- Я прыйшла запытацца ў цябе, Лявон.

- Пытай.

Ён чуць-чуць паказаў зубы ад штучнага смеху.

- Цi iсцi мне замуж? Да мяне адзiн сватаецца.

- Калi добры чалавек трапляецца, дык iдзi.

У яе была трохi надзея на нейкi iншы адказ яго, пасля ж гэтага яна прыкусiла губы i пайшла шпарка. Ён упэўнiў сябе, што добра зрабiў, напусцiў на сябе весялосць, выбраўся на пару дзён да таго самага стрэчнага брата. Цяпер ён увесь аддаўся аднаўленню сваёй паскубленай гаспадарскай мярлогi.

Амiля ж, можа, i на злосць Бушмару, паслухала яго рады. Чалавек знайшоўся не кепскi. Яна пайшла замуж праз месяцаў чатыры пасля апошняга свайго прыходу да Бушмара. Ад гэтага замуства яна нарадзiла сына.

IV

Бушмарава мацi яшчэ больш аслабела. Сярод ночы ён вымасцiў сядзенне ў возе i паехаў па брата. У полi як мае быць асталёўвалася вясна. Раннiя гаспадары пачыналi скародзiць.

Апаўночы было ў полi цёмна i холадна-парна. Бушмар выбiраўся з лагчын паволi. Паўз дарогу бялелi каморнiцкiя тычкi i межавыя слупы - яшчэ без самога гаспадара Бушмара вёска адцiснула яго да самага лесу i ўрэзалася ў яго паплавы.

Ужо ў наступныя днi пасля прыходу свайго ён спробаваў не паддавацца, але гаварыў ён толькi з самiмi суседзьмi - мець дачыненне да начальства, хоць i да самага малога, было для яго горш усялякай пакуты. Ён тады пачынаў заiкацца ад жадання выказаць усё як ёсць разам. Блытаў словы, нарэшце змаўкаў i пачынаў спачатку.

- Чаму гэта залезлi сюды? - сыпаў ён злоснаю гаворкаю i паказваў рукой на лес.

- А як жа? На тое абрэзка, - адказалi яму.

- Чаму гэта? - зноў перапытваў ён.

Маўчалi.

- Чаму гэта? Што, у мяне лiшняе ёсць, цi што? Можа, вы i на той бок лесу палезеце?

- Можа, i палезем.

- Хто арэнду плацiў, а хто палезе! Чаму гэта?

З братам яны прыехалi ў наступную ноч. Зноў бялелi каля дарогi межавыя слупы i тычкi.

- О, - паказаў рукой Бушмар.

- Але, - адказаў брат.

Больш яны нiчога пра гэта не гаварылi i ўехалi ў лес моўчкi.

Брат быў вельмi падобным да Лявона, але ростам быў яму, высокаму, па плячо ўсяго. Бушмар падстрыгаў вусы, а гэты падкручваў iх стрэлкамi ў бакi. Гаварылi яны адзiн з адным мала i без слоў вельмi добра разумелi адзiн аднаго.

Назаўтра зусiм парушыўся звычайны ход жыцця ў Бушмаравай сялiбе. Папаўднi Бушмару давялося iсцi ў вёску прасiць людской дапамогi. Сёй-той потым прыйшоў з вёскi. Прыйшоў стары Вiнцэнты, што ўмеў на памяць усялякую касцельную адправу. Труну рабiлi самi Бушмары, а Вiнцэнты малiўся з кантычак - пераспяваў колькi разоў "анёл панскi" i "Здровась Марыя", пасля труну ўдвух Бушмары завезлi ў мястэчка пад касцёл. Вярнулiся позна, а назаўтра сышлiся ўсе ў Бушмаравай чыстай хаце на жалобны абед. Вiнцэнты прыйшоў з жонкаю, за гаспадыню была Амiля. Бушмар дастаў людзям выпiць, перад абедам Вiнцэнты зрабiў жалобную адправу - заспяваў зноў "анёл панскi", усе падцягалi. Нават сам Бушмар падаваў свой, як з-пад зямлi, голас.

Спачатку быў цiхi настрой. Бушмараў брат, расчулены i ўзлагоджаны, успомнiў свайго хлапчука:

- Бывала, адна ўцеха была, прыедзеш дадому, распрагаеш каня, а ён пад нагамi трэцца, памагаць лезе. Часамi i крыкнеш на яго, i ўшчунеш, калi пасваволiць, але як памёр, дык сам палез бы лёг на яго месца, абы падняць яго.

На твары яго засвяцiлася чуласць. Жанкi заплакалi, уцёр слёзы i сам Бушмараў брат. Так прайшоў абед, а як выйшлi на ганак, каб разысцiся, той жа самы Бушмараў брат не сцярпеў:

- У мяне адрэзалi палавiну ўсяе зямлi, але я хоць толькi што на арэнду быў сеў, але ён!

Ён ткнуў пальцам на брата:

- О! Спрадвеку арэнду плацiў.

- Нiчога не зробiш, - сам жа адказаў брат.

- Чаму гэта не зробiш! - зароў Бушмар.

- Можа, што i зробiш, - хiтра сказаў Вiнцэнты.

V

Меркла ў лясах. Гусцiлася цёплае неба, адвячорак цадзiў паплаўныя туманы.

Рэчка ўлiлася ўжо ў свае берагi, цякла цiха-цiха. Магутнасць вясны жыла ў лясах i ў полi.

Бушмарава постаць чарнелася над рэчкаю.

Ён зноў быў адзiн. Брат паехаў дзён праз тры пасля матчынага пахавання. Бушмар жа яшчэ некалькi дзён, як выбiты з свае каляiны, не задумваўся нi над чым. Амiля каля яго чула сябе нiякава, кожны адвячорак пакiдала ў сялiбе яго аднаго, начаваць хадзiла ў вёску. Можа, таму, што ад Бушмара слова цяпер больш як калi цяжка было выцягнуць.

- Я пакiну служыць тут зараз, - сказала была раз Амiля.

Ён не пачуў цi так нiчога не адказаў.

На змроку высокая постаць узвышалася над рэкаваю лукою. Чалавек маўчаў, як i ўсё, што было навокал яго. Доўга стаяла высокая постаць. Змрок пагусцеў, неба яшчэ не запалiла зораў.

Чалавек азiрнуўся i пайшоў паволi назад. Храсткi яго носа варушылiся, бровы з'ехалi нiзка i зраслiся.

Маленькая жанчына iшла па траве. У руках яна несла чаравiкi, ад работы ружавеў твар. Яна iшла подбегам ад гумна. Вольнай рукою папраўляла валасы i глядзела кудысьцi паверх усяго. Яна напаткалася высокаму чалавеку. На адзiн момант вочы iх спаткалiся, але чалавек адвярнуўся i пайшоў на высокi ганак. Жаночая постаць прыгнулася ад таго ўзроку мужчыны, больш заспяшалася. От яна сядзiць на ганку i абуваецца. Марудзiць, абцiрае ногi аб мокрую траву, цiха навокал, нiкога нiдзе няма. Жанчына ўстала, яна ўжо гатова была iсцi.

- Дык я пайшла ўжо, заўтра на свiтаннi прыйду, - моцна гаворыць яна тое, што i кожны дзень у гэтую самую пору.

Але чамусьцi яшчэ марудзiць. Яшчэ нагнулася паправiць у чаравiку шнурок, шнурок нешта завязваецца доўга, раптам iрвецца, i яго трэба звязаць. Iдзе жанчына паволi, унурыўшы галаву, трымаецца роўна, як бы чуючы ўсё яшчэ на сабе той момантны зiрк.

Яна iдзе паўз разваленую пуню; пахне з яе прэлая салома i веснавая цвiль. Тут жанчына пайшла шпарчэй, але чалавек выбягае на ганак i моцна заве сабаку:

- Галас, Галас!

Жанчына бачыць здалёк, як цераз двор iмчыцца да гаспадара сабака, як сам гаспадар сыходзiць з ганка. Яна прыпыняецца i глядзiць: а можа, там здарылася што, яна ж тут усю гаспадынiну работу адна парабляе, можа, чаго i не дагледзела.

Чалавек жа адагнаў ужо ад сябе сабаку i iдзе цераз двор. От пайшоў ён шпарка. Яна вельмi павольна паварочваецца да дарогi i iдзе сабе: яна ж ужо развiталася - сказала, што пайшла.

За брамаю гарачая хада магутных ног дагнала яе. Яна не азiрнулася, але чула на сабе чужую буру. Тады з востраю, непераможнаю, пакутнаю i страшнаю радасцю пайшла шпарчэй, штосьцi бяздумна ўгадаўшы ў гэтым. I тады ж пачула, як схапiла яе тая чужая бура. Бушмаравы рукi ўзнялi яе высока, пад звярыным дыхам яго валасы з-пад хусткi казытнулi твар. Слабасць i раптоўны ўздым страсянулi яе. Разам з тым ласкавая хiтрасць прайшла па твары яе.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: