— Сэр Дэніэл, — сказаў ганец, — вы губляеце цудоўны выпадак заслужыць славу! Раніцай на світанні ўзнавілася бітва. Мы разбілі іх перадавыя часці і рассеялі правае крыло. Толькі цэнтр яшчэ трымаецца. У вас свежыя сілы, і вы можаце загнаць непрыяцеля ў раку. Што вы скажаце, сэр рыцар? Няўжо вы з'явіцеся апошнім? Гэта абняславіць вас.
— Я толькі што збіраўся выступіць! — закрычаў рыцар. — Сэлдэн, трубі паход! Сэр, я рухаюся за вамі. Большая частка майго атрада прыйшла сюды ўсяго дзве гадзіны назад, сэр. Што тут будзеш рабіць? Калі каня надта прышпорваць, ён здохне… Жыва, хлопцы!
У ранішнім паветры весела заспявала труба; воіны сэра Дэніэла збягаліся з усіх бакоў на галоўную вуліцу і строіліся перад харчэўняй. Яны спалі са зброяй у руках, не рассядлоўваючы коней, і праз дзесяць хвілін сто дзіданосцаў і лучнікаў, цудоўна аснашчаных і навучаных, стаялі ў страі гатовыя рушыць у бой. Амаль усе былі апрануты пад колер адзення сэра Дэніэла — цёмна-чырвоны з сінім, — і гэта надавала ім святочны выгляд. Тыя, хто быў лепш узброены, пастроіліся наперадзе, а ззаду ўсіх, у канцы калоны, размясцілася вартае жалю падмацаванне, што з'явілася напярэдадні вечарам. Сэр Дэніэл з гонарам агледзеў свой атрад.
— З такімі малайцамі не прападзеш! — сказаў ён.
— Воіны выдатныя, нічога не скажаш, — адказаў ганец. — Гледзячы на іх, я яшчэ больш шкадую, што вы не выступілі раней.
— На банкеце ўсё лепшае падаюць спачатку, а на полі бою — у канцы, сэр, — сказаў рыцар і ўскочыў у сядло. — Гэй! — закрычаў ён. — Джон! Джаана! Клянуся святым распяццем! Дзе яна? Гаспадар, дзе дзяўчынка?
— Дзяўчынка, сэр Дэніэл? — спытаў шынкар. — Я не бачыў ніякай дзяўчынкі, сэр.
— Ну хлопчык, дурань! — крыкнуў рыцар. — Няўжо ты не разгледзеў, што гэта дзеўка! На ёй цёмна-чырвоны плашч. Яна паснедала кубкам вады, помніш, нягоднік! Дзе ж яна?
— Ды выратуюць нас святыя! Вы называлі яе «майстар Джон», — сказаў гаспадар. — А я ж не здагадаўся… Ён паехаў. Я бачыў яго… яе… бачыў яе ў стайні гадзіну назад. Яна сядлала шэрага каня.
— Клянуся распяццем! — закрычаў сэр Дэніэл. — Дзеўка прынесла б мне пяцьсот фунтаў, калі не больш!
— Сэр рыцар, — з горыччу сказаў ганец, — пакуль вы тут крычыце аб пяцістах фунтах, вырашаецца лёс ангельскага трона.
— Добра сказана, — адказаў сэр Дэніэл. — Сэлдэн, вазьмі з сабою шасцёх арбалетчыкаў. Высачы яе і злаві. Я хачу, каб да майго вяртання яна была ў замку Мот, чаго б мне гэта ні каштавала. Ты адказваеш за гэта галавой!… Ну вось, сэр ганец, мы гатовы!
Войскі паскакалі рыссю, а Сэлдэн з шасцю воінамі застаўся пасярод вуліцы ў Кэтлі, акружаны дапытлівымі сялянамі.
Раздзел II
На балоце
Гадзіне а шостай майскай раніцай Дзік пад'ехаў да балота, цераз якое пралягаў яго шлях да замка Мот. Зіхацела блакітнае неба; вясёлы вецер дзьмуў шумна і роўна; крылы ветракоў шпарка кружыліся; вербы, схіленыя над балотам, калыхаліся пад ветрам і раптоўна святлелі, быццам пшаніца. Дзік усю ноч правёў у сядле, але сэрца ў яго было здаровае, цела моцнае, і ён бадзёра працягваў свой шлях.
Сцяжынка мала-памалу спускалася ўсё ніжэй, усё бліжэй да дрыгвы; дзесьці далёка ззаду на пагорку каля Кэтлі ўзвышаўся млын, і гэтак жа далёка наперадзе маячылі макаўкі Тэнстолскага лесу. З абодвух бакоў сцяжынкі калыхаліся вербы і чарот; лужыны пеніліся пад ветрам; здрадніцкая дрыгва, зялёная, як ізумруд, падсцерагала і заваблівала неасцярожнага вандроўніка. Сцежка ішла нацянькі цераз багну; гэта была вельмі даўняя сцежка. Яе праклалі яшчэ рымскія салдаты; з таго часу прайшлі вякі, і ў многіх мясцінах яе залілі гіблыя воды балота.
Калі ад'ехаў на мілю ад Кэтлі, Дзік наблізіўся якраз да такога месца; сцежка тут зарасла вербалозам і чаротам, і гэта хоць каго магло збіць з панталыку. Ды і дрыгва была тут шырэйшай, чым усюды; чалавек, мала знаёмы з гэтымі мясцінамі, лёгка мог трапіць у бяду. У Дзіка сціснулася сэрца, калі ён згадаў пра хлопчыка, якому так бесталкова растлумачыў дарогу. За сябе ён не турбаваўся; зірнуўшы назад, туды, дзе вёрткія крылы ветранога млына выразна чарнелі на блакітным небе, і наперад, на ўзвышэнне, пакрытае Тэнстолскім лесам, ён упэўнена паехаў напрамкі, хоць конь яго ступаў у вадзе па калена.
Палавіна дрыгвы ўжо была ззаду, і ён ужо бачыў сухую сцежку, што бегла ўгару, як раптам справа ад сябе ён пачуў усплеск вады і заўважыў шэрага каня, які да жывата праваліўся ў ціну і адчайна біўся, спрабуючы вылезці з яе. Быццам пачуўшы набліжэнне дапамогі, конь раптам пранізліва заржаў. Яго налітыя крывёю вочы былі поўныя вар'яцкага страху; конь валтузіўся ў дрыгве, і хмары насякомых кружыліся над ім.
«Няўжо няшчасны хлопчык загінуў? — падумаў Дзік. — Гэта яго конь. Слаўны шэры конь! Як самотна глядзіш ты на мяне, мілы! Я зраблю для цябе ўсё, што магчыма. Я не пакіну цябе марудна тануць, вяршок за вяршком!»
Ён нацягнуў арбалет і ўсадзіў у галаву каня стралу.
Здзейсніўшы гэтую поўную суровай міласэрнасці справу, Дзік рушыў далей. На душы ў яго было нявесела. Ён пільна глядзеў па баках, спадзеючыся знайсці хоць след таго хлопчыка, якога скіраваў на гэтую дарогу.
«Трэба было расказаць яму ўсё больш падрабязна, — думаў ён. — Баюся, што ён загінуў у балоце».
Раптам хтосьці аклікнуў яго па імені, і, зірнуўшы праз плячо, Дзік убачыў твар хлопчыка, які глядзеў на яго з чароту.
— Ты тут! — усклікнуў Дзік, спыняючы каня. — Ты так зашыўся ў чарот, што я ледзь не праехаў міма. Я застрэліў твайго каня; яго зацягнула ў дрыгву, і я збавіў яго ад пакут. Клянуся небам, калі б ты быў дабрэйшы, ты б сам яго прыстрэліў. Ну, вылазь. Тут цябе ніхто не пакрыўдзіць.
— Добры хлопчык, у мяне няма ніякай зброі; ды мне і не патрэбна зброя, таму што я ўсё адно не ўмею ёю карыстацца, — адказаў уцякач, выходзячы на сцяжынку.
— Як ты можаш называць мяне хлопчыкам? — крыкнуў Дзік. — Я, напэўна, старэйшы за цябе.
— Даруй мне, добры майстар Шэлтан, — сказаў уцякач. — Я зусім не хацеў цябе пакрыўдзіць. Наадварот, я хачу прасіць у цябе дапамогі, таму што я трапіў у бяду, збіўся з дарогі, згубіў плашч і свайго беднага каня. У мяне ёсць дубец і шпоры, а ехаць няма на чым. А галоўнае, — дадаў ён, агледзеўшы сваю вопратку, — я такі брудны!
— Лухта! — усклікнуў Дзік. — Падумаеш, выкупаўся — што ж тут такога! Кроў ран і бруд вандровак толькі ўпрыгожваюць мужчыну.
— Калі так, я аддаю перавагу мужчынам без упрыгожванняў, — адказаў хлопчык. — Але што мне рабіць? Прашу цябе, добры майстар Рычард, дай мне параду. Калі я не дабяруся да Халівуда, я загіну.
— Я дам табе не толькі параду, — сказаў Дзік, злазячы з каня. — Я дам табе свайго каня, а сам пабягу побач. Калі я стамлюся, мы памяняемся. Так будзе хутчэй.
Хлопчык сеў на каня, і яны рушылі ў шлях, міжволі замаруджваючы ход з-за куп'істай дрыгвы. Дзік крочыў побач з хлопчыкам, паклаўшы руку яму на калена.
— Як цябе завуць? — спытаў Дзік.
— Заві мяне Джон Мэтчэм, — адказаў хлопчык.
— А што табе трэба ў Халівудзе? — спытаў Дзік.
— Я ратуюся ад крыўдзіцеля, — сказаў Джон Мэтчэм. — Добры абат Халівуда заўсёды абараняе слабых.
— А як ты трапіў да сэра Дэніэла, майстар Мэтчэм? — спытаў Дзік.
— Ён захапіў мяне сілай, — адказаў Джон Мэтчэм. — Ён выкраў мяне з майго роднага дома, апрануў мяне ў гэты ўбор, вёз мяне так доўга, што ў мяне ледзь не разарвалася сэрца, насміхаўся так, што я ледзь не плакаў. А калі мае сябры пагналіся за намі, ён пасадзіў мяне да сябе за спіну, каб іх стрэлы траплялі ў мяне! Адна з іх параніла мне нагу, і цяпер я злёгку кульгаю. Але прыйдзе судны дзень, і ён заплаціць за ўсё!
— Ужо ці не спадзяешся ты трапіць у месяц з арбалета? — усміхнуўся Дзік. — Ён храбры рыцар, і рука ў яго жалезная. І калі ён здагадаецца, што я дапамог табе ўцячы, мне будзе блага.
— Бедны хлопчык! — сказаў Джон Мэтчэм. — Ён твой апякун, я ведаю. Паводле яго слоў, ён і мой апякун таксама. Ён, здаецца, купіў права на ўладкаванне майго шлюбу. Я ў гэтым дрэнна разбіраюся, але ў яго ёсць нейкая прычына мяне прыцясняць.