў вар'яцкім доме, усе ненармальныя — разам з ім, на волі.

— А чаму ненармальныя?

— Ну хіба нармальны чалавек вытрымае такое? Скажам, той жа кароль. Ён прымушае ўсіх пляваць на сябе, а пасля, апляваны з ног да галавы — харкаўцы звісаюць і з кароны, і з валасоў, цякуць па твары, целяпаюцца і на адзенні,— ходзіць між падданых і хваліцца перад імі: зірніце, колькі я медалёў заслужыў… І смаркачы — таксама для яго медалі.

— А ён пляшывы?

— Пляшывы.

— І метка ў яго на лысіне?

— І метка ёсць. А адкуль ты ведаеш?

— Ведаю, што вы паддаліся нячысцікам, а ўладу ў вас захапілі адны пляшывыя.

— Не, у нас і патлаты быў. Праўда, таксама конікі выкідваў. Ёдзе куды-небудзь на сустрэчу з народам, а за сабою сто вазоў медалёў і ордэнаў вязе. Сваіх. Начапляюць там на пінжакі, развесяць па горадзе — маўляў, во які ў нас заслужаны прэзідэнт.

Блізка каля Радзімавай галавы зноў ляцеў самалёт. Радзім двума пальцамі злавіў яго і крыху прытрымаў — захацелася зноў адчуць, як ён трымціць усім целам, усім корпусам, вырываючыся, нібы нешта жывое, з рук. Гэта заўважыў Мудрэц, насупіўся, сказаў:

— Не ўмееш, хлопча, карыстацца дадзенаю табе сілаю. Тут жа выставіў да Радзіма рукі, адною, як і ў самога сябе, павадзіў у яго за спіною, нешта ці то падумаў, ці то нават сказаў, і хлопец адразу адчуў, што зноў вібрыруе і змяншаецца. Калі ён зрабіўся такі, як і ўсе, яму гэта нават спадабалася: дасюль адчуваў нязручнасць, што сам вялікі, а ўсе астатнія — маленечкія, а зараз, як падраўняўся, знаёміцца стала прасцей. Мудрэц зменшыўся і сам.

— Злуешся? — спытаўся ён.

— Наадварот, удзячны вам, — адказаў Радзім. — Я не люблю вылучацца. Хачу быць як і ўсе.

— За гэта ты мне і спадабаўся. Пайшлі, я табе пакажу сваю лабараторыю.

Лабараторыя Мудраца была падобная на сярэдневечную келлю. Усюды стаялі і ляжалі — і на стале, і на крэслах, і нават на падлозе — нейкія старадаўнія прыборы, кнігі, рукапісы, а на сценах віселі шматлікія графікі і схемы. У кутку Радзім заўважыў ці то ложак, ці то тапчан і здагадаўся, што тут, у лабараторыі, Мудрэц і спіць.

— Не вельмі каб багата, — заўважыўшы, што хлопец разглядае яго келлю, як усё роўна апраўдваючыся, зазначыў Мудрэц. — Але жыць можна. Затое ніхто тут мне не перашкаджае. А там жа не далі б працаваць: кожны вар'ят усюды свой нос суне: а што робіш, а навошта, а з якой мэтай?

Крыху памаўчаў.

— Хаця і тут бывае. Вунь мой сябра, выдатны вучоны. Хваліўся сваёй лабараторыяй. І не ведаў, што як толькі ён уключае рубільнік, да яго адразу ж падключаюць гільяціну: ён міжволі рэжа галовы невінаватым. Як толькі сябра даведаўся пра гэта, звар'яцеў. Яго хуценька забралі на волю. І дзе ён цяпер — не ведаю.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: