На адным канцы балота
Была хата жураўля,
На другiм канцы балота
Чапля шэрая жыла.
Надакучыла сiвому
Жыць самотна жураўлю,
Блукаць каля буралому
Па балотнаму гнiльлю,
Слухаць жаб неугамонных
Рогат, шум у трысьнiку,
Перагуды, перазвоны
Камароў у талаку.
Вось задумаў ажанiцца
Ды iз чапляй журавель
I пайшоў да маладзiцы
Па iмшарах, па дрыгве.
Ляпу-чапу, ляпу-чапу,
Журавель iдзе-брыдзе,
Празь сем дзён прыйшоў да чаплi
I гаворыць: - Добры дзень!
Цi ня хочаш за мяне ты
Выйсьцi замуж?.. - А яна
Кажа: - Што ты, - кажа, - гэта
Сабе выдумаў сп'яна?
Няпрыгожы, даўганогi,
Лепш iдзi, адкуль прыйшоў...
I пабрыў сваёй дарогай
Сумны журавель дамоў.
Ды адумалася чапля,
Што дарма за жураўля,
За балотнага суседа,
Яна замуж не пайшла.
Ляпу-чапу, ляпу-чапу.
Ў хату жураўля iдзе.
Празь сем дзён прыходзiць чапля
I гаворыць: - Добры дзень!
Цi ня возьмеш мяне ў хату?
Журавель ёй кажа: - Не!
Дзе з такой, як ты, чубатай,
Паказацца ў сьвеце мне?
Шыя выгнута вужакай,
Хараства нi ў чым няма
I убор твой анiякi,
I нягодная сама.
Калi чапля з хаты выйшла,
Журавель пашкадаваў,
Што пакрыўдзiў яе лiшне,
Што за жонку ня узяў.
Ляпу-чапу, ляпу-чапу,
Па дрыгве i па вадзе
Iзноў сватацца да чаплi
Журавель iдзе-брыдзе.
I так ходзяць яны ў сваты
Цэлы свой птушыны век,
I стаяць iх воддаль хаты
Па канцох балот i рэк.
Максiм Танк
КОНЬ I ЛЕЎ
Працаваў буланы Конь
У гаспадара,
З году ў год вазы вазiў
I зямлю араў.
А калi ён пастарэў
Ды нядужым стаў,
Гаспадар яго з двара
Праганяць пачаў.
Уздыхнуў i кажа Конь:
- Цi-ж, за шмат гадоў,
Я ў цябе не зарабiў
Чатырох падкоў?
Гаспадар зялеза ўзяў,
Падкаваў Каня.
I пайшоў буланы ў даль
На сустрэчу дня.
Ён iдзе, мурог скубе,
Лiст духмяны з дрэў.
Раптам бачыць: перад iм
Сам магутны Леў.
- Што-ж не кланяешся мне?
Грозна Леў спытаў.
- Ах, даруй мне, цар зьвяроў...
Конь так адказаў.
Выгнаў гаспадар мяне
Ў гэты раньнi час.
Я, галодны, скуб траву,
Не заўважыў вас.
- Усёроўна вiнават
Ты перада мной.
Паглядзi, - гаворыць Леў,
Што зраблю з табой.
Глыбу з крушнi ён схапiў
Ў кiпцюры свае
I так сьцiснуў, што вада
Пырснула зь яе.
- Ну, вядома, ў камнi ёсьць
Ад дажджоў, сьнягоў
Шмат вады, што цярушаць
Хмары на яго.
Дзiва большае было-б,
Кажа гэтак Конь,
Каб з гранiтнай глыбы мог
Высекчы агонь!
Кажа Леў Каню:
- Што мне значыцца дастаць
Нейкага агню!
Спрабаваў Леў высякаць
Iскры, ды дарма,
Толькi кiпцюры ступiў,
А агню - няма.
- Ну, цяпер твая чарга!
Кажа цар зьвяроў...
Тут у глыбу ўдарыў Конь
З чатырох падкоў.
Пад аблокi iскраў сноп
З громам паляцеў.
Аж ня знаў, як уцякаць,
Зь перапуду Леў.
Вось ляцiць ён, ледзь жывы,
А настрэчу Воўк.
Той пачаў цару зьвяроў
Кланяцца здалёк.
- Перастань ты, - кажа Леў,
Кланяцца да ног.
Я ня цар, бо Конь мяне
Сяньня перамог.
Воўк ня верыць: - Як, скажы,
Ты паддаўся, Леў,
Бо асiлкаў гэткiх я,
Пэўна, з сотню зьеў.
Толькi мне ты пакажы
Гэтага Каня.
Ад яго на'т i касьцей
Не пакiну я.
- Не хвалiся, - кажа Леў,
I ня сьмейся лепш:
Як убачыш ты Каня,
З страху сам памрэш.
Хочаш, я табе яго
Пакажу здалёк...
I пайшлi глядзець яны
Леў i шэры Воўк.
Толькi лес прайшлi, тут Леў
Кажа: - Бачу я
За пагоркам, на лугу,
Гэтага Каня.
Ты нiжэйшы ростам, Воўк,
Можа ня вiдаць?
Дай спрабую я цябе
Ды вышэй падняць.
I хоць асьцярожна Леў
Друга ў лапы згроб,
Але зiркачы ў таго
Вылезьлi на лоб.
- Што-ж ты дыхаць перастаў?
Запытаўся Леў.
Перш хвалiўся, а цяпер
З страху анямеў!..
Тут Леў бразнуў аб зямлю
Шэрага Ваўка
I да логвiшча свайго
Кiнуўся ўцякаць.
Гэта бачыў Гаспадар.
Рад быў дужа ён,
Што ад ворагаў яго
Выратаваў Конь.
Ён буланага вярнуў
Зноў у стайню - ў дом
I ўвесь век яго кармiў
Сенам ды аўсом.
Максiм Танк
ДЗЕД I ШЧУПАК
Было неба то сiняе, то ружовае,
А пад iм малая хатка рыбака.
I было, як неба, возера шырокае,
Шумела там заўсёды асака.
А ў глыбокай тонi жыў шчупак сярэбраны
З вострымi зубамi, хiтры, як купец.
Паляваў няраз за iм дзед стары iзь сеткамi,
Толькi дарма муцячы возерную медзь.
Часам ён засядзе за ракiтай зь вечара
I накрыша зораў - залатых зярнят.
Думае i цешыцца: на прыманку выплывеш,
Зораў не паласаваць ня уцерпiш, брат!
Ды памалу дрэмле дзед стары над возерам,
А ў глыбокай тонi слухае шчупак,
Як над сонным берагам, ноччу заварожаны,
Цiха барадаты захрапе рыбак.
Выплыве тады ён, серабрыста кружачы,
Цiха так, каб хвалi соннай ня збудзiць,
I з-пад сетак сiнiх вуснамi сьцюдзёнымi
Пачынае зоры дзедавы лавiць.
Перш ён зловiць Сiтца, а пазьней Мядзьведзiцу.
Вып'е сьцежку зорную вясьняных сноў,
Выцягне з-пад сетак абаранку месяца
I зноў, цiха кружачы, ападзе на дно.
I як толькi сонца ў барадзе сiвеючай
Азалоцiць пёршы серабрысты сьнег,
I як толькi вецер разнiцай за пазухай
Шчакатаць мяккiмi пальцамi пачне,
Дзед прачнецца спужаны, паглядзiць на возера
Усе зоры выпiў, вылавiў шчупак...
З гора замахае доўгiмi рукамi,
Быццам, папярхнуўшыся мукой, вятрак.
Ды пачне гразiць ён шчупаку азёрнаму,
Iдучы дарогаю празь сенажаць.
А кругом гамоняць кнiгаўкi i чэпiкi,
Рассыпае вецер жвiрам песьню жаб.
I здаецца дзеду, што сьмяецца возера,
У сонцы расьцьвiтаючы, як чырвоны мак,
Хiлiцца, хахоча асака зялёная,
Што яго, старога, ашукаў шчупак.
Максiм Танк
МУХАМОР
Баб'iм летам да зары
У зялёным гушчары,
Дзе мох сьцелецца рабы,
Паспрачалiся грыбы.
На ўвесь лес, зялёны бор,
Расхвалiўся Мухамор,
Што пад шапкай - маку цьвет
Ён дзяцюк на цэлы сьвет.
Боты, гузiкi гараць,
Яму пары не дабраць
Пад ялiнай, пад сасной
Нi багацьцем, нi красой.
Мог-бы сьмела быць паслом
Або навет i царом
Не сядзець век у траве
Ды разумнай галаве!