З гэтымі словамі ён саскочыў у сад.

Было цёмна, як у магіле; ні ў адным акне не гарэла святло. Вецер пранізліва свістаў у голых кустах; прыбой з шумам навальваўся на бераг; болей нічога не было чуваць. Дзік асцярожна поўз наперад, блытаючыся ў прутах і намацваючы дарогу рукамі; нарэшце ў яго пад нагамі захрабусцеў гравій, і ён зразумеў, што выбраўся на алею.

Ён спыніўся, выняў з-пад плашча арбалет, зарадзіў яго і рашуча падаўся наперад. Алея прывяла яго да пабудоў.

Пабудовы былі старыя, напаўразбураныя; аканіцы на вокнах ледзь трымаліся; стайня была пустая, і дзверы яе расчынены насцеж; на сенавале — ні шматка сена, у жытніцы — ні зярнятка. Можна было падумаць, што тут ніхто не жыве, але ў Дзіка былі падставы не верыць першаму ўражанню. Ён працягваў агляд: заходзіў ва ўсе службы, спрабаваў адчыніць кожнае акно. Нарэшце, калі абышоў вакол, ён выбраўся да таго боку дома, які быў звернуты да мора; і сапраўды, у акне другога паверха бачылася слабае святло.

Ён крыху адышоў, і яму падалося, быццам па сцяне рухаюцца якіясьці цені. Ён тут жа ўспомніў, што ў стайні рука яго ў цемры наткнулася на лесвіцу; ён збегаў па яе не марудзячы. Лесвіца была вельмі кароткая, але, стоячы на верхняй прыступцы, Дзік дастаў рукамі жалезныя краты акна і, падцягнуўшыся, заглянуў усярэдзіну.

У пакоі знаходзіліся дзве жанчыны; адну з іх ён пазнаў адразу — гэта была пані Хэтч; другая — высокая, прыгожая, важная маладая лэдзі ў доўгай сукенцы, упрыгожанай вышыўкай, — няўжо гэта Джаана Сэдлі? Няўжо гэта яго лясны таварыш Джон, якога ён збіраўся адлупцаваць папругай?

Здзіўлены, ён апусціўся на верхнюю прыступку лесвіцы. Ніколі ён не думаў, што яго каханая такая цудоўная! Яго раптоўна ахапіла сумненне, ці можа яна яго кахаць. Але раздумваць было некалі. Зусім побач хтосьці ціха вымавіў:

— Тсс!

Дзік саскочыў з лесвіцы.

— Хто тут? — шэптам спытаў ён.

— Грыншыў, — гэтак жа ціха пачулася ў адказ.

— Што табе трэба? — спытаў Дзік.

— За домам сочаць, майстар Шэлтан, — адказаў разбойнік. — Не мы адны тут каравулім. Лежачы на сцяне, я заўважыў людзей, якія бадзяюцца ў змроку, і чуў, як яны ціхенька перасвістваюцца.

— Дзіўна! — сказаў Дзік. — Гэта людзі сэра Дэніэла?

— У тым жа і справа, што не, сэр, — адказаў Грыншыў. — Калі мяне не падманваюць вочы, у кожнага з іх на капелюшы белы значок з цёмнымі палоскамі.

— Белы з цёмнымі палоскамі? — перапытаў Дзік. — Клянуся небам, не ведаю я такога значка. У нашых мясцінах такіх значкоў няма. Ну, калі так, паспрабуем як мага цішэй выбрацца з гэтага саду; тут мы абараняцца не зможам. Дом, безумоўна, ахоўваюць людзі сэра Дэніэла, і ў мяне няма ніякай ахвоты трапіць паміж двух агнёў. Вазьмі лесвіцу; трэба паставіць яе на месца.

Яны аднеслі лесвіцу ў стайню і навобмацак дабраліся да сцяны.

Кэпер падаў ім зверху руку і зацягнуў на сцяну спачатку аднаго, потым другога.

Яны бязгучна саскочылі на зямлю і не парушалі маўчання, пакуль не апынуліся зноў у зарасніках жаўтазелю.

— Джон Кэпер, — сказаў Дзік, — бяжы на ўсю моц у Шорбі. Прывядзі сюды зараз жа ўсіх, каго зможаш сабраць. Мы сустрэнемся тут. Калі ж людзі разбрыліся ў розныя бакі і сабраць іх удасца толькі да світання, мы сустрэнемся дзе-небудзь бліжэй да горада, скажам, каля самага ўвахода ў яго. Я застануся тут з Грыншывам і буду сачыць за домам. Бяжы з усіх ног, Джон Кэпер, і няхай дапамогуць табе святыя! А цяпер, Грыншыў, — дадаў ён, калі Кэпер знік, — абыдзем вакол саду. Я хачу паглядзець, ці не падманулі цябе твае вочы.

Стараючыся трымацца воддаль ад сцяны і скарыстоўваючы кожнае ўзвышэнне і кожную западзіну, яны прайшлі ўздоўж дзвюх сцен саду і нікога не заўважылі. Трэці бок садовай сцяны цягнуўся ўздоўж берага, і, каб не падыходзіць да яе надта блізка, яны пайшлі па пяску. Нягледзячы на тое, што прыліў яшчэ толькі пачынаўся, прыбой быў такі моцны, а пясчаны бераг такі пляскаты, што Дзіку і Грыншыву пры кожнай хвалі даводзілася да костачак, а то і да калень апускацца ў салёную ледзяную ваду Нямецкага мора.

Раптам на белізне садовай сцяны ўзнікла, быццам цень, фігура чалавека, які рабіў абедзвюма рукамі нейкія знакі. Чалавек упаў на зямлю, але зараз жа крыху воддаль падняўся другі і паўтарыў тыя ж самыя знакі. Так, быццам бязмоўны пароль, гэтыя знакі абышлі вакол усяго абложанага саду.

— Яны добра каравуляць, — прашаптаў Дзік.

— Вернемся на сушу, добры майстар Шэлтан, — адказаў Грыншыў. — Тут няма дзе схавацца. Нас няцяжка ўбачыць: усялякі раз, калі наплыве хваля, нашы фігуры можна заўважыць на фоне белай пены.

— Ты маеш рацыю, — сказаў Дзік. — Хутчэй на сушу!

Раздзел II

Бой у змроку

Калі добра прамоклі і змерзлі, Дзік з Грыншывам вярнуліся ў зараснікі жаўтазелю.

— Малю Бога, каб Кэпер паспеў у самы час! — сказаў Дзік. — Калі ён вернецца не пазней як праз гадзіну, я пастаўлю свечку перад абразом святой Марыі Шарбійскай.

— Чаго вы так спяшаецеся, майстар Дзік? — спытаў Грыншыў.

— Як жа мне не спяшацца, дружа, — адказаў Дзік. — У гэтым доме жыве тая, якую я кахаю. А хто гэтыя людзі, што тайна падсцерагаюць яе ноччу? Канечне ж, ворагі.

— Калі Джон вернецца хутка, мы адразу расправімся з імі, — сказаў Грыншыў. — Іх тут не болей за сорак чалавек; я мяркую па тым, як рэдка расстаўлены ў іх вартавыя, і наш атрад з дваццаці чалавек разгоніць іх, быццам вераб'ёў. Аднак падумайце самі, майстар Дзік: ад таго, што яна з рук сэра Дэніэла трапіць у нашыя рукі, ёй горш не будзе. Цікава, канечне, даведацца, хто гэта за ёю віжуе.

— Я падазраю лорда Шорбі, — адказаў Дзік. — Калі з'явіліся гэтыя людзі?

— Яны падышлі, майстар Дзік, — сказаў Грыншыў, — ледзь вы пералезлі цераз сцяну. Не праляжаў я на сцяне і хвіліны, як раптам заўважыў першага з іх: ён асцярожна выпаўзаў з-за вугла.

Святло ў доме патухла яшчэ тады, калі яны брылі па хвалях, і цяпер немагчыма было ўгадаць наперад, ці хутка людзі, што акружылі сад, адважацца напасці на дом. З дзвюх бед Дзік выбраў меншую. Не дай Бог, калі Джаана трапіць у лапы да лорда Шорбі. Не, няхай ужо лепш яна застанецца ў сэра Дэніэла. І Дзік цвёрда вырашыў прыйсці на дапамогу акружаным, калі на дом будзе зроблены напад.

Але час ішоў, а на дом ніхто не нападаў. Кожную чвэрць гадзіны ўздоўж садовай сцяны перадаваліся ўсё тыя ж сігналы, быццам важак нападаючых хацеў пераканацца, ці не спяць яго вартавыя; вакол дома было спакойна і ціха.

Паступова да Дзіка пачалі падыходзіць падмацаванні. Задоўга да світання вакол яго ў зарасніках жаўтазелю сабралася ўжо каля дваццаці чалавек.

Дзік падзяліў іх на два няроўныя атрады; маленькі атрад ён узяў сабе, а камандзірам большага прызначыў Грыншыва.

— Слухай, Кіт, — сказаў ён Грыншыву, — пастаў сваіх людзей каля бліжэйшага рога садовай сцяны, якая выходзіць на бераг, і чакай, пакуль не пачуеш, што я пачаў напад з другога боку саду. Я хачу напасці на іх з боку мора, таму што там, верагодна, знаходзіцца іх правадыр. Астатнія разбягуцца. І няхай бягуць. Помніце, хлопцы: страляць не трэба — вы можаце трапіць у сваіх. Спадзявайцеся на свае мячы і толькі на мячы. Калі мы пераможам, я, як толькі вярну сабе свой маёнтак, кожнаму з вас дам па чырвонцу.

Самыя храбрыя і самыя ўмелыя ў ваенным рамястве людзі, што апынуліся сярод гэтых зламаных жыццём людзей — зладзеяў, забойцаў і збяднелых сялян, якіх склікаў да сябе Дэкуорт для ажыццяўлення сваіх помслівых задум, — добраахвотна выправіліся разам з Рычардам Шэлтанам у Шорбі. Ім надакучыла сядзець у горадзе, высочваючы сэра Дэніэла, і многія з іх пачалі ўжо бунтаваць і пагражалі пайсці. Цяпер жа, даведаўшыся, што іх чакае гарачая сутычка і, можа, нават здабыча, яны акрыялі духам і пачалі весела рыхтавацца да бітвы.

Яны скінулі свае доўгія плашчы; пад плашчамі ў іх былі зялёныя кафтаны, а ў іншых — трывалыя скураныя курткі; пад шапкамі многія з іх насілі жалезныя шлемы; узбраенне іх складалася з мячоў, кінжалаў, рагацін і тузіна бліскучых алебард. Такой зброяй можна было змагацца нават з рэгулярнымі войскамі феадалаў. Схаваўшы лукі, калчаны і плашчы ў кустах жаўтазелю, абодва атрады рашуча пайшлі наперад.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: