— О лорд, вы вялікі жартаўнік! — адказаў Кандол і прымусіў сябе лісліва ўсміхнуцца. — Вам належыць патрабаваць, а мне належыць падпарадкоўвацца, і я, нягледзячы на ўсё маё няўменне, паспрабую напісаць абавязацельства.
— Шаноўны! — сказаў сэр Дэніэл. — Зараз ты напішаш на сорак. Хопіць! Ты хітрун, і маёмасць твая каштуе не семдзесят шылінгаў. Сэлдэн, прасачы, каб ён усё напісаў як трэба і каб подпіс яго быў правільна засведчаны.
І сэр Дэніэл, самы вясёлы рыцар у Англіі, глынуў духмянага элю і з усмешкай адкінуўся на спінку крэсла.
Хлопчык на падлозе варухнуўся, сеў і спалохана агледзеў пакой.
— Ідзі сюды, — сказаў сэр Дэніэл; і калі хлопчык, падпарадкоўваючыся яго загаду, падняўся і паволі падышоў да яго, ён зноў адкінуўся назад і гучна зарагатаў. — Клянуся распяццем! — крыкнуў ён. — Які мацак!
Хлопчык пачырванеў ад гневу, і ў цёмных яго вачах бліснула нянавісць. Цяпер, калі ён стаяў, цяжка было вызначыць яго ўзрост. Твар у яго быў свежы, як у дзіцяці, але выраз твару ўжо не дзіцячы; целам ён быў незвычайна тонкі і хадзіў трошкі нязграбна.
— Вы паклікалі мяне, сэр Дэніэл, — сказаў ён, — для таго, каб пасмяяцца над маім сумным становішчам?
— А чаму не пасмяяцца? — спытаў рыцар. — Будзь ласкавы, дазволь ужо мне пасмяяцца. Калі б ты мог бачыць сябе, ты першы засмяяўся б.
— Калі вы будзеце плаціць за ўсё, вы заплаціце і за гэта, — сказаў хлопчык, густа чырванеючы. — А пакуль смейцеся колькі вам заўгодна!
— Не думай, што я насміхаюся над табою, мілы браце, — адказаў сэр Дэніэл, перастаўшы смяяцца. — Гэта толькі жарты. Я ж проста жартую па-сваяцку, па-сяброўску. Я наладжу твой шлюб, атрымаю за яго тысячу фунтаў і буду вельмі цябе любіць. Праўда, я трошкі груба цябе ўкраў, але іншага выйсця не было. Аднак зараз я буду служыць табе ад усяго сэрца. Ты станеш місіс Шэлтан… не, лэдзі Шэлтан, клянуся небам, таму што хлопчык далёка пойдзе. Лухта! Няма чаго саромецца сумленнага смеху, смех разганяе смутак. Дурныя людзі ніколі не смяюцца, добры браце… Шаноўнейшы гаспадар, дай павячэраць майму братку, майстру Джону… Сядай, дружа, і еш.
— Не, — сказаў майстар Джон, — есці я не буду. Вы завабілі мяне ў грэх, і мне трэба падумаць аб сваёй душы… Добры гаспадар, будзь ласкавы, прынясі мне кубак чыстай вады; я табе буду шчыра ўдзячны.
— Ты атрымаеш адпушчэнне ўсіх грахоў, ліха цябе бяры! — крыкнуў рыцар. — Паспавядаешся — і справе канец! Еш і ні аб чым не трывожся!
Але хлопчык быў упарты: ён выпіў кубак вады, загарнуўся ў свой плашч, сеў у далёкі кут і змрочна задумаўся.
Пад раніцу ў вёсцы паднялася сумятня, пачуліся вокрыкі вартавых, зазвінела зброя, застукалі капыты; атрад коннікаў пад'ехаў да дзвярэй харчэўні, і Рычард Шэлтан, запырсканы гразёю, пераступіў праз парог.
— Няхай беражэ вас неба, сэр Дэніэл! — сказаў ён.
— Як? Дзік Шэлтан? — закрычаў рыцар. Хлопчык, які сядзеў у куце, пачуўшы імя Дзіка, з цікаўнасцю падняў галаву. — А дзе Бенет Хэтч?
— Вось вам, сэр рыцар, пакет ад сэра Олівера. Прачытайце, што ён піша, і ўсё даведаецеся, — адказаў Рычард, падаючы яму пісьмо свяшчэнніка. — І, калі ласка, паспяшайцеся, таму што трэба скакаць на ўвесь мах да Райзінгэма. На шляху мы сустрэлі ганца, які дужа спяшаўся з пісьмамі; ён паведаміў нам, што мілорду Райзінгэму пагражае паражэнне і ён чакае ад нас дапамогі.
— Як ты сказаў? Пагражае паражэнне? — перапытаў рыцар. — Ну не, тады мы будзем крукам сядзець тут, добры Рычард. У нашым няшчасным ангельскім каралеўстве хто цішэй едзе, той далей будзе. Кажуць, што марудзіць небяспечна, а па-мойму, больш небяспечна спяшацца. Запомні гэта, Дзік. Але перш дай мне паглядзець, што за жывёлу ты прыгнаў сюды. Сэлдэн, зачыні за мною дзверы на засаўку!
Сэр Дэніэл выйшаў на вясковую вуліцу і пры чырвоным святле факела агледзеў свае новыя войскі. Яго не любілі як суседа, не любілі як валадара, але тыя, хто змагаўся пад яго сцягамі, вельмі любілі яго як военачальніка. Яго рашучасць, яго выпрабаваная мужнасць, яго клопаты аб зручнасцях салдат, нават яго грубыя жарты — усё гэта падабалася смельчакам у латах і шлемах.
— Клянуся распяццем, — крыкнуў ён, — што за нікчэмныя сабакі! Адны выгнуліся, як лукі, другія худыя, як дзіды! Сябры, у час бітвы я пушчу вас наперад; такіх, як вы, берагчы не варта, сябры. Дайце мне разгледзець гэтага старога дурня на рабой здыхлі! Двухгадовы баран вярхом на свінні больш падобны на салдата, чым ты. А, Кліпсбі! І ты тут, стары пацук? Вось чалавек, якім я зусім не хачу даражыць! Ты паедзеш наперадзе ўсіх, а на грудзях у цябе будзе намаляваная мішэнь, каб варожыя стралкі не прамахнуліся. Дык вось, вырашана. Ты будзеш скакаць наперадзе і паказваць мне дарогу.
— Я пакажу вам любую дарогу, сэр Дэніэл, але толькі не тую, што вядзе да здрады, — бясстрашна адказаў Кліпсбі.
Сэр Дэніэл гучна зарагатаў.
— Нядрэнна сказана! — усклікнуў ён. — Язык у цябе добра падвешаны, чорт цябе вазьмі! Дарую табе твой жарт. Сэлдэн, накармі людзей і коней.
І рыцар вярнуўся ў харчэўню.
— Ну, дружа Дзік, пачынай, — сказаў ён. — Вось слаўны эль, вось свініна. Еш, а я пакуль пачытаю.
Ён разарваў пакет, прачытаў ліст і нахмурыўся. Некалькі хвілін ён сядзеў, раздумваючы. Потым Уважліва паглядзеў на свайго выхаванца.
— Дзік, — спытаў ён, — ты чытаў гэтыя паскудныя вершыкі?
Хлопчык адказаў, што чытаў.
— У іх згадваюць твайго бацьку, — сказаў рыцар, — і якісьці вар'ят абвінавачвае нашага няшчаснага балбатуна-свяшчэнніка ў тым, што ён забіў яго.
— Сэр Олівер з гэтым не згодны, — адказаў Дзік.
— Не згодны? — усклікнуў рыцар рэзка. — А ты не слухай яго! У яго язык без касцей, балбоча, нібы сарока. Я калі-небудзь у вольную хвілінку ўсё сам табе раскажу, Дзік. У забойстве твайго бацькі падазравалі нейкага Дэкуорта; але час быў смутны, і дамагчыся правасуддзя нам не ўдалося.
— Бацьку забілі ў замку Мот? — спытаў Дзік, і сэрца ў яго страпянулася.
— Паміж замкам Мот і Халівудам, — адказаў сэр Дэніэл спакойным голасам, аднак кінуў на Дзіка пахмуры, падазроны позірк. — Ну, еш хутчэй, — дадаў рыцар, — і павязеш маё пісьмо ў Тэнстол.
У Дзіка выцягнуўся твар.
— Прашу вас, сэр Дэніэл, — усклікнуў ён, — пашліце каго-небудзь з сялян! Дазвольце мне прыняць удзел у бітве. Я буду храбра змагацца!
— Не сумняваюся, — адказаў сэр Дэніэл і сеў пісаць ліст. — Але нас, Дзік, зусім не чакаюць воінскія ўшанаванні. Я буду сядзець тут, у Кэтлі, да таго часу, пакуль не стане зразумела, хто пераможа ў гэтай бітве, і тады далучуся да пераможцы. Не кажы, што гэта баязлівасць, Дзік; гэта — усяго толькі добры розум. Наша няшчасная дзяржава змучана бунтамі, кароль то на троне, то ў турме, і ніхто не можа ведаць, што будзе заўтра. Пустамелі і Ветрагоны змагаюцца на адным баку або на другім, а лорд Здаровы Сэнс сядзіць і чакае моманту.
З гэтымі словамі сэр Дэніэл павярнуўся да Дзіка спіной і, прысеўшы за другі канец стала, пачаў пісаць. Куточкі яго губ уздрыгвалі. Гісторыя з чорнай стралой вельмі затрывожыла яго.
Тым часам малады Шэлтан старанна еў. Раптам хтосьці крануў яго за руку, і над вухам у яго пачуўся шэпт.
— Не падавайце выгляду, што вы чуеце, прашу вас! — шаптаў чыйсьці голас. — Зрабіце мне паслугу, растлумачце, якой дарогай можна хутчэй даехаць да Халівуда. Малю вас, добры хлопчык, дапамажыце няшчаснаму, які трапіў у бяду, пакажыце мне шлях да выратавання.
— Ідзіце паўз ветраны млын, — адказаў Дзік таксама шэптам. — Сцяжынка давядзе вас да пераправы цераз Ціл. Там вам раскажуць, як ісці далей.
Ён нават галавы не павярнуў і зноў узяўся за ежу. Але куточкам вока ён заўважыў, як хлопчык, якога называлі «майстар Джон», асцярожна выслізнуў з пакоя.
«Ён ні трошкі не старэй за мяне, — падумаў Дзік. — І ён асмеліўся назваць мяне хлопчыкам! Ды калі б я ведаў, што са мной так размаўляе блазан, я б хутчэй павесіў яго, чым паказаў дарогу! Ну, ды я яго даганю дзе-небудзь у балоце і нацягаю за вушы!»
Праз паўгадзіны сэр Дэніэл уручыў Дзіку пісьмо і загадаў яму скакаць у замак Мот. А праз паўгадзіны пасля таго, як Дзік паехаў, у пакой уляцеў запыханы ганец мілорда Райзінгэма.