Прусак крануў рукой шаблю, што ўсе палічылі знакам да трывогі.

— Эй, вы, таксама стойце! — крыкнуў адзін з афіцэраў тым, хто ўжо апынуўся па той бок мосту, і нехта з жаўнераў рушыў, каб іх затрымаць.

— Рабіце, што павінны! — крыкнуў з усяе сілы Лёднік і выхапіў шаблю. Мянчынскі яго зразумеў, ускочыў на каня, і, моцна трымаючы ў абдоймах мурынку, пусціўся намётам. Трое, што былі з ім, таксама прышпорылі коней і выпусцілі пару куль у бок пераследнікаў, каб суцішыць іхні імпэт. А ў жаўнераў Радзівіла на выхадзе з брамы аказалася перашкода ў выглядзе аднаго, але баявітага доктара, шабля якога мільгала, як крылы шалёнага ветрака.

Лёднік разумеў, што пры ўсёй упартасці і добрай стратэгічнай пазіцыі хопіць яго ненадоўга, але кожная выйграная секунда дадавала пясчынку на шалі, што ўзважвалі верагоднасць выратавання Саламеі Рэніч. Шлях на той бок маста быў не для яго. Раптам побач пачуўся зухаваты крык, і жаўнеры сустрэліся з яшчэ адной шабляй. Лёднік прастагнаў скрозь зубы:

— Вырвіч! Якога ражна ты вярнуўся!

— Я сваю маёмасць не кідаю! У мяне не так яе многа! — з вясёлым цынізмам пракрычаў Пранцысь, радуючыся, што нарэшце развітаўся са сваім «нямецкім маўчаннем», і што можа заняцца праўдзівай шляхецкай справай і выпрабаваць сваю фехтавальную навуку.

У замку пратрубілі трывогу. Зазванілі званы… Падобна, выявіўся і пабег Сільфіды. Цяпер узнімецца ўвесь гарнізон. Лёднік і Пранцысь стаялі ўнутры брамы, плячо да пляча, задыханыя, потныя… А на іх скіравалі рулі стрэльбаў столькі жаўнераў, колькі змагло змясціцца ў праёме.

— Ну нашто ты вярнуўся… — неяк тужліва прагаварыў Лёднік. — Сапсуў мне ўсё, дурны хлапчыска. Я б зараз мог…

Ён не дагаварыў, але Вырвіч зразумеў: Лёднік планаваў біцца да апошняга, выжыванне ў гэтыя планы не ўваходзіла. А цяпер з-за Вырвіча ён не можа так учыніць, і давядзецца здацца, а далей — сутарэнні, што горш за смерць…

— Я таксама змагу! — адчайна крыкнуў Пранціш, і з шабляй ірвануўся на ружжы:

— З дарогі, гнюсы! Гіпацэнтаўр ідзе!

Лёднік паспрабаваў апярэдзіць хлапца, па звычцы захінуць… Але кулі ў двух самазабойцаў не паляцелі, значыць, нехта паспеў аддаць загад — браць шпегаў толькі жыўцом. Шыхты ўзброеных стрэльбамі мушкецёраў расхінуліся, і на двух ваякаў накінулі сеткі.

Калі іх скруцілі, Пранціш са свежападбітым вокам фанабэрыста заявіў:

— Рукі прэч, халопы! Я шляхціц! Я патрабую, каб да мяне адносіліся адпаведна майму званню!

— Для шляхціцаў, ваша мосць, у нас ёсць адмысловыя яміны ў сутарэннях! — здзекліва адказаў адзін з жаўнераў.

А Лёднік, неверагодна злуючы канваіраў, мройна ўсміхаўся. Ён быў упэўнены, што Сільфіда ў гэты жудкі замак не вернецца.

РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ

У СУТАРЭННЯХ СЛУЦКАГА ЗАМКУ

У кожнага ў дзяцінстве ёсць нейкае ўяўнае страхоцце, якое абрастае падрабязнасцямі і палохае больш, чым нешта рэальна небяспечнае. Дзед Бабай з лупатымі чырвонымі вачыма, што гараць, як полымя, і жоўтымі ікламі да калень, які па начах ходзіць на гарышчы, куды страшней, чым чорнае вока палонкі, у якое зазіраеш, стоячы на падталым лёдзе, альбо спакусна бліскучыя ягады ваўчанкі. Хаця няшчасны Бабай яшчэ не забіў нікога, а ў палонцы загінуў не адзін цікаўны малёнак…

Сапраўдная небяспека ніколі не выглядае гэткай страшнай, як уяўная.

Пранціш столькі разоў уяўляў сабе жудасці сутарэнняў Гераніма Радзівіла, што, патрапіўшы туды, адчуў нават незразумелую палёгку: ну вось і здарылася тое, чаго баяўся больш за ўсё на свеце.

Памяшканне са скляпеністай столлю, двума каменнымі калонамі і камінам, куды заштурхнулі палонных, не было ў самым нізе, пад зямлёю, наадварот — яно было першым ад уваходу, гэткі чысцец перад спускам у пекла, парадны пакой Аіда. Не мелася крывавых пацёкаў на сценах ці шкілетаў па кутах. Шэры камень, цёмны мох у шчылінах. Тут цалкам маглі б захоўвацца мяшкі з зернем, кубельцы з салам альбо іншыя мірныя звыклыя рэчы. Хіба што для асвятлення пакою не пашкадавалі нават чатырох ліхтароў, па адным у кожным куце — відаць, каб не прапусціць і найменшы рух вязня. Мелася і маленькае вакенца, у якое віднеўся шэры ашмётак неба і сіратлівы куст травы, які згінаўся ад павеваў мокрага ветру. Значыць, крыкі адсюль маглі радаваць князя Гераніма, нават калі б ён не прысутнічаў на допыце, а знаходзіўся ў сваіх пакоях. Пранцысь уявіў, што кожная такая камера з вакенцам — адмысловы музычны інструмент болю, з якога складаецца сапраўдны, а не тэатральны, аркестр Слуцкага замку…

А князь Геранім напэўна да іх заявіцца! Каб асабіста задаць пытанні… Пранцысь, відаць, пры гэтай думцы замарудзіў крок, бо яго падштурхнулі ў спіну. Шкаляр у чарговы раз пракрычаў:

— Я шляхціц! Паветлівей, сабачыя морды!

— Ды мы нічога кепскага высакароднаму пану не зробім, — здзекліва запэўніў Пранціша таўсманы турэмшчык. — Вось сюды прысядзьце, ваша мосць, на гэтую лаву…

Вырвіча ўсадзілі на каменную лаўку ля сцяны справа ад вакна і надзелі на рукі кайданы, прымацаваныя да сядзення, так што Пранціш мог дастаць да свайго носу толькі нізка нахіліўшыся. Двое турэмшчыкаў адышліся палюбавацца сваёй працай:

— Ну вось, зручна пану? Не цісне нідзе?

Пранціш ганарыста закінуў галаву:

— Я ўласнаручна спушчу скуру з вашых спінаў за абразу шляхецкага гонару!

Але на яго ўжо не звярталі ўвагі… Бо займаліся Лёднікам, і менавіта яму, падобна, адводзілася галоўная роля ў мяркуемым спектаклі ў многіх дзеях. І Пранцішу дужа не спадабалася тое, што з ягоным слугою рабілі. Лёдніку загадалі распрануцца да пояса і разуцца, што ён і зрабіў не спяшаючыся, і вопратку сваю склаў акуратненька, стосікам, на сухім месцы ля сцяны. На ягоным жылаватым, падцягнутым целе меліся і «шляхецкія роспісы» — відаць, пан Агалінскі выхоўваў даўжніка, і шнары, пакінутыя шаблямі ды кулямі, што канваіры палічылі доказам ягонага маскараду: адкуль такое ў звычайнага доктара? Калі турэмшчыкі яшчэ пабачылі на грудзях Лёдніка срэбны праваслаўны крыж, дадаткова раз’юшыліся, аблаялі «маскоўскіх сабакаў», праклятых шпегаў, але здымаць крыж і біць вязня не сталі, відаць, таму, што пакуль не атрымалі ніякіх распараджэнняў наконт яго. Толькі паюк з задавальненнем патаптаўся бруднымі ботамі па акуратна складзенай Лёднікавай вопратцы. За гэты час адзін з канваіраў распаліў камін, і наўрад дзеля таго, каб вязням было цёпла. Тым больш у куце ля каміну грувасціліся страшныя жалезныя прылады, зусім не падобныя да звычайнай качаргі.

Доктара паставілі між двух каменных слупоў тварам да вакна і прыкавалі ланцугамі за рукі і ногі, так, што ён нагадваў малюнак ідэальнага чалавека Леанарда да Вінчы, хаця такога носу ў ідэальнага чалавека дакладна быць не можа. Лёднік маўчаў, на ягоным худым твары нельга было прачытаць нічога, акрым грэблівай абыякавасці. Затое Пранцысь мімаволі пачаў дрыжэць, і не ведаў, ці зможа годна вытрымаць відовішча, якое тут рыхтавалася. Нарэшце ўсе выйшлі, пакінуўшы вязняў адных. Ліў дождж, ягоны шум здаваўся злавесным, бо крыкі і стогны з глыбінь сутарэнняў ён заглушыць не мог, і яны больш не былі прывіднымі.

— Пранцысь! — цвёрда прамовіў Лёднік. Вырвіч з цяжкасцю змусіў сябе падняць вочы.

— Паглядзі на мяне! — уладным голасам прагаварыў доктар. — Што б зараз ні адбывалася, проста заплюшчы вочы і думай пра іншае. Пра Паланэю Багінскую, пра лацінскія спражэнні… Ды хоць пра сябра свайго Вараня. Памятаеш, як мы практыкаваліся — канцэнтрацыя, лічыш свой пульс, сочыш за дыханнем… Памятаеш?

Пранцысь кіўнуў галавой, спрабуючы праглынуць даўкі камяк страху.

— І галоўнае, што б са мной ні рабілі — маўчы! З’ясаваў? — працягваў настаўленні Лёднік, і Пранцысь зноў змог толькі кіўнуць галавою. Доктар зразумеў ягоны стан і ўсміхнуўся — шчыра, шырока, як ніколі раней не ўсміхаўся, нават аблічча яго памаладзела і папрыгажэла.

— Ну, вышэй нос, Гіпацэнтаўр! Мы выберамся!

Бразнулі засовы, дзверы адчыніліся, і ўвайшоў чалавек, якога бачыць Пранцысь хацеў бы яшчэ менш, чым князя Гераніма — аднавокі жаўнер. Ягоны мяккі твар з падвойным падбароддзем зусім не падыходзіў вою. Страчанае вока прыкрывала чорная павязка, а другое гарэла лютай нянавісцю. Аднавокі не звярнуў ніякай увагі на Пранцыся. Ён павольна абыйшоў вакол доктара, відовішча пэўна прыносіла яму насалоду.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: