Яраш заглянуў у гумавае вядзерца, што стаяла ззаду рыбалова, убачыў, што яно амаль поўнае рыбы, і адчуў павагу да чалавека, які ўмее вудзіць; не тое што другія — абы час загубіць. Доктар паважаў усялякае ўменне.
Шыковіч разглядаў Гукана з іранічнай усмешкай: ён упершыню бачыць яго ў такой форме і ролі.
Толькі падсекшы і выкінуўшы на траву трапяткога акунька, Гукан павярнуўся да іх і працягнуў руку.
— Што гэта вы, Сямён Парфёнавіч! Мы вас чакаем, — выказаў крыўду Шыковіч, хоць цяпер яго чамусьці мала кранула тое, што Гукан не прыехаў.
— Прабач, Кірыла… Не ўтрымаўся ад спакусы. Калі нашаму брату ўдаецца выбрацца на лона прыроды. Вось і думаю: палаўлю і з'яўлюся ў госці са сваёй юшкай. Чакай.
Нырнуў паплавок адной з вуд. Гукан спрытна скочыў да вудзільна і выкінуў срэбна-белую плотку… Яраш зняў яе з кручка. Кідаючы ў вядзерца, спытаў:
— Гумай не пахне?
— Не. Праверана.
— То, можа, час ужо варыць юшку? — прапанаваў Шыковіч.
— Ты бачыў, як бярэцца? Павудзім, доктар? — звярнуўся Гукан да Яраша, мабыць, адчуўшы ў ім аднадумца, недарма кажуць: «Рыбак рыбака бачыць здаляка».
— Безумоўна, павудзім! — падтрымаў Яраш. Скінуўшы тапкі, падкасаўшы штаны, ён пайшоў цераз ручай. — Я далей.
Гукан ацаніў яго рыбацкую далікатнасць. Паглядзеў услед, сказаў:
— Зайздрошчу гэтаму чалавеку. Волат. — Уздыхнуў: — Няроўна дзеліць маці-прырода.
— Ды і няроўна, каб ёй пуста было, — згадзіўся Кірыла, разматваючы леску.
Ён прымасціўся тут жа, крокаў за дзесяць ад Гукана, хоць таму гэта не вельмі спадабалася. Сеў на абрыве, звесіў ногі да вады, насадзіў чарвяка, папляваў на яго, нацягнуў леску, сагнуўшы вудзільна, і адпусціў: кручок і груз паляцелі далёка ў раку, але плынь хутка знесла паплавок да берага. А Гуканавы паплаўкі, наадварот, цягне на сярэдзіну. Нечаканыя павароты робіць плынь! Шыковіч прасачыў, як праплыў кусцік травы, паразважаў у думках над тайнамі ракі, зразумеў урэшце, чаму Гукан заняў гэтае месца: зліваюцца два струмені — ракі і ручая, рыба любіць такія куткі. Яго месца — ужо не тое. Але не стаў шукаць другога. Тут хораша сядзець на мяккай траве. Вада блізка, хоць апускай у яе прахалоду ногі. Дзіўнае журчанне. Кірыла ўпершыню чуе такое. Быццам вада бяжыць па звонкай металічнай трубе. Чаму гэта? Адкуль? Струмень б'е ў бераг? Але бераг тут мяккі. Ён услухаўся, угледзеўся. Ды думкі расплываюцца, нельга засяродзіцца. Наплывае ўсё адразу. Ластаўкі чэрцяць крыламі ваду. Лятаюць каля самых ног. Можа, гняздо ў абрыве? Пахнуць травы. Ластаўкі не парушаюць спакой, а водар ап'яняе. Асільвае стома. Хочацца спаць. Чырвоны паплавок лёгка гойдаецца, але не нырае. А ў Гукана нырае. Той раз-пораз падсякае. І ўжо колькі разоў у паветры мільгалі рыбкі, трапяталіся ў траве.
«Драбязу бярэ. Можна і з вудай браканьерыць. Трэба сказаць яму». Але не сказаў, паленаваўся. Хацелася паваліцца ў траву і глядзець у неба, дзе гусцеюць перыстыя аблокі. Сонца яшчэ прабівае іх, але расплылося, як… яйка на скавародцы. Чужы стары вобраз. Ліха з імі, з гэтымі вобразамі. Зноў дасціпныя крытыкі будуць лавіць у яго блохі. Алах з імі! Не кожны піша метафарамі. Цяжка чмякнула нешта ў траве збоку.
— Глядзі! — Гукан трымаў у руцэ вялікага акуня, і твар яго ззяў ад шчасця.
Шыковіч засмяяўся. Успомнілася французская кінакамедыя, эпізод, дзе ў спаборніцтве рыбаловаў рыба бралася толькі на кручок браканьера — героя фільма.
Кірылу заўсёды смяшыла наіўнасць, хлуслівасць і радасць рыбакоў і паляўнічых. Паважаныя сур'ёзныя людзі, узяўшы вуду і стрэльбу, ператвараюцца ў дзяцей і мюнхгаўзенаў. Між тым Гукан дастаў з кішэні прыладу накшталт маленькага пісталета, выцягнуў з дула стужку рулеткі і змераў даўжыню акуня. А пасля гэтай жа прыладай зважыў рыбіну. Кірыла глядзеў на яго ўжо без іроніі, без смеху, а з нейкім нават захапленнем: «Ух, чорт! Вось гэта акуратнасць!» Твар Гуканаў, які быў расплыўся ад усмешкі, зноў выцягнуўся, калі ён сказаў:
— Восемсот грамаў. Думаў, больш будзе.
Але ўвогуле яго, відаць, задаволіла рыбацкая ўдача. Ён раптам сеў пад вярбой. Дзіўна сеў, высока, на ўзровень падбародка, падняўшы вострыя калені. На правае калена палажыў вудзільна.
Шыковіч убачыў, што вакол паплаўка ходзяць акунькі, і залюбаваўся іх гульнёй.
— Чым, інжынер чалавечых душ, думаеш парадаваць у бліжэйшы час?
Кірыла не любіў ні гэтага звароту, які замусолілі да агіднасці, ні гэтага шаблоннага пытання. Але адчуў, што Гукан мімаволі зрабіў добрую зачэпку для размовы, дзеля якой і запрашаў яго.
— Хачу вярнуцца да падполля. — Ён знарок не паварочваўся, але ўсё адно адчуваў на сабе доўгі пільны позірк старшыні гарсавета.
— Зноў вайна. Шаснаццаць год будуем. Гарады вунь якія збудавалі. Дзеці выраслі, што нарадзіліся пасля вайны. Глянеш навокал — дух займае. Вось-вось савецкі чалавек на Месяц ступіць. А ваш брат усё ваюе. Назад, браткі, глядзіце. Не ўмееце глядзець наперад!
— Справядлівы папрок, Сямён Парфёнавіч! — бадзёра падтрымаў Шыковіч. — Але кожны піша пра тое, што яго хвалюе.
— Раман? — спытаў Гукан пасля доўгага маўчання.
— Дакументальная аповесць.
— Дакументальная? Пісана-перапісана…
— Не так ужо многа, Сямён Парфёнавіч. Пра наш горад адна ваша кніга. Ды і колькі там пра падполле! Мімаходзь. Я хачу заглянуць глыбей… Разабрацца…
— Разбіраўся гарком.
— Правільна. Але мне, напрыклад, шмат што няясна. Асабліва ў першым перыядзе. Да таго ж згадзіцеся, што цяпер мы на многія рэчы глядзім другімі вачамі.
— Хочаш, значыцца, прарэвізаваць рашэнне гаркома. — Гукан не спытаў, а як бы канстатаваў факт, з іроніяй у голасе, у якой бадай што прагучала пагроза.
Шыковіч каўзануўся па траве і моцна ляснуў вудзільнам па вадзе. Ён зразумеў, што Гукан не адступіць ні ад аднаго сказа, палажэння сваёй кнігі, напісанай яго, Кірылавай, рукой. Апанавала злосць.
«Чаму ты так упарта трымаешся за тое, супраць чаго выступаюць многія? Чаму ты лічыш, што адзін ты сказаў ісціну ў апошняй інстанцыі? Рашэнне гаркома!.. Ты быў сакратаром і рыхтаваў гэтае рашэнне, паўтарыўшы тое, што раней напісаў у кнізе. А людзі — удзельнікі — пратэстуюць!..»
Кірыла аберуч сціснуў вудзільна, быццам яно магло зацягнуць яго немаведама куды. Ён баяўся, як бы не выбухнула гэтая злосць. Разумеў, што сварыцца цяпер з Гуканам неразумна і недарэчна. Памог яму саўладаць са сваімі пачуццямі сам Гукан. Той падняўся на ногі, зноў нахіліўся над ракой, і збоку здавалася, што, акрамя паплаўкоў і рыбы, нічога больш не хвалюе і не цікавіць яго. Кірыла агледзеў доўгую постаць, спакойны аскетычны твар і, адчуваючы, што патухае агонь, нязлосна вылаяўся ў думках:
«Актор, чортава жардзіна! Я дорага заплаціў бы, каб даведацца, пра што ты думаеш».
Яны доўга маўчалі.
Нарэшце, чапляючы новага чарвяка, Гукан сказаў:
— Гэта цябе Яраш падбівае на падполле? Раю не вельмі давяраць яму. Анархіст.
— Яраш — анархіст? — Кірылу стала чамусьці весела. — Больш дысцыплінаванага чалавека я не ведаю.
— Розная бывае дысцыпліна. Безумоўна, ён выконваў адказныя заданні. Але гэта была, так сказаць, не галоўная лінія нашай барацьбы. І яго трымалі ўбаку. Таму ў яго склалася дзіўнае ўяўленне аб падполлі. У нашай кнізе, канешне, не ўсе факты і людзі названы… Але я і не ставіў такой мэты…
«Кніга наша, а мэта твая», — засек у думках Кірыла.
— Мы далі агульную ацэнку… А Яраш хацеў перакрэсліць усё, бо не назвалі яго… Помніш яго пісьмо?..
Шыковіч успомніў сваё першае знаёмства з Ярашам, як, атрымаўшы пісьмо, знайшоў маладога лекара. І той расказваў пра сваіх сяброў-падпольшчыкаў з болем, з крыўдай.
Не, Яраш пісаў тады не з-за сябе! У гэтым Кірыла цвёрда пераканаўся. Але мае рацыю і Гукан: у Яраша ў той час сапраўды было блытанае ўяўленне аб агульнай карціне падпольнай барацьбы ў горадзе.
Адначасова Кірыла прыгадаў сённяшнюю размову з сябрам, яго словы пра тое, што ці варта варушыць мёртвых і падзеі даўно мінулых дзён. Нават Яраш, нястрымны і нястомны Яраш, пачаў вось як разважаць! Што гэта — старасць? Дача, галубы, рыба…