Праз два дні гарнізон замка Мот настолькі ўзмацніўся, што сэр Дэніэл рашыўся на вылазку і на чале сарака вершнікаў праехаў, не сустрэўшы супраціўлення, да вёскі Тэнстол. Ні адна страла не праляцела; ні аднаго чалавека не знайшлі ў лесе; мост нікім не ахоўваўся. Калі праехалі цераз мост, сэр Дэніэл убачыў сялян, якія баязліва глядзелі на яго з дзвярэй сваіх хатак.

Раптам адзін з іх, набраўшыся храбрасці, выйшаў наперад, зрабіў нізкі паклон і падаў рыцару якоесьці пісьмо. Сэр Дэніэл пачаў чытаць, і твар яго спахмурнеў. Вось што ён прачытаў:

«Каварнаму і жорсткаму джэнтльмену, сэру Дэніэлу Брэклі, рыцару.

Цяпер я ведаю, што вы вялі сябе каварна і подла з самага пачатку. Кроў майго бацькі на вашых руках; адмыць яе вам не ўдасца. Папярэджваю вас, што надыдзе дзень, калі вы загінеце ад маёй рукі. Папярэджваю вас яшчэ, што, калі вы паспрабуеце выдаць замуж высакародную даму панну Джаану Сэдлі, з якой я сам пакляўся ажаніцца, дзень гэты надыдзе хутка. Першы ваш крок да наладжвання яе вяселля будзе першым вашым крокам да магілы.

Рыч. Шэлтан»

Кніга трэцяя

МІЛОРД ФОКСГЭМ

Раздзел I

Дом на беразе

З таго дня, калі Рычард Шэлтан вырваўся з рук свайго апекуна, прайшло некалькі месяцаў. Нямала падзей, даволі важных для Англіі, адбылося за гэтыя некалькі месяцаў. Ланкастэрская партыя, якая амаль ужо загінула, зноў падняла галаву. Прыхільнікі Йоркскага дома былі разбіты, іх правадыр засечаны насмерць, і да зімы ўжо здавалася, што Ланкастэрскаму дому ўдалося ўзвысіцца над усімі сваімі ворагамі. Невялікі гарадок Шорбі-на-Ціле быў поўны ланкастэрскіх вяльможаў, што з'ехаліся з ваколіц. Былі тут і граф Райзінгэм з трыма сотнямі воінаў, і лорд Шорбі з дзвюма сотнямі, і сам сэр Дэніэл, магутны, як раней, разбагацелы ад новых канфіскацый; ён жыў ва ўласным доме на галоўнай вуліцы з шасцю дзесяткамі воінаў. Словам, адбыўся новы пераварот.

Быў цёмны студзеньскі вечар; дзьмуў вецер, мароз рабіўся ўсё мацнейшы; да раніцы можна было чакаць снегу.

У невялікай карчомцы, размешчанай у адным з завулкаў, што вялі ў гавань, сядзелі тры чалавекі, запіваючы элем наспех прыгатаваную яечню. Гэта былі дужыя здаровыя людзі з абветранымі тварамі, з моцнымі рукамі, са смелымі вачыма; і хаця яны былі апрануты, як простыя сяляне, нават п'яны салдат падумаў бы двойчы, перш чым пачаць з імі сварку.

Непадалёку ад іх перад ярка палаючым камінам сядзеў малады чалавек, амаль хлопчык; хаця ён таксама быў апрануты па-сялянску, відаць было, што ён чалавек добрага паходжання і варты насіць шпагу.

— Мне гэта не падабаецца, — сказаў адзін з тых, што сядзелі за сталом. — Усё скончыцца кепска. Тут не месца для вясёлых хлопцаў. Вясёлыя хлопцы любяць вёску, густы лес і каб вакол было не надта многа ворагаў; а горад імі кішма кішыць. І вось убачыце, раніцай яшчэ, як на бяду, снег пойдзе.

— А ўсё дзеля майстра Шэлтана, — сказаў другі і кіўнуў на юнака, які сядзеў перад агнём.

— Я на многае згодзен дзеля майстра Шэлтана, — запярэчыў першы. — Але трапіць дзеля яго на шыбеніцу — не, братва, я не жадаю!

Дзверы карчмы расчыніліся; якісьці чалавек забег у пакой і падышоў да юнака, што сядзеў перад агнём.

— Майстар Шэлтан, — сказаў ён, — сэр Дэніэл выйшаў з дому з двума факельшчыкамі і чатырма стралкамі.

Дзік (то быў наш юны друг) адразу падхапіўся.

— Лоўлес, — сказаў ён, — ты зменіш Джона Кэпера на назіральным пасту. Грыншыў, ідзі за мною. Кэпер, вядзі нас. Мы не адстанем ад сэра Дэніэла ні на крок, хоць бы ён ішоў да самага Йорка.

Праз імгненне ўсе пяцёра былі на цёмнай вуліцы. Кэпер — так звалі новапрыбыўшага — паказаў ім два факелы, якія трапяталіся ўдалечыні ад ветру.

Горад ужо моцна спаў; непрыкметна рухацца за маленькім атрадам па пустых вуліцах было зусім няцяжка. Факельшчыкі крочылі наперадзе; за імі ішоў чалавек у доўгім, раскрыленым на ветры плашчы; ззаду крочылі стралкі, трымаючы лукі напагатове. Па крывых, заблытаных завулках яны хутка рухаліся да берага.

— Ён кожную ноч ходзіць у той бок? — шэптам спытаў Дзік.

— Трэцюю ноч запар, майстар Шэлтан, — адказаў Кэпер. — І кожны раз у адзін і той жа час; і заўсёды з вельмі маленькай світай, быццам хоча, каб аб гэтым ведала як найменш народу.

Сэр Дэніэл і яго спадарожнікі выйшлі на ўскраіну горада. Шорбі не быў абнесены сцяной, і, хаця ланкастэрскія лорды, што заселі ў ім, трымалі каравулы на ўсіх вялікіх дарогах, з яго можна было выйсці маленькімі завулачкамі або нават проста праз поле.

Завулак, па якім ішоў сэр Дэніэл, раптоўна скончыўся. Наперадзе ўзвышалася пясчаная дзюна, а збоку шумеў марскі прыбой. Тут не было ні вартавых, ні агнёў.

Дзік і абодва яго спадарожнікі амаль параўняліся з сэрам Дэніэлам. Гарадскія пабудовы скончыліся, і ўдалечыні яны ўбачылі факел, што рухаўся ім насустрач.

— Эге, — сказаў Дзік. — Тут пахне здрадай!

Тым часам сэр Дэніэл спыніўся. Факелы ўторкнулі ў пясок, а людзі леглі побач, быццам чакаючы кагосьці.

Тыя, каго яны чакалі, наблізіліся. Гэта быў маленькі атрад, які складаўся ўсяго з чатырох чалавек: двух стралкоў, слугі з факелам і джэнтльмена ў плашчы.

— Гэта вы, мілорд? — аклікнуў яго сэр Дэніэл.

— Але, гэта я. Я самы бясстрашны рыцар на свеце, таму што іншыя рыцары змагаюцца з веліканамі, чарадзеямі або язычнікамі, а я не збаяўся схапіцца з гэтым праклятым холадам, які страшней за ўсіх язычнікаў, разам узятых! — адказаў правадыр другога атрада.

— Мілорд, — сказаў сэр Дэніэл, — прыгажуня ўзнагародзіць вас за ўсе нягоды. Але ці не лепей выправіцца нам у шлях? Чым хутчэй вы ўбачыце мой тавар, тым хутчэй мы абодва вернемся дамоў.

— Навошта вы яе трымаеце тут, слаўны рыцар? — спытаў незнаёмец. — Калі яна такая маладая, такая цудоўная, такая багатая, чаму ж вы не дазваляеце ёй наведваць свет? Вы і замуж яе выдалі б намнога хутчэй і не рызыкавалі б адмарозіць сабе пальцы або нарвацца на стралу, разгульваючы ў цемры ў такую непрыдатную для прагулак пагоду.

— Я ўжо тлумачыў вам, мілорд, — адказаў сэр Дэніэл, — што прычыны, якімі я кіруюся, тычацца аднаго мяне. Не стану вам расказваць, у чым справа. Але калі вам надакучыў ваш стары прыяцель Дэніэл Брэклі, раструбіце ўсяму свету, што збіраецеся ажаніцца з Джаанай Сэдлі, і, даю вам слова, вы хутка ад мяне пазбавіцеся. Аб гэтым паклапоціцца страла, загнаная мне ў спіну.

Абодва джэнтльмены паспешліва крочылі па пустэльным полі. Перад імі неслі тры факелы, полымя якіх мітусілася на ветры, раскідваючы дым і іскры; стралкі замыкалі шэсце.

Дзік ішоў за імі ўслед; ён, канечне, не чуў ні слова з размовы двух джэнтльменаў, але ў незнаёмцы ён пазнаў старога лорда Шорбі, аб норавах якога расказвалі многа чаго кепскага; нават сэр Дэніэл і той не раз дакараў яго на людзях.

Яны выйшлі на бераг. У паветры пахла соллю; шум прыбою ўзмацніўся; тут, у вялікім садзе, акружаным сцяной, стаяў маленькі двухпавярховы домік з канюшнямі і іншымі службамі.

Факельшчык, які ішоў наперадзе, адамкнуў у сцяне брамку і, калі ўсе зайшлі ў сад, замкнуў яе з сярэдзіны на замок.

Такім чынам, Дзік і яго таварышы былі пазбаўлены магчымасці ісці далей; яны маглі б, канечне, пералезці цераз сцяну, але асцерагаліся трапіць у пастку.

Яны схаваліся ў зарасніках жаўтазелю і пачалі чакаць. Чырвонае святло факелаў увесь час рухалася за сцяною, — відаць, факельшчыкі старанна вартавалі сад.

Праз дваццаць хвілін абодва джэнтльмены выйшлі з саду. Далікатна раскланяўшыся, сэр Дэніэл і бароны пайшлі па дамах, кожны са сваёй світай і сваімі факеламі.

Ледзь вецер аднёс гук іх крокаў, Дзік паспешліва падхапіўся на ногі: ён вельмі змерз.

— Кэпер, падсадзі мяне на сцяну, — сказаў ён.

Яны ўтрох падышлі да сцяны. Кэпер нагнуўся. Дзік залез яму на плечы і забраўся на сцяну.

— Грыншыў, — прашаптаў Дзік, — лезь за мной; ляжы на сцяне плазам, каб цябе не заўважылі. Калі на мяне нападуць, ты мне дапаможаш.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: