Стрэлы ляцелі за ім наўздагон, але хутка ён апынуўся па-за іх дасягальнасцю. Калі Дзік спыніўся і азірнуўся, ён быў ужо далёка ад замка Мот; аднак факелы, якія бязладна рухаліся на сцяне замка, усё яшчэ былі бачны.

Ён прыхінуўся да дрэва; кроў і вада струменіліся з яго вопраткі; ён быў адзін, без таварыша, зняможаны ад сінякоў і ран. Але ўсё ж яму ўдалося ўцячы ад смерці на гэты раз. За тое, што Джаана засталася ў руках сэра Дэніэла, ён сябе не дакараў; у гэтым быў вінаваты выпадак, папярэдзіць які было звыш яго волі; да таго ж ён не вельмі баяўся за яе лёс, — сэр Дэніэл жорсткі, але ён не асмеліцца кепска абыходзіцца з дзяўчынай высакароднага паходжання, магутныя заступнікі якой могуць заклікаць яго да адказу. Верагодней за ўсё, ён будзе старацца як можна хутчэй выдаць яе замуж за каго-небудзь са сваіх сяброў.

«Ну, — думаў Дзік, — да таго часу я яшчэ паспею ўтаймаваць гэтага здрадніка. Цяпер мне ўжо няма за што быць яму ўдзячным і я вольны ад усялякіх перад ім абавязацельстваў. Тады я магу варагаваць з ім адкрыта, а ў адкрытай вайне ў кожнага аднолькавы шанс на перамогу».

Пакуль жа ён знаходзіўся ў самым сумным становішчы.

Ён сяк-так брыў праз лес. Раны яго смылелі, вакол было цёмна, ногі чапляліся за густыя зараснікі, думкі блыталіся, і неўзабаве ён быў вымушаны сесці на зямлю і прыхінуцца да дрэва.

Калі ён ачуўся ад сну, падобнага на беспрытомнасць, ноч ужо змянілася перадсвітальнымі прыцемкамі. Халаднаваты ветрык шумеў у лістоце. Гледзячы спрасонку прама перад сабою, Дзік заўважыў, што на адлегласці прыкладна ста ярдаў ад яго штосьці цёмнае разгойдваецца ў галінах. Між тым у лесе пачало прыкметна святлець. Свядомасць Дзіка таксама праяснілася, і ён, нарэшце, зразумеў, што гэта чалавек, павешаны на суку высокага дуба. Галава павешанага была апушчана на грудзі; пры кожным парыве ветру цела яго разгойдвалася, а рукі і ногі тузаліся, як у цацачнага танцора.

Дзік з цяжкасцю падняўся на ногі; хістаючыся, хапаючыся за ствалы дрэў, ён падышоў да павешанага. Сук тырчаў прыблізна за дваццаць футаў ад зямлі, і бядак быў падняты сваімі катамі так высока, што Дзік не мог дастаць рукою нават да яго ботаў; твар яго ў дадатак быў закрыты капюшонам, таму Дзік ніяк не мог пазнаць, хто ён такі.

Дзік паглядзеў направа, налева і заўважыў, што другі канец вяроўкі прывязаны да ўкрытага кветкамі куста глогу, які рос пад густою засенню дуба. Юнак выцягнуў кінжал — адзіную сваю зброю — і перарэзаў вяроўку; труп з глухім стукам упаў на зямлю.

Дзік прыўзняў капюшон; гэта быў Трогмортан, ганец сэра Дэніэла. Недалёка ўдалося яму адысці ад замка! З-пад яго курткі тырчала нейкая папера, якую, відавочна, не заўважылі малайцы «Чорнай стралы». Дзік выцягнуў яе; то было пісьмо сэра Дэніэла да лорда Ўэнслідэла.

«Калі зноў будзе пераварот, — падумаў Дзік, — вось гэтым пісьмом я зняслаўлю сэра Дэніэла і, можа, нават прывяду яго на плаху». Ён сунуў паперу сабе за пазуху, прачытаў над мёртвым малітву і пабрыў далей праз лес.

Ён быў вельмі слабы і адчуваў сябе страшэнна стомленым; ногі ў яго падгіналіся; ад страты крыві ў вушах звінела, ён раз-пораз траціў прытомнасць. Доўга кружыўся і блудзіў Дзік, але нарэшце выйшаў на вялікую дарогу і апынуўся непадалёку ад вёскі Тэнстол.

Грубы голас загадаў яму спыніцца.

— Спыніцца? — паўтарыў Дзік. — Клянуся небам, я амаль падаю.

І ў пацвярджэнне сваіх слоў ён зваліўся на дарогу.

З гушчару выйшлі двое мужчын, абодва ў зялёных лясных куртках, абодва з лукамі, калчанамі і кароткімі мячамі.

— Лоўлес, — сказаў маладзейшы, — гэта ж сын Гары Шэлтана!

— Ага, Джон Помшчу-за-ўсіх будзе задаволены, — сказаў другі. — Э, ды ён пабываў у баі. На галаве ў яго рана, ён страціў нямала крыві.

— Плячо таксама прабіта, — дадаў Грыншыў. — Яму, відаць, здорава перапала. Як ты думаеш, хто гэта яго так адхвастаў? Калі хто-небудзь з нашых, дык няхай моліцца Богу: Эліс узнагародзіць яго кароткай споведдзю і доўгай вяроўкай.

— Падымай шчанюка, — сказаў Лоўлес. — Кладзі мне яго на спіну.

Закінуўшы Дзіка сабе на плечы і трымаючы яго за рукі, былы манах дадаў:

— Заставайся на варце, брат Грыншыў. Я дацягну яго адзін.

Грыншыў вярнуўся ў засаду каля дарогі, а Лоўлес марудна пабрыў уніз па схіле пагорка, несучы на плячах Дзіка, які так і не апрытомнеў. Сонца ўжо ўзышло, калі Лоўлес выбраўся на ўскраек лесу і ўбачыў за ярам вёску Тэнстол. Усё, здавалася, было спакойным, толькі з абодвух бакоў дарогі каля самага моста ляжалі стралкі; іх было чалавек дзесяць. Убачыўшы Лоўлеса з яго ношай, яны, як і належыць сапраўдным вартавым, нацягнулі лукі.

— Хто ідзе? — крыкнуў іх камандзір.

— Уіл Лоўлес, клянуся распяццем; і ты ведаеш мяне як свае пяць пальцаў, — адказаў расстрыга пагардліва.

— Скажы пароль, Лоўлес! — запатрабаваў камандзір.

— Ты дурань, і няхай паможа табе неба, — адказаў Лоўлес. — Хіба ты не пазнаеш мяне? Усе вы звар'яцелі на гульні ў салдацікі. Калі жывеш у лесе, трэба жыць па-лясному; і вось вам мой пароль: кукіш!

— Лоўлес, ты паказваеш кепскі прыклад. Скажы пароль, дурань! — крыкнуў камандзір.

— А калі я яго забыў? — сказаў Лоўлес.

— Хлусіш, не забыў; а калі забыў, я ўсаджу стралу ў тваё тлустае чэрава, клянуся небам! — адказаў камандзір.

— Бачу я, вы не разумееце жартаў, — сказаў Лоўлес. — Дык вось вам пароль: «Дэкуорт і Шэлтан», а вось і карцінка да гэтага пароля: Шэлтан у мяне на спіне, і я нясу яго да Дэкуорта.

— Праходзь, Лоўлес, — сказаў дазорца.

— А дзе Джон? — спытаў манах.

— Вяршыць суд і збірае чынш, быццам пан! — адказаў вартавы.

Так яно і было. Калі Лоўлес дайшоў да харчэўні, што стаяла ў сярэдзіне сяла, ён убачыў Эліса Дэкуорта, акружанага сялянамі сэра Дэніэла. Ён вельмі спакойна збіраў з сялян чынш і выдаваў ім распіскі ў атрыманні грошай. Відаць было, што сялянам гэта зусім не падабаецца, — яны выдатна разумелі, што ім давядзецца плаціць яшчэ раз.

Калі даведаўся, каго прынёс Лоўлес, Эліс зараз жа адпусціў сялян. Твар яго выказваў і жывое спачуванне, і трывогу; ён загадаў аднесці Дзіка ў задні пакой харчэўні. Там юнаку перавязалі раны і самымі простымі сродкамі прывялі яго ў прытомнасць.

— Мілы хлопчык, — сказаў Эліс, паціскаючы яму руку, — ты знаходзішся ў гасцях у сябра, які любіў твайго бацьку і ў памяць аб ім любіць цябе. Адпачні крыху, ты яшчэ не зусім апрытомнеў. А потым ты раскажаш мне ўсё, што з табой здарылася, і мы разам падумаем, як дапамагчы табе.

Гадзіны праз дзве, калі Дзік, усё яшчэ вельмі слабы, трошкі выспаўся, Эліс падсеў на яго ложак і папрасіў імем яго бацькі расказаць, як ён уцёк з Тэнстолскага замка Мот. У шырокіх плячах Эліса было столькі сілы, на смуглым твары столькі сумлення, у вачах столькі розуму і яснасці, што Дзік адразу яму падпарадкаваўся і падрабязна расказаў пра ўсе свае прыгоды за апошнія дні.

— Святыя аберагаюць цябе, Дзік Шэлтан, — сказаў Эліс, калі юнак скончыў. — Яны не толькі вывелі цябе жывым і здаровым з усіх бедаў і небяспек, але ў дадатак прывялі цябе да чалавека, які больш за ўсё на свеце хоча аказаць дапамогу табе. Будзь мне верны, — а я ўпэўнены, што ты чалавек верны, — і мы з табой даб'ёмся смерці паскуднага здрадніка.

— Вы збіраецеся ўзяць яго замак штурмам? — спытаў Дзік.

— Браць замак штурмам — гэта вар'яцтва, — адказаў Эліс. — У замку ён дужа моцны; у яго багата воінаў. Учора міма мяне праслізнуў цэлы атрад — той самы, з'яўленне якога цябе выратавала, — і цяпер сэр Дэніэл знаходзіцца пад надзейнай аховай. Не, Дзік, нам з табою і нашым слаўным лучнікам трэба як мага хутчэй выбрацца адсюль і пакінуць сэра Дэніэла ў спакоі.

— Мяне трывожыць лёс Джааны, — сказаў хлопчык.

— Лёс Джааны? — перапытаў Дэкуорт. — А, разумею, лёс гэтай дзяўчынкі! Абяцаю табе, Дзік, што калі пойдуць чуткі аб вяселлі, мы будзем дзейнічаць без прамаруджвання. А да таго часу мы ўсе знікнем, як цені на світанні. Сэр Дэніэл будзе глядзець на ўсход, будзе глядзець на захад і нідзе не знойдзе ворагаў; клянуся небам, ён вырашыць, што мы яму толькі прысніліся. Але нашы з табою чацвера вачэй, Дзік, будуць уважліва сачыць за ім, і нашы чатыры рукі — хай дапаможа нам святое анёльскае воінства! — адолеюць здрадніка.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: