- Дык вы i дабiваецеся, каб яго арыштавалi? Я вас правiльна зразумеў? спытаўся Стравiнскi.
"Ён разумны, - падумаў Iван, - варта прызнаць, што i сярод iнтэлiгентаў таксама трапляюцца зрэдку разумныя. Гэта нельга адмаўляць!" - i адказаў:
- Правiльна! А як не дабiвацца, самi падумайце! А мяне сiлаю затрымалi тут, суюць лямпаю ў вочы, у ванне купаюць, пра дзядзьку Федзю распытваюць!.. А яго ўжо даўно на свеце няма! Я патрабую, каб мяне неадкладна выпусцiлi.
- Ну што ж, слаўна, слаўна, - адазваўся Стравiнскi, - вось усё i высветлiлася. Сапраўды, якi сэнс трымаць у бальнiцы здаровага чалавека? Добра. Я вас адразу ж выпiшу, калi вы мне скажаце, што вы нармальны. Не дакажаце, а толькi скажаце. Ну, вы нармальны?
Тут запанавала поўная цiшыня, i тоўстая жанчына, якая ранiцай даглядала Iвана, паглядзела на прафесара, як на бога, а Iван яшчэ раз падумаў: "Праўда, разумны".
Прапанова прафесара яму спадабалася вельмi, аднак перш чым адказаць яму, ён добра падумаў, наморшчыўшы лоб, i сказаў цвёрда:
- Я - нармальны.
- Ну вось i слаўна, - аблегчана ўздыхнуў Стравiнскi, - а калi так, то давайце думаць лагiчна. Возьмем ваш учарашнi дзень, - тут ён завярнуўся, i яму адразу ж падалi Iванаў аркуш. - У пошуках невядомага чалавека, якi назваўся чужаземцам, знаёмым Понцiя Пiлата, вы ўчора ўчынiлi наступнае, - тут Стравiнскi пачаў загiнаць доўгiя пальцы, пазiраў то на паперу, то на Iвана, павесiлi на грудзi iкону. Было?
- Было, - панура згадзiўся Iван.
- Упалi з плота, абабiлi твар. Так? З'явiлiся ў рэстарацыю з запаленаю свечкаю ў руцэ i ў адной бялiзне, а ў рэстарацыi збiлi некага. Прывезлi вас сюды звязанага. Адсюль вы тэлефанавалi ў мiлiцыю i патрабавалi прыслаць кулямёты. Потым паспрабавалi выкiнуцца з акна. Так? Спытаю: цi можна такiм чынам каго-небудзь злавiць цi арыштаваць? I калi вы чалавек нармальны, то самi адкажаце - нiколi. Вы хочаце пайсцi адсюль? Калi ласка. Але дазвольце запытацца, куды накiруецеся?
- Вядома, у мiлiцыю, - адказаў Iван i ўжо не гэтак упэўнена i цвёрда адчуваў сябе ад прафесарскага позiрку.
- Адразу адсюль?
- Угу.
- А на кватэру сваю не заедзеце? - хутка спытаўся Стравiнскi.
- Няма часу туды заязджаць! Пакуль я па кватэрах буду раз'язджаць, ён змыецца!
- Так. А што ж вы найперш скажаце ў мiлiцыi?
- Пра Понцiя Пiлата, - адказаў Iван Мiкалаевiч, i вочы ў яго затуманiлiся.
- Ну вось i слаўна! - усклiкнуў пакораны Стравiнскi i звярнуўся да таго, што быў з бародкаю, загадаў: - Фёдар Васiльевiч, выпiшы, калi ласка, грамадзянiна Бяздомнага ў горад. Але гэты пакой не займаць, бялiзну можна не мяняць. Праз дзве гадзiны грамадзянiн Бяздомны будзе зноў тут. Ну што ж, звярнуўся ён да паэта, - поспеху вам жадаць не буду, таму што ў поспех нi кропелькi не веру. Да хуткай сустрэчы! - I ён устаў, i свiта яго варухнулася.
- А чаму я буду зноў тут? - трывожна спытаўся Бяздомны.
Стравiнскi быццам i чакаў гэтага пытання, адразу ж сеў i загаварыў:
- А таму, што як толькi вы з'явiцеся ў мiлiцыю ў кальсонах i скажаце, што бачылiся з чалавекам, якi асабiста ведаў Понцiя Пiлата, - вас iмгненна прывязуць сюды, i вы зноў апыняцеся ў гэтым самым пакоi.
- Пры чым тут кальсоны? - разгублена азiраючыся, спытаўся Iван.
- Галоўным чынам Понцiй Пiлат. Але i кальсоны таксама. Казённае адзенне мы ж з вас здымем i выдадзiм ваша адзенне. А вас прывезлi ў кальсонах. А мiж тым заехаць дадому вы не збiраецеся, хаця я вам i намякнуў на гэта. Далей будзе Пiлат... i ўсё гатова!
Тут нешта страшнае адбылося з Iванам Мiкалаевiчам, i ён адчуў, што слабы, што яму патрэбна парада.
- Дык што ж рабiць? - спытаўся ён на гэты раз ужо нясмела.
- Ну вось i слаўна! - сказаў Стравiнскi. - Гэта рэзоннае пытанне. Цяпер я скажу вам, што з вамi здарылася. Учора вас нехта моцна ўразiў расказам пра Понцiя Пiлата i iншымi жахамi. I вось вы, нервовы, змучаны чалавек, пайшлi па горадзе з расказамi пра Понцiя Пiлата. Натуральна, што вас прымаюць за вар'ята. Ваш паратунак цяпер толькi ў адным - у поўным спакоi. I вам абавязкова трэба застацца тут.
- Але яго патрэбна злавiць! - з мальбою ўсклiкнуў Iван.
- Добра, але нашто ж самому бегаць? Запiшыце на паперы пра ўсе вашы падазрэннi i абвiнавачаннi гэтага чалавека. Няма нiчога прасцей, чым пераслаць вашу заяву куды трэба, i калi, як вы мяркуеце тут, ён злачынец, гэта высветлiцца даволi хутка. Але адна ўмова: не ператамляйцеся i старайцеся менш думаць пра Понцiя Пiлата. Цi мала чаго можна нарасказваць! Не ўсяму ж трэба верыць.
- Зразумеў! - рашуча заявiў Iван. - Прашу выдаць мне паперу i пяро.
- Выдайце яму паперу i кароценькi аловак, - загадаў Стравiнскi поўнай жанчыне, а Iвану сказаў: - Але сёння пiсаць не раю.
- Не, не, сёння, абавязкова сёння! - устрывожана ўскрыкнуў Iван.
- Ну добра, толькi не напружвайце голаву. Не атрымаецца сёння, атрымаецца заўтра.
- Ён уцячэ!
- Ды не, - упэўнена сказаў Стравiнскi, - ён нiкуды не ўцячэ, ручаюся. I памятайце, што тут вам памогуць, а без гэтага ў вас нiчога не выйдзе. Вы чуеце мяне? - раптам шматзначна сказаў Стравiнскi i ўзяў за абедзве рукi Iвана Мiкалаевiча. Ён трымаў за рукi, глядзеў проста ў вочы i паўтараў: - Вам тут памогуць... вы чуеце мяне?.. Вам тут памогуць... вам тут памогуць... Вам палягчае. Тут цiха, усё спакойна... Вам памогуць...
Iван Мiкалаевiч нечакана пазяхнуў, твар яго падабрэў.
- Ага, ага, - цiха сказаў ён.
- Ну вось i слаўна! - як i звычайна сказаў прафесар, закончыўшы гаворку, устаў. - Да пабачэння! - ён пацiснуў Iвану руку i ўжо на выхадзе завярнуўся да таго, з бародкаю, i сказаў: - Ага, i кiсларод паспрабуйце... i ванны.
Праз некалькi iмгненняў перад Iванам не было нi Стравiнскага, нi свiты. За рашоткаю ў акне пад паўдзённым сонцам красаваўся радасны i вясновы бор на другiм беразе, а блiжэй паблiсквала рака.
Раздзел 9
КАРОЎЕЎСКIЯ ШТУЧКI
Мiканор Iванавiч Босы, старшыня жыллёвага кааператыва дома No 302-бiс на Садовай вулiцы ў Маскве, дзе жыў нябожчык Берлiёз, быў у вялiкiм клопаце, пачынаючы з учарашняе ночы з серады на чацвер.
Апоўначы, як мы ведаем, прыехала ў дом камiсiя, у якой удзельнiчаў Жаўдыбiн, выклiкала Мiканора Iванавiча, паведамiла яму пра смерць Берлiёза i разам з iм накiравалася ў кватэру No 50.
Там былi апячатаны рукапiсы i рэчы нябожчыка. Нi Грунi, прыходзячай хатняй работнiцы, нi легкадумнага Сцяпана Багданавiча ў гэты час у кватэры не было. Камiсiя аб'явiла Мiканору Iванавiчу, што рукапiсы нябожчыка забяруць для разгляду, што жылплошча нябожчыка, гэта значыць тры пакоi (былыя ювелiршыны кабiнет, гасцёўня i сталоўка), пераходзяць у распараджэнне жыллёвага таварыства, а рэчы нябожчыка будуць захоўвацца на гэтай жылплошчы, пакуль не з'явяцца спадкаемцы.
Вестка пра Берлiёзаву гiбель разляцелася па ўсiм доме з нечуванаю хуткасцю, i з сямi гадзiн ранiцы ў чацвер Босаму пачалi тэлефанаваць, а потым i асабiста з'яўляцца з заявамi, у якiх былi прэтэнзii на жылплошчу нябожчыка. За тры гадзiны Мiканор Iванавiч атрымаў гэтакiх заяў трыццаць дзве штукi.
У заявах былi просьбы, грозьбы, паклёпы, даносы, абяцаннi зрабiць рамонт за свой кошт, указаннi на невыносную цеснату i немагчымасць жыць болей у адной кватэры з бандытамi. У лiку ўсяго iншага было забойчае па сваiх мастацкiх вартасцях апiсанне крадзяжу пельменяў, якiя паклалi проста ў кiшэню ў кватэры No 31, два абяцаннi скончыць жыццё самагубствам i адно прызнанне ў тайнай цяжарнасцi.
Мiканора Iванавiча выклiкалi ў пярэднi пакой у яго кватэры, бралi за рукаў, нешта шапталi, падмiргвалi i абяцалi не застацца ў даўгу.
Пакуты гэтыя цягнулiся да пачатку першай гадзiны дня, пакуль Мiканор Iванавiч проста не ўцёк са сваёй кватэры ў памяшканне ўпраўлення, але, калi ўбачыў, што i там яго падпiльноўваюць, уцёк i адтуль. Сяк-так адбiўшыся ад тых, хто iшоў следам па пятах цераз заасфальтаваны двор, Мiканор Iванавiч знiк у шостым пад'ездзе i ўзышоў на пяты паверх, дзе i знаходзiлася гэтая паганая кватэра No 50.
Пасля таго як адсопся на пляцоўцы, тоўсты Мiканор Iванавiч пазванiў, але яму нiхто не адчынiў. Ён пазванiў яшчэ раз i пачаў пад нос бурчаць i лаяцца. Але i тады яму не адчынiлi. Цярпенне ў Мiканора Iванавiча лопнула, ён дастаў з кiшэнi звязак дублiкатаў ключоў, якiя належалi домакiраўнiцтву, уладарнаю рукою адамкнуў дзверы i зайшоў.
- Гэй, работнiца! - крыкнуў Мiканор Iванавiч у прыцемку пярэдняга пакоя. Як цябе? Груня, цi што? Цябе няма?
Нiхто не адгукнуўся.
Тады Мiканор Iванавiч зняў з дзвярэй кабiнета пячатку, выняў з партфеля складны метр i ступiў у кабiнет. Ступiць-то ён ступiў, але ўражана спынiўся ў дзвярах i аж скалануўся.
За сталом нябожчыка сядзеў незнаёмы чалавек, худы грамадзянiн у клятчастым пiнжачку, у жакейскай шапачцы i ў пенснэ... адным словам, той самы.
- Вы хто будзеце, грамадзянiн? - спалохана спытаўся Мiканор Iванавiч.
- А-а! Мiканор Iванавiч, - закрычаў дрыготкiм тэнарком незнаёмы грамадзянiн, падхапiўся, прывiтаў старшыню гвалтоўным i нечаканым поцiскам рукi. Прывiтанне гэта зусiм не ўзрадавала Мiканора Iванавiча.
- Я прашу прабачэння, - загаварыў ён падазрона, - хто вы такi будзеце? Вы - асоба афiцыйная?
- Эх, Мiканор Iванавiч! - прыязна ўсклiкнуў незнаёмы. - Якое мае значэнне, афiцыйная асоба альбо неафiцыйная? Усё гэта залежыць ад таго, з якога пункту гледжання глядзець на прадмет, усё гэта, Мiканор Iванавiч, даволi хiстка i часова. Сёння я неафiцыйная асоба, а заўтра, глядзiш, афiцыйная! А бывае i наадварот, Мiканор Iванавiч. I як яшчэ бывае!
Разважаннi гэтыя нi ў якой ступенi не задаволiлi старшыню домакiраўнiцтва. Ён быў ад прыроды чалавек насцярожаны i таму прыйшоў да вываду, што чалавек, якi распiнаецца перад iм, i ёсць якраз асоба неафiцыйная, а дакладней валацуга.
- Ды хто вы такi? Як ваша прозвiшча? - усё суровей дапытваўся старшыня i нават пачаў наступаць на незнаёмага.