Яна ўзяла яго руку і з чароўнай грацыяй пацалавала яе. Дзік паднёс яе руку да сваіх вуснаў і таксама пацалаваў.

— Сэр Дэніэл, — працягвала яна, — украў мяне, калі я гуляла ў садзе, і прымусіў мяне апрануць мужчынскае адзенне, а гэта для жанчыны смяротны грэх. Да таго ж, мужчынскае адзенне мне зусім не пасуе. Ён адвёз мяне ў Кэтлі і, як ты ведаеш, сказаў мне, што я выйду замуж за цябе. Але я цвёрда вырашыла на злосць яму выйсці замуж за Хэмлі.

— А! — крыкнуў Дзік. — Значыць, ты кахала Хэмлі!

— Не, — адказала Джаана. — Я толькі ненавідзела сэра Дэніэла. Але потым, Дзік, ты дапамог мне, ты быў вельмі добры, вельмі смелы, і я супраць волі пакахала цябе. І цяпер, калі нам удасца выратавацца, я з радасцю стану тваёй жонкай. І нават калі злы лёс перашкодзіць мне выйсці за цябе, я ўсё-такі буду кахаць цябе аднаго. Я буду верная табе да таго часу, пакуль б'ецца маё сэрца.

— Пакуль я не сустрэў цябе, я жанчын ні ў грош не ставіў, — сказаў Дзік. — Я прывязаўся да цябе, калі лічыў цябе блазнам. Я пашкадаваў цябе, сам не ведаючы чаму. Я хацеў адлупцаваць цябе папругай, але рука мая апусцілася. А калі ты прызналася, што ты дзяўчына, Джон, — я па-ранейшаму буду зваць цябе Джонам, — я зразумеў, што ты менавіта тая дзяўчына, якая патрэбна мне. Цішэй! — перабіў ён сябе. — Нехта ідзе!

Сапраўды, чыесьці цяжкія крокі гулка грымелі ў праходзе, і цэлыя полчышчы пацукоў замітусіліся з боку ў бок.

Дзік агледзеў свае пазіцыі. Круты паварот калідора даваў значную выгоду. Можна было, не падвяргаючы сябе небяспецы, страляць з-за вугла. Перашкаджала толькі святло лямпы, якая стаяла занадта блізка. Ён выбег уперад, паставіў лямпу пасярод калідора і вярнуўся на сваё месца.

У далёкім канцы калідора з'явіўся Бенет. Відаць, ён ішоў адзін; у руцэ ён нёс факел, таму цэліцца ў Хэтча было вельмі лёгка.

— Стой, Бенет! — крыкнуў Дзік. — Яшчэ адзін крок, і ты будзеш забіты!

— Дык вось вы дзе! — сказаў Хэтч, узіраючыся ў цемру. — Я вас не бачу. Ага! Вы зрабілі разумна, Дзік, — вы паставілі лямпу перад сабой! Значыць, я вучыў вас недарэмна і радуюся, хаця вы, карыстаючыся маімі ўрокамі, збіраецеся прастрэліць маё грэшнае цела! Чаго вы тут? Што вам тут трэба? Чаго вы цэліцеся ў вашага старога добрага сябра? Ах, і паненка з вамі?

— Не, Бенет, пытаць буду я, а ты будзеш адказваць, — сказаў Дзік. — Чаму мне даводзіцца баяцца за сваё жыццё? Чаму да маёй пасцелі падкрадваюцца забойцы? Чаму мне прыходзіцца ўцякаць ад пагоні ў непрыступным замку майго апекуна? Чаму я вымушаны ўцякаць ад людзей, якіх я з дзяцінства прывык лічыць сваімі сябрамі і якім не зрабіў нічога дрэннага?

— Майстар Дзік, майстар Дзік, — сказаў Бенет, — І што я казаў вам? Вы вельмі храбры, але зусім неразумны хлопчык!

— Я бачу, што табе вядома ўсё і што я сапраўды асуджаны, — адказаў Дзік. — Ну што ж! З гэтага месца я не сыду. Няхай сэр Дэніэл возьме мяне, калі можа.

Хэтч памаўчаў крыху.

— Слухайце, — пачаў ён, — я зараз пайду да сэра Дэніэла і раскажу яму, дзе вы знаходзіцеся і што тут робіце. Дзеля гэтага ён мяне сюды і паслаў. Але калі вы не дурань, вы пойдзеце адсюль раней, чым я вярнуся.

— Я даўно б адсюль пайшоў, калі б ведаў як, — сказаў Дзік. — Я не магу зрушыць пліту.

— Суньце руку ў кут і памацайце там, — адказаў Бенет. — А вяроўка Трогмортана ўсё яшчэ ў карычневым пакоі. Бывайце!

Хэтч павярнуўся і знік за паваротам калідора.

Дзік зараз жа ўзяў лямпу і паслухаўся яго парады. У куце аказалася глыбокая западзіна. Дзік сунуў у яе руку, намацаў жалезны прут і моцна тузануў яго. Пачуўся скрып, і каменная пліта раптоўна зрушылася.

Шлях быў свабодны. Яны без асаблівай цяжкасці адчынілі вечка люка і трапілі ў пакой са скляпеністай столлю, якая выходзіла ў двор, дзе два чалавекі, закасаўшы рукавы, чысцілі коней тых воінаў, што нядаўна прыбылі ў замак. Іх асвятлялі дрыготкім святлом два факелы, устаўленыя ў жалезныя кольцы на сцяне.

Раздзел V

Як Дзік перайшоў на другі бок

Дзік патушыў лямпу, каб не прыцягваць увагі, падняўся наверх і пайшоў па калідоры. У карычневым пакоі ён знайшоў вяроўку, прывязаную да незвычайна цяжкага старадаўняга ложка. Дзік падышоў да акна і пачаў паволі і асцярожна апускаць вяроўку ў начную цемру. Джаана стаяла побач з ім. Вяроўка апускалася без канца. Мала-памалу страх пахіснуў рашучасць Джааны.

— Дзік, — сказала яна, — няўжо тут так высока? У мяне не хопіць смеласці спусціцца. Я абавязкова ўпаду, добры Дзік.

Дзік уздрыгнуў і выпусціў маток з рук. Канец вяроўкі з плёскатам упаў у роў. І адразу ж вартавы на вежы гучна крыкнуў:

— Хто ідзе?

— А каб на цябе ліха! — усклікнуў Дзік. — Усё прапала. Хутчэй! Хапайся за вяроўку і лезь уніз!

— Я не магу, — прашаптала яна і адхіснулася.

— Калі ты не можаш, не магу і я, — сказаў Шэлтан. — Як я пераплыву роў без тваёй дапамогі? Значыць, ты кідаеш мяне?

— Дзік, — прамовіла яна, задыхаючыся, — я не магу. У мяне няма сілы.

— Тады мы абое загінулі, клянуся небам! — крыкнуў ён, тупнуўшы нагой.

Ён пачуў крокі, што набліжаліся, і кінуўся да дзвярэй, спадзеючыся зачыніць іх.

Але перш чым ён паспеў зрушыць засаўку, чыесьці дужыя рукі з другога боку націснулі на дзверы. Ён змагаўся не болей секунды; затым, адчуваючы сябе пераможаным, кінуўся назад, да акна. Дзяўчына стаяла каля акна, прыхіліўшыся да сцяны; яна была амаль у непрытомным стане. Дзік паспрабаваў падняць яе, але яна бездапаможна павісла ў яго на руках усім целам, як мёртвая.

Людзі, якія перашкодзілі яму зачыніць дзверы, кінуліся на яго. Аднаго ён закалоў кінжалам; астатнія на імгненне бязладна адступілі. Ён скарыстаў сумятню, ускочыў на падаконнік, схапіўся абедзвюма рукамі за вяроўку і слізгануў уніз.

На вяроўцы было шмат вузлоў; яны вельмі аблягчалі спуск, але Дзік так спяшаўся і быў такі нявопытны ў падобных практыкаваннях, што разгойдваўся ў паветры, быццам злачынец на шыбеніцы. То галавой, то рукамі стукаўся ён аб няроўную каменную сцяну. У вушах у яго шумела. Над сабой ён бачыў зоркі, унізе таксама былі зоркі, якія адлюстроўваліся ў вадзе рова і дрыжалі, нібы сухое лісце перад бурай. Потым вяроўка выслізнула ў яго з рук, і ён упаў у ледзяную ваду.

Вынырнуўшы на паверхню, ён злавіў вяроўку, якая ўсё яшчэ разгойдвалася з боку ў бок. Высока над ім, на макаўцы зубчастай вежы, ярка палалі факелы. Барвовае іх зіхаценне асвятляла твар воінаў, якія стоўпіліся за каменнымі зубцамі. Ён бачыў, як яны ўглядваліся ў цемру, стараючыся знайсці яго; але ён быў далёка ўнізе, туды святло не дасягала, і яны шукалі яго дарэмна.

Трымаючыся за вяроўку, што падалася яму дастаткова доўгай, Дзік сяк-так паплыў цераз роў да супрацьлеглага берага. Ён праплыў палавіну шляху, як раптам адчуў, што вяроўка скончылася і наструнілася; яна цягнула яго назад. Выпусціўшы вяроўку, ён з усіх сіл узмахнуў рукамі, спрабуючы ўхапіцца за галіны вярбы, што звісалі над вадою; гэта была тая самая вярба, якая некалькі гадзін назад дапамагла ганцу сэра Дэніэла выбрацца на бераг. Ён апусціўся ў ваду, вынырнуў, зноў апусціўся, зноў вынырнуў, і толькі тады яму ўдалося ўхапіцца за галіну. З хуткасцю маланкі ён ускарабкаўся на дрэва і прыціснуўся да ствала. Вада цурчала па яго вопратцы, ён цяжка дыхаў, усё яшчэ не верачы, што яму ўдалося выратавацца.

Усплёск вады выдаў яго воінам, якія сабраліся на вежы. Стрэлы, працінаючы цемру, сыпаліся вакол як град; з вежы шпурнулі факел; ён бліснуў у паветры і ўпаў каля самай вады, ярка асвяціўшы ўсё кругом. Зрэшты, на шчасце Дзіка, факел падскочыў, перавярнуўся, плюхнуўся ў ваду і патух.

Аднак ён зрабіў сваю справу. Стралкі паспелі разгледзець і вярбу і Дзіка, які схаваўся ў галінах. І хаця Дзік, саскочыўшы на зямлю, з усіх ног пусціўся прэч, яму не ўдалося ўцячы ад стрэл. Адна страла закранула яго плячо, другая параніла ў галаву.

Боль падганяў яго, і Дзік пабег яшчэ шпарчэй. Ён выбраўся на роўнае месца і памчаўся ў цемры, не думаючы аб напрамку.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: