- Ты хвалiцца лепей кiнь!
Яму радзiлi Рыжкi.
Плёткi чуючы твае,
Падасiнавiк злуе.
На чырвоны твой язык
Скасурыўся Чашчавiк.
Табе ўсыплюць пад бакi
Калi-небудзь Казьлякi...
- Мне начхаць на вас, на бор!
Горда кажа Мухамор,
Калi бiцца - паглядзiм,
Хто паставiць на сваiм!
А, залёгшы у траве,
Ўсё падслухаў Муравей;
Там, дзе мох i дзераза,
Сыраежцы расказаў.
Ды ў зялёным у бары
Гэта чулi Камары,
Яны вестку разьнясьлi
Ўсiм Апенькам на зямлi.
А Ваўнянкам упаўднi
Раззванiлi Аваднi...
Болей, як вясной у жаб,
Было гутарак у Баб.
Аж прачнуўся на той крык
Пад яленцам Баравiк,
Дзе пад мохам, як парсюк,
Спаў, сагнуўшыся у крук.
I пачаў ён развадзiць,
Мудра радзiць i судзiць,
Расшумеўшыся мiж траў,
Навет галаву падняў...
Дзе мох сьцелецца рабы,
Iшлi дзецi па грыбы,
Асьцярожная рука
Падняла Баравiка.
Пайшлi ў кошык Казьлякi,
Сыраежкi i Рыжкi...
I на ўвесь зялёны бор
Рагатаў наш Мухамор.
I паказываў, крычаў,
Дзе схавалiся мiж траў
Падасiнавiк стары,
Дзьве Ваўняначкi-сястры...
Як пакiнулi ўсе лес
У вячорнай у iмгле,
Шышкай галаву падпёр,
Затужыў i Мухамор,
Што ня весела яму
Ў цёмным лесе аднаму;
Ў цёмным лесе, у бары,
Няма зь кiм пагаварыць.
Нат сьмяюцца упаўднi
З Мухамора Аваднi,
А зара як дагарыць,
Усё звоняць Камары
Ад сасны i да сасны,
Што ёсьць грыб - благi, дурны
Мухамор, эх Мухамор!..
Эх, сасновы цёмны бор!
Максiм Танк
ЗАЙЧЫ ДОМ
Пад ракiтавым кустом
Заяц збудаваў свой дом.
Ну i майстра, ну i дом
Вецер ходзiць там кругом.
Вокны мохам залажыў,
Дзьверы шышкамi прыкрыў.
Ну i заячы палац
Лес наўкол зь яго вiдаць!
Зьверху дом накрыўся сам
Нейкiм папаратнiкам.
Ну i цёплая страха
Не засьнеш без кажуха.
А калi засьнеш зiмой,
Дык завеяю лiхой
Забярэцца ў дом мароз,
Прабярэ цябе наскрозь.
Каб ад сьцюжы не сканаць,
Мусiць заяц ноч скакаць.
Ну i заяц, ну i дом
Пад ракiтавым кустом!
Максiм Танк
СЯРОД ЛЯСОЎ
НАДНЁМАНСКIХ
Сярод лясоў наднёманскiх,
Густога сасьняка
Жыла малая Верачка
Дачушка лясьнiка.
Яна дружыла з дрэвамi,
З птушынаю сям'ёй,
Зьвярынай усялякаю
I зь ягадай лясной.
Ды вось аднойчы восеньню
Лес, чуе, не пяе,
I стала ёй нявесела,
Сум агарнуў яе.
Шкада ёй ападаючых
Лiстоў i матылькоў,
Шкада ёй адлятаючых
У вырай журавоў.
I вось, пацешыць Верачку
Жучкi прыбеглi спрытныя,
Камарыкi гульлiвыя,
Мурашкi працавiтыя.
Гудуць, зьвiняць i раяцца.
Зь сьвiтаньня да начы,
Ня знаюць, як гаротнiцы
Ў бядзе дапамагчы.
Прыбеглi зайцы шэрыя,
Вавёрачкi гульлiвыя,
Бабры, лiсiцы, вожыкi,
Казулi палахлiвыя.
Паселi кругам, раяцца
Зь сьвiтаньня да начы,
Ня ведаюць, як Верачцы
Ў бядзе дапамагчы.
Усёй сям'ёй зьявiлiся
Цецярукi стракатыя,
Глушцы, вароны з совамi
Ды зь дзятламi насатымi.
Сядзяць на дрэвах, раяцца
Зь сьвiтаньня да начы,
Ня ведаюць, як Верачцы
Ў бядзе дапамагчы.
Пачуў пра гэта павучок.
Пытае: - што за гул?
Мо' я, сябры-таварышы,
Як-небудзь памагу?
- Ну, дзе табе! Маўчаў-бы лепш
Ты ў засенi лiстка,
Гавораць i сьмяюцца ўсе
З малога павучка.
I ён па павуцiначцы,
Пакрыўджаны, палез
Дамоў, пад лiст арэхавы,
У хмызьнякi, у лес.
А як настала ночанька,
Серп месяца зазьзяў,
Ён павуцiну тонкую
Хутчэй снаваць пачаў.
Ад кусьцiка да кусьцiка,
Мiж лапак i галiн,
Ад ёлкi да сасоначкi,
Ад неба да зямлi.
А потым зоры ясныя
З краплiстаю расой
Павесiў ён званочкамi
На павуцiнцы той.
Калi-ж прачнулася зара
I ветрык прыляцеў,
Лес залатымi струнамi,
Ажыўшы, зазьвiнеў.
На звон устала Верачка.
Сьцяжынаю лясной
Iдзе яна i дзiвiцца,
Што лес сьпявае зь ёй.
Кране рукой рабiны куст
Звон чуецца рабiнавы,
Кране яна калiны куст
Звон чуецца калiнавы.
А сонца струны павучка
Кране празрыстьм променем,
Заслухаешся, як гудуць
Лясы-бары над Нёманам.
Максiм Танк
КАЗКА ПРА МУЗЫКУ
Частка першая
За борам цёмным,
Вялiкiм,
Дзе, зачапiўшыся
За сасновы грэбень,
Калышацца сiняе неба,
Жыў сiрата Музыка.
Ня меў ён нi двара,
Нi гароду;
Толькi сярмяжку старую
Прыкрыцца калi ў непагоду
I жалейку жывую.
А iграў ён заўсёды
Весела.
Навет дрэва, пачуўшы яго,
Хоць-бы нiзка да долу
Галiны плакучыя
Зьвесiла,
Зашумiць, засьмяецца,
Атрасаючы пыл,
Закалышацца вецер,
I заскачуць,
Як зайцы,
На полi снапы.
А што ўжо казаць пра людзей!
Калi кажная песьня яго
Сiлы шмат дадавала,
Шмат будзiла у сэрцы надзей,
Беднякоў i сiрот сагравала...
Вось якi быў з Музыкi
Мастак-чарадзей!
Далёка,
Там, дзе сонца заходзiць,
А мо' i яшчэ далей,
Жыў цар у палацы вялiкiм.
Ён ня раз чуў ад розных
Бывалых людзей,
Што на сьвеце ёсьць
Гэткi Музыка.
Загадаў цар
Музыку таго прывясьцi
У палац, на царскiя вочы.
Прывядуць
Усiх азалоцiць,
А то - лепш i дамоў ня iсьцi...
Iшлi слугi цара дзень i ноч:
I пры сонцы,
I пры месяцы высокiм;
То лесам,
То полем,
То гарой,
То сухадолам глыбокiм.
Аж пачулi, нешта недзе грае,
Толькi дзе i хто
Ня вiдзяць,
Хоць iдуць
На дзiўны голас краем
Ужо цэлы тыдзень.
Адзiн кажа:
- Можа гэта здань?
Другi:
- Мо' трава сьпявае?
Толькi трэцi,
Прылажыўшы вуха,
Кажа:
- Братцы! тут зямля такая!..
Можа лепей пойдзем да ракi,
Дзе ля вадапою
Ловяць сонца рыбакi,
Ды спытаем,
Што такое?
Аж глядзяць
Насустрач iм iдзе
Ў лапцiках лазовых хлопчык
Невялiкi.
Вось паслы ў яго пытаюць:
- Дзе
У вас жыве такi Музыка?
Выняў жалейку ды заграў,
Толькi зазьвiнела рэха борам,
Разьвiлося шумам траў,
Высыпалi песьню слухаць зоры...
Тут усе пазналi, хто прад iмi.
Вось паслы i кажуць:
- Хоча цар
Адкупiць тваёй жалейкi чар
Разам зь песьнямi жывымi.
А Музыка кажа:
- Бедны мы.
Сам я голы, як калок у плоце.
Можа ваш багаты гаспадар