Дождж ударыў у шыбу мяккай нябачнай лапай, нібыта аб чымсьці папярэджваў.
— Бутрым, я зусім не лічу сябе абранніцай ці цябе нявартым… — засмучона прагаварыла Саламея. — Я ж памятаю, як мы хадзілі ў Сафійку, сядзелі над Дзвіною, і як ты мне распавядаў пра Рагнеду і Уладзіміра, пра Еўфрасінню і Скарыну… І пра тое, як Іван Жахлівы заваёўваў наш горад, а тады Стафан Баторы. Як мы лазілі па мурах і сутарэннях, і як знайшлі іржавы рыцарскі меч з выявай вершніка… Павер, усё, што я маю, і я сама — належыць табе. Акрамя таго, пра што ты пытаешся. Проста гэта не мая таямніца, я яе не прасіла, і я над ёю не ўладная!
— Няважна… — прамовіў Лёднік. — Я за сваю гардыню расплочваюся напоўніцу. І не хачу, каб ты, няхай далучаная не па сваёй волі, расплацілася таксама. Бо калі нам нейкім цудам удасца выбрацца з замка — цябе зграбуць іншыя прагныя рукі… Сапегаў, Багінскіх, Чартарыйскіх, Панятоўскіх… Каго заўгодна. А я не дзеля таго спрабую цябе вызваліць.
— А дзеля чаго? — папыталася Саламея. Лёднік уздыхнуў, як студэнт на іспыце, да якога не падрыхтаваўся.
— Ты павінна быць вольнай… Жыць, як хочаш…
— Ты ведаеш, чаго… дакладней, каго я хачу, — голас кабеты гучэў нават насмешна. — Уласна кажучы, я ж дачакалася — ты прыйшоў! Мой бедны Фаўст…
І калі б доктар у гэты момант пачаў казаць, што яе няварты, Пранцысь перастаў бы яго паважаць. Але ў прыцемку, які пачаў трохі-трохі, кропляй белі, рабіцца святлейшым, Лёднік толькі паднёс да вуснаў руку жанчыны, нібыта дзюбнуў носам. У Вырвіча ў чарговы раз варухнулася крыўда: і чаму гэтага страхалюднага недарэку кахаюць самыя прыгожыя кабеты? І яшчэ мільганула думка: а Паланэя Багінская напэўна ж хоча займець тую рэліквію! Можа, з дапамогай рамфеі, дзіды Святога Маўрыкія, мяккі па характары, але адукаваны і схільны да мастацтваў князь Міхал Багінскі стане каралём Рэчы Паспалітай? Гэта будзе, напэўна, куды лепей, чым чарговы саксонец, расейскі стаўленік ці вар’ят Геранім Радзвіл… І што, калі тую рамфею дастане шляхціц Пранцысь Вырвіч? На трон яго самога, вядома, наўрад пасадзяць, трэба нават у марах ведаць межы… Але ён можа ўрачыста перадаць святыню будучаму каралю і тым як бы ўзвесці яго на трон. Пранцысь Вырвіч, дабрадзей караля! Тады юная Багінская паглядзіць на яго, як на роўнага!
Вырвіч сам не заўважыў, як ад салодкіх мрояў прыдрамаў, і сніліся яму залатыя фанфары, якія бязгучна гралі славу герою, высоўваючыся з аблокаў, як трубкі з вялізнай дуды. Пранціш стаяў проста на хмарцы пад дажджом з бязважкіх ружаў, створаных з завіткоў пары, і намагаўся расчуць хоць урывак урачыстай мелодыі ў свой гонар. Ён ведаў, што фанфарам падпявае анёльскі хор, але яго таксама не было чутно. Ціха, падаюць, як снегавыя камякі, ружы. Растаюць у паветры… Раптам слых пачаў улоўліваць асобныя гукі… І яны сталі складацца ў пахавальны марш. Ад абурэння Вырвіч прачнуўся… А яшчэ ад таго, што Лёднік тузаў яго за рукаў.
Магчыма, сонца і падумвала вынырнуць з бездані начы, але не наважвалася, бо хмары так шчыльна засцілалі неба, што праз іх усё роўна немагчыма было паказаць сваю бліскучую гожасць упэцканай восеньскай слатой зямлі, а ці варта тады турбавацца?
Між тым ля брамы пачуліся нейкія гукі, замільгалі агні…
— Усё, час! — здушаным голасам прамовіў Лёднік.
— Ты так і не сказаў мне… — ціха прамовіла палачанка, ператвораная ў мурынку.
— Я быў дурань, — проста прызнаўся былы алхімік. — Не ведаю, ці прабачыш ты мяне. Ты — лепшае, што магло б са мной адбыцца. Але цяпер ужо запозна.
— Ніколі не бывае запозна, павер, — упэўнена прагучэў глыбокі нізкаваты голас Саламеі Рэніч.
Каля брамы адбывалася нейкая мітусня і чуліся незразумелыя жаласныя выкрыкі, не падобныя да чалавечых. Лёднік ішоў наперадзе, выпрастаўшыся, як палкаводзец, Пранцысь нёс за ім валізу з лекарскім інструментарыем, мурынка, угнуўшыся, спяшалася за імі дробным крокам. На падыходзе да брамы Лёднік пачаў выкрыкваць на нямецкай:
— Загад яго княскае мосці!
Усе спалохана рассыпаліся ў бакі. Лёднік падыйшоў да начальніка варты і незадаволена папытаўся:
— Гэта выпадкам не цюленяў і слана прывезлі?
— Дакладна так! — з палёгкай адказаў начальнік варты, немалады рудаваты прусак, на твары якога чыталася такая разгубленасць, якой не магла выклікаць самая жорсткая і безнадзейная баталія. — Ніхто нічога зразумець не можа. Прыезжыя крычаць, каб зараз жа далі ім падводы, бо слон здохне, цюлені разбягуцца, мурыны таксама… Кажуць — яго княская мосць замаўляў гэты звярынец ажно ў Гамбургу, вось яны прыехалі, слон захварэў, затрымаліся ў Трайчанах, да раніцы чакаць не могуць, бо цюленям патрэбныя новыя бочкі з вадою, старыя разбіліся… Правадыр, нахабны малады чалавек, патрабуе, каб зараз жа даклалі пра іх прыезд князю, іначай той угневаецца. Але калі яго міласць князя пабудзім, што, не ўгневаецца? Майн гот, што такое цюлені, гер Лотман? Гэта драпежнікі?
— Марскія жывёлы, і калі блізка да іх не падыходзіць, не з’ядуць. Князь як раз даў мне распараджэнні наконт гэтага звяр’я, — уладным голасам тлумачыў Лёднік. — Бяссоннем пакутваў яго мосць, і ўспомніў, што павінны цюленяў прывезці, крыкі якіх супакойваюць бурленне крыві. Але даў указанне, якіх тварын пускаць у замак, а якіх не. Дайце мне перагаварыць з гасцямі.
— А мурынка вам нашто? — падазрона папытаўся начальнік варты.
— Ну, калі вы, гер афіцэр, ведаеце мурынскую мову, гэтая кабета нам сапраўды не спатрэбіцца. Вы замест яе дапаможаце нам паразумецца з мурынамі ды афрыканскім сланом, якіх князю прывезлі, — у голасе Лёдніка было столькі атруты, што афіцэр махнуў рукой, і доктар са сваімі спадарожнікамі прайшлі наперад, да выхаду з брамы. Па той бок мосту бачылася некалькі вершнікаў і падвода, на якой нешта варочалася і жаласна па-нялюдску крычала.
— Апусціце мост, я павінен перагаварыць з тым чалавекам, — загадаў Лёднік. Афіцэр пераклаў загад, жаўнеры кінуліся выконваць. Маладзён, размахваючы паперай, перабег мост, і Пранцысь са здзіўленнем пазнаў Ігната Мянчынскага ў адзежы купца і з барадою.
— Панове, вось ліст князя Радзівіла! Няўжо вы асмеліцеся не пусціць у замак купленых ім жывёлаў?
Лёднік холадна папытаўся, ці гаворыць пан па-нямецку, і купец паўтарыў усё на ламанай мове бюргераў.
— Спакойна, пан, не спяшайцеся! — ільдзяным голасам прагаварыў Лёднік. — Па-першае, князь у вас яшчэ нічога не купіў, нават канарэйкі. Па-другое, з таго, што вы прывезлі, князь загадаў адабраць жывёлаў і мурынаў пэўнага гатунку. Яго мосць даведаўся, напрыклад, што цюлені з асаблівай формы белай плямай і мурыны з асаблівым кляйном могуць быць звязаныя з дэманамі. Карацей, пойдзем, я сам усё прывезенае агледжу, а гэтая мурынка разбярэцца са сваймі адзінапляменнікамі.
Мянчынскі развёў рукамі, нібыта з прыкрасцю, і моўчкі пакланіўся.
— Гэта непадалёк, ваша мосць. Можаце скарыстацца нашай падводай — на ёй толькі маленькі цюлень, мы яго навязалі, ён бясшкодны. А гэтую дзікунку я пасажу на свайго каня.
Мянчынскі схапіў Саламею за руку і павёў да коней. Пранцысь рушыў следам. Лёднік павярнуўся да варты:
— Я прышлю сказаць, колькі патрэбна падводаў і бочак з вадой.
— А пякельнай карэты за табой не прыслаць? — раптам пачуўся здзеклівы голас. Аднавокі жаўнер асвяціў ліхтаром твар Лёдніка. — А я думаю, што за голас знаёмы? Вось пан Юдыцкі ўзрадуецца!
— Не разумею, пра што спадар гаворыць, — па нямецку адказаў Лёднік, не мяняючы голасу, і павярнуўся, каб сысці…
— Хапай шпега! Гэта не немец, гэта Баўтрамей Лёднік, чарнакніжнік, што ад Юдыцкага збег! — загарлаў жаўнер. — І памочнік яго шпег! Трымайце!
Жаўнеры выхапілі шаблі, начальнік варты цвёрда прамовіў:
— Застаньцеся, пан доктар. Гэты чалавек сцвярждае, што вы — не той, за каго сябе выдаяце. Мы лёгка выявім, ці ён ілжэ.
— Толькі пасля таго, як я выканаю загад князя, — запярэчыў Лёднік. Афіцэр вагаўся, у той час, як жаўнер крычаў:
— Ды гэта ж ён мяне вока пазбавіў! Навалач паганая! Паглядзіце на ягоны лоб — пан Юдыцкі прыклаў!