I ў гэты момант я адчуў рэзкi боль у сэрцы. Абедзвюма рукамi схапiўся за грудзi. Яна змянiлася з твару:

- Табе дрэнна?

На iмгненне я ўчапiўся за яе руку. Калi б якi чужы чалавек бачыў нас у той момант, то напэўна падумаў бы: "Вось дзе пара! I жыццё пражылi ў згодзе i еднасцi, i на старасцi адно без аднаго не могуць!.."

Я прашаптаў: "Нiчога. Мне ўжо лягчэй".

Напэўна, Iза рашыла, што вось i прыйшла тая хвiлiна, калi можна i трэба пагаварыць шчыра, адкрыта, але на гэта ў яе не было сiлы. Яна сама таксама задыхалася. А я хоць i быў хворы, але не здаўся, стараўся трымацца цвёрда, упэўнена. I не пазнаць было жонкi: хвароба знянацку падкасiла яе, яна ўся асунулася i калi i думала пра каго цяпер, то толькi пра дзяцей. Самой ёй было ўжо нiчога непатрэбна. Яна хацела штосьцi сказаць, падбiрала словы, крадком паглядала ў той бок, дзе стаялi дачка з унучкай: "Можа, адтуль прыйдзе падмога?.. - Не..." I зноў яе позiрк застыў на мне. Божа! Як шмат убачыў я ў гэтых няшчасных вачах! Тут i глыбокi адчай, i страшэнная знямога, i светлая спагада, i трапяткi сорам!.. Тое, што гаварылi ноччу дзецi, напэўна, паранiла i яе душу.

- Луi! Цяжка мне, трывожна. Не едзь адзiн!

Я адказаў, што, калi са мной здарыцца бяда ў дарозе, перавозiць мяне сюды не трэба.

Яна пачала прасiць мяне не рабiць такiх страшных намёкаў, а я адрэзаў:

- Навошта марнаваць грошы? Зямля на могiлках усюды аднолькавая.

- Вось бачыш, - уздыхнула яна. - Цяпер i я так лiчу. Няхай хаваюць, дзе захочуць... Калiсьцi ўсё прасiла, каб мяне пахавалi побач з Мары... Ды што цяпер засталося ад нашай Мары?

Лiшнi раз я пераканаўся, што для яе Мары была толькi прахам, жменькай костачак. Не пасмеў я гаварыць, што ўсе гэтыя доўгiя гады дзiцятка маё заставалася для мяне жывым, я чуў яго дыханне, i чысты жывы вобраз Мары не раз паўставаў перада мною ў гэтым сумным нялёгкiм жыццi.

Дарэмна Жэнеўева i Янiна выглядалi i чакалi мацi. Яна была такая стомленая... Можа, i зразумела яна нарэшце ўсю нiкчэмнасць той шматгадовай барацьбы, якую вяла яна супраць мяне? Жэнеўева i Хюбэр пад нацiскам сваiх дзяцей штурхалi супраць мяне гэтую старую жанчыну Iзу Фандадэж, якая была калiсьцi маёй нявестай i разам са мной удыхала ў сябе водар пiрэнейскiх начэй...

Хутка будзе паўстагоддзя, як мы ваюем адно з адным... I вось у гэты гарачы поўдзень абодва сапернiкi адчулi, што iх усё ж лучыць адна нiтачка, якая прадзецца старасцю... Мы ненавiдзелi адно аднаго, iшлi па жыццi рознымi пуцявiнамi, а сышлiся ў адным месцы... Далей ужо няма куды iсцi... Далей смерць... Ва ўсякiм разе для мяне. А ёй... ёй яшчэ заставаўся Бог... Уся людская марнасць, пажадлiвасць, штодзённая руцiна, усе клопаты, радасцi i беды яе разам адпалi, i цяпер нiчога не стаiць мiж ёю i Богам. Цi бачыць яна яго цяпер? Не, не бачыць. Засталася яшчэ адна перашкода - няздзейсненыя планы i патрабаваннi яе дзяцей. Iх сквапныя жаданнi перапаўнялi яе душу. Зноў даводзiлася шукаць, хiтраваць, пагражаць, лiслiвiць... Грашовы клопат, трывога аб здароўi дзяцей, iх намеры, iх прага да славы i багацця - нiкуды ад гэтага не падзенешся, i ўсё трэба пачынаць нанава, як нанава рашае школьнiк задачу, калi настаўнiк усё перакрэслiць i напiша: "Перарабiць".

I зноў яна глянула на алею. Там паходжвалi Жэнеўева i Янiна i нiбыта абразалi садовымi нажнiцамi сухiя галiнкi на кустах ружаў. Я сеў на лаўку, каб трохi аддыхацца, i доўга глядзеў услед жонцы, - яна iшла па алеi, нiзка апусцiўшы галаву, нiбы свавольнiк-падлетак, якi нарабiў бяды i iдзе на размову да строгага бацькi. Моцна парыла. Наблiжалася навальнiца. Шкада было глядзець на Iзу. Iшла яна цяжка, марудна: так ходзяць людзi, якiм кожны крок нясцерпная пакута. Мне нават пачулася, што яна прастагнала; "Ох, бедныя мае ногi!" I я падумаў, што нянавiсць памiж мужам i жонкай, якiя нямала разам пажылi на свеце, не такая неадольная, як iм здаецца...

Вось Iза падышла да дачкi i ўнучкi. Тыя, мусiць, пачалi яе папракаць. Нечакана яна павярнулася i пайшла да мяне. Расчырванелася, задыхалася, ледзьве дакульгала да лаўкi:

- Не магу я пераносiць такога надвор'я. I дыхаць не дае, i цiск мучыць... Паслухай, Луi, я... хацела ў цябе спытацца... Ведаеш, сама не свая... Нервы... Ты ж памятаеш... Суэцкiя акцыi... Мой пасаг... Мы з табой прадалi iх... А куды пайшлi тыя грошы?.. Ты ж тады сказаў мне падпiсаць яшчэ нейкiя паперы...

Я адказаў, што яна атрымала велiзарны прыбытак. Акцыi былi прададзены па самай высокай цане, i адразу ж пасля гэтага iх курс пачаў рэзка падаць. Я растлумачыў, якiя працэнтныя паперы купiў за атрыманыя грошы.

- Пасаг твой даў добры барыш. Усё аформлена на тваё iмя i пакладзена ў Вестмiнстэрскi банк. Сума зайздросная, нават калi ўлiчыць дэвальвацыю франка. Можаш быць спакойная. Дзецям да гэтага няма нiякай справы. Я - гаспадар сваiх уласных грошай i ўсяго таго, што я нажыў. Гэта маё. Але тое, што прыйшло з табой - гэта тваё. Дык iдзi супакой вунь тых анёлаў бескарыслiвасцi. Ах, як яны нас свiдруюць!..

Яна схапiла мяне за руку.

- За што ты iх ненавiдзiш? За што ты ўсю сваю сям'ю ненавiдзiш?

- Гэта вы мяне ненавiдзiце. Цi лепш сказаць, дзецi мае ненавiдзяць мяне. А ты... ты проста не заўважаеш мяне. Для цябе я iсную толькi тады, калi нервую цябе, наводжу страх...

- Мог бы дадаць яшчэ: "I калi мучу цябе..." Хiба я мала адпакутавала?

- Не трэба, Iза. Для цябе iснавалi толькi дзецi. Iх ты толькi i бачыла...

- А да каго ж мне было гарнуцца, як не да iх? Больш у мяне нiкога не было. Ты пакiнуў мяне, пачаў здраджваць мне, i паўгода не прайшло пасля вяселля. Сам усё ведаеш...

- Iза, дарагая, няўжо ты хочаш, каб я паверыў, нiбыта мае шашнi цябе хвалявалi... Хiба што, можа, закраналi тваё самалюбства. Маладыя жонкi вельмi ганарлiвыя...

Яна горка ўсмiхнулася.

- Ты як быццам i шчыра гаворыш. Падумаць толькi, ты нават не заўважаў...

Я ўвесь закалацiўся, - засвяцiлася надзея. I гаварыць неяк няёмка: калi тое было, сорак гадоў прайшло, патухлi ўжо даўно тыя пачуццi, а вось успомнiў - i затрапяталася надзея, што кахала яна мяне, а я i не ведаў... Ды не, цяпер ужо я не паверу.

- I нiколi ў цябе не вырвалася нi слова, нi крыку... Усё ў цябе забiралi дзецi.

Яна закрыла твар абедзвюма рукамi. Толькi цяпер, у гэты дзень, я заўважыў, якiя на iх цёмныя плямы i ўздутыя вены.

- Дзецi? Пра што ты гаворыш? З таго часу, як мы пачалi спаць у розных пакоях, я нiколi не клала iх з сабой, нават калi хварэлi. Усё чакала, усё спадзявалася, што прыйдзеш...


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: