А можа, сапраўды, гэта не тое, самае галоўнае, што патрэбна цяпер народу?

У Шыковіча нярэдка ўзнікалі такія сумненні ў актуальнасці сваіх творчых задум. Гэта цяжкія сумненні, яны часта выклікалі дэпрэсію, абыякавасць, застой. Кірыла баяўся іх. Таму яму больш не хацелася ні «мацаць» Гукана, ні ўвогуле прадаўжаць размову пра гэта. Трэба пераключыцца на штось іншае!

Яму пашанцавала: нырнуў паплавок, ён падсек і выкінуў ніштаватага язя. Яго ўдача падагрэла рыбацкі азарт Гукана, бо язя той не ўзяў ніводнага. Сямён Парфёнавіч сеў бліжэй і пачаў расказваць пра звычаі рыб. Расказваў падрабязна, хоць вельмі манатонна. Кірыла маўчаў. Глядзеў, як гойдаецца паплавок, слухаў журчанне вады, крыкі ластавак. Мацней пахла дажджом. Усё гэта супакоіла і зноў расслабіла мозг, цела. Рака закалыхвала…

Раптам Гукан пачуў, як збоку ад яго штось цяжкае плюхнула ў ваду. Падумаў, абваліўся бераг. Глянуў — няма Шыковіча. Міма яго вуд плыў па рацэ саламяны капялюш. Сямён Парфёнавіч спалохана падскочыў. Але тут жа, пад абрывам, вынырнула галава…

— За вудзільна! Хапайся за вудзільна! — закрычаў Гукан.

Шыковіч схапіўся за вудзільна і, фыркаючы, адплёўваючы ваду, вылез на бераг. А капялюш паплыў па цячэнню далей — у мора.

— Што здарылася?

— Задрамаў, — адказаў Шыковіч, круцячы галавою, каб выліць ваду з вушэй.

— Задрамаў? — Гукан так зарагатаў, што ластаўкі спалохана кінуліся за раку, далей ад такога грому.

Шыковічу ніколі не давялося чуць, каб суровы, скупы на словы і ўсмешкі старшыня так рагатаў. Ён ніяк не мог супакоіцца, выціраў слёзы, гладзіў худы жывот і зноў заліваўся. Яго рогат устрывожыў Яраша. Той кінуў вуды і вылез з лазняку, каб паглядзець, што здарылася.

3

Звычайна Гукан прыходзіў у выканком за паўгадзіны, а то і больш да пачатку работы. Гэта было зручна. Па-першае, дысцыплінавала падначаленых, хоць, калі сакратарка паспрабавала прыходзіць раней за яго, ён забараніў ёй рабіць гэта. Яна павінна з'яўляцца без пяці дзевяць, не раней і не пазней. Гукан любіў парадак і ўмеў яго падтрымліваць.

Па-другое, такім чынам яму ўдавалася абмінуць большасць кватэрных прасіцеляў, якія падпільноўвалі штодня. Нарэшце, у пустым, добра праветраным кабінеце, у вокны якога лезлі галіны каштанаў, хораша думалася і была магчымасць найлепшым чынам спланаваць свой рабочы дзень.

Гукан умеў гэта рабіць, не як другія кіраўнікі, і меў волю выконваць такія аднадзённыя планы.

У панядзелак Сямён Парфёнавіч заспаў. Гэта яго злавала і смяшыла, калі ён таропка ішоў па абмытых дажджом вуліцах. Такога з ім не здаралася ўжо год дваццаць — каб ён праспаў. Без будзільніка, без старонняй дапамогі ён мог дакладна ў назначаны час усхапіцца на ногі. А тут раптам праспаў да палавіны дзевятай. Вінаваты ўчарашні адпачынак.

«А ўрэшце, гэта няблага, што арганізм яшчэ здольны атрымліваць такую зарадку і гэтак выключацца», — разважаў ён ідучы.

Успамінаў учарашні дзень. Многа было прыемнага. Асабліва рыбалка. Рэдка каму шанцуе так. І дождж, які захапіў іх на лузе. А потым, як ён гатаваў разам з дзвюма далікатнымі ўважлівымі жанчынамі юшку, пакуль гаспадары ездзілі ў вёску ў краму, і рагатаў, расказваючы ім, як зваліўся ў раку Кірыла Шыковіч. Жанчыны таксама смяяліся, хоць Ярашава жонка сказала, што Кірыла мог зрабіць гэта знарок — для смеху.

У прыёмнай ужо чакалі людзі. Чалавек дзесяць. Гукан прывітаўся. Яго адразу абкружылі.

— Таварыш старшыня!

— Сямён Парфёнавіч!

— Таварыш Гукан!

Ён спыніўся сярод пакоя, узвышаючыся над самым рослым з наведвальнікаў. Зняў габардзінавую кепку, выцер складзенай у чатыры столкі хусцінкай лоб і шыю. Агледзеў прысутных, жадаючы адгадаць, хто з чым.

— Чакайце. Можаце лічыць мяне бюракратам, кім хочаце, але давайце адразу высветлім нашы ўзаемаадносіны. Заяўляю рашуча: па кватэрных пытаннях не прымаю. У пятніцу прыёмны дзень, калі ласка, прашу.

— Я два месяцы не магу трапіць да вас! — злосна крыкнула маладая жанчына ў простай сукенцы з бледным стомленым тварам.

— Магло быць, — спакойна згадзіўся Гукан. — Справы і выезды двойчы сарвалі мне прыёмны дзень. Прымалі мае намеснікі.

— А я хачу да вас!

— Нэла, — звярнуўся Гукан да сакратаркі, — была гэтая грамадзянка на прыёмах?

Маленькая чорненькая Нэла заружавелася, нясмела і няўпэўнена адказала:

— Была.

— Запішыце яе на пятніцу першай на чаргу. — І ласкава звярнуўся да жанчыны: — Чакаю вас роўна ў дзевяць.

Жанчына збянтэжылася. Старшыня добра ведаў вось такіх, раззлаваных, якія ішлі з яўным намерам пакрычаць, пасварыцца, і ўмеў улагодзіць іх ці хаця б збіць ваяўнічы запал.

Жанчына пераключылася на Нэлу, каб тая не забылася запісаць яе першай.

— Вы, таварыш маёр, наконт дарогі? — Твар Гукана ўміг пасуравеў, вочы зрабіліся калючымі і глядзелі не на маёра, а міма, як бы шукалі кагосьці другога. — Дарогу міма школы-інтэрната закрываем. Вы хочаце, каб дзеці глыталі пыл і газы ад вашых машын? Не будзе! Вам далі праезд, прывядзіце яго ў парадак.

— Мост.

Гукан раздражнёна звярнуўся да ўсіх:

— Мост цераз канаву — казе пераскочыць. Праблема, бачыце! Што ж мне дзяцей паслаць, каб збудавалі вам гэты мост? Пасаромеліся б гаварыць. Такая часць!..

Чалавекі два з наведвальнікаў засмяяліся.

— Таварыш Гукан!

— Не рабіце сакрэтаў там, дзе іх няма. Увесь горад ведае вашу часць, дзе вы стаіце і кудой вы ездзіце. Усё! Ёсць рашэнне выканкома!

Гукан крута павярнуўся да трэцяга наведвальніка, інтэлігентнага чалавека ў акулярах.

— Вы?

— Я, уласна кажучы, таксама…

— Дамовіліся. У пятніцу.

— У вас што?

— Я наконт інтэрната…

— Да Кушнера. Няхай дае прапановы.

Гукан шукаў вачамі наведвальніка, у якога магла б быць такая справа, каб усе зразумелі: так, гэта першачаргова і важна, мы можам і пачакаць.

Яго позірк спыніўся на зусім маладым чалавеку, амаль юнаку, модна апранутым: светлы касцюм, карычневая сарочка, вузенькі гальштук. Ён стаяў збоку, слухаў размову старшыні гарсавета з наведвальнікамі, і ў вачах яго, крыху блізарукіх, прыжмураных, свяцілася іранічная ўсмешка.

У такіх, што не лезуць назойліва наперад, не заглядваюць лісліва ў вочы і не вельмі нават дамагаюцца прыёму, — у іх бываюць самыя цікавыя справы.

— А вы, таварыш? — цераз галовы другіх звярнуўся да яго Гукан.

— Я? — паказаў на сябе пальцам юнак і як бы здзівіўся. — Я хачу прапанаваць новую планіроўку мікрараёна на Выселках. — І ён падняў скрутак ватманскай паперы.

— О! — узрадаваўся Гукан, у сваю чаргу паказаўшы пальцам на хлопца. — З гэтага мы і пачнем! Бо гэта на сённяшні дзень самае галоўнае. Прашу вас.

І наведвальнікі моўчкі і пачціва расступіліся, вызваліўшы старшыню са свайго кола і даючы дарогу да дзвярэй кабінета маладому архітэктару.

У прыёмнай было ўжо душна. А ў кабінеце — цудоўны вільготны халадок; зачыніш за сабой дзверы і быццам трапляеш у другі свет. Вокны выходзілі на паўночны бок, на ціхую вуліцу. Гукан кіўнуў на доўгі стол.

— Вось тут рассцілайце свае чарцяжы. Замест кнопак вось гэта, — ён падняў адзін з круглых падшыпнікаў, якія стосам ляжалі на краі стала.

Пакуль наведвальнік разгортваў свае праекты, Гукан павесіў у куце на вешалку кепку, заглянуў у настольны каляндар — якія справы чакаюць сёння? Потым падышоў да адчыненага акна і доўга любаваўся на каштан. З таго часу, калі загарэліся белыя свечкі квецені, ён з цікавасцю сачыў, як завязваліся, развіваліся і як цяпер растуць плады каштана, маленькія, яшчэ зялёныя, з ледзь прыкметнай насечкай. Сямён Парфёнавіч глядзеў на іх па некалькі разоў на дзень. Гэта супакойвала, давала адпачынак нервам. Хораша настройвала.

Але, разглядаючы каштаны, ён раптам адчуў трывогу ў душы. Чаму? Ад чаго?

Нібы спалохаўшыся, што гэтую трывогу можа пачуць старонні чалавек, старшыня хутка павярнуўся да яго.

— Ну, што ў вас?

— Вось тут…

— Нічога не тлумачце. Я сам… Я, малады чалавек, зубы з'еў на гэтых планіроўках. Так… Так… Гэта ў вас што?


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: